На Ашмяншчыне вывучаюць гісторыю

Главное

Удзельнік Першай сусветнай вайны, вядомы рускі пісьменнік Валянцін Катаеў сваё апавяданне-ўспамін “Пад Смаргонню’’ прысвяціў аднаму франтавому выпадку, які адбыўся з ім пад узгаданым горадам. Але свой твор ён пачаў з апісання іншай трагічнай падзеі: “”Пад Вердэнам загінуў батальён французскай пяхоты. Па ходу руху ён натрапіў на мінную галерэю саперніка і быў узарваны. З-пад засыпанай зямлі тырчала толькі некалькі штыкоў. Пасля французы ператварылі гэтую жахлівую брацкую магілу ў помнік: залілі яе бетонам і зрабілі надпіс. З бетону, сярод вянкоў з бляклымі трохкаляровымі стужкамі, коса тырчалі канцы заржавелых штыкоў’’.


Асэнсоўваючы гэтыя радкі твора, прыходзіць думка: а ці адбывалася падобная падземна-мінная вайна на руска-германскім фронце, што мы пра яе ведаем і якія напаміны пра яе захаваліся да нашага часу? Як вядома, пазіцыйны характар Першай сусветнай вайны прывёў не толькі да выкарыстання новых відаў зброі, але ўзнавіў ранейшыя спосабы барацьбы. На франтах разгарнулася нябачная на паверхні падземная вайна з выкарыстаннем падкопаў, пракладваннем лабірынтаў, тунэляў ці мінных галерэй, закладваннем тон узрыўчаткі пад варожымі фартыфікацыямі і падрывам ўмацаванняў саперніка. Барацьба з ворагам з-пад зямлі стала надзеяй на перамогу, але ёй не дадзена было спраўдзіцца.

Аднымі з першых пачалі даследаваць малавядомую старонку ваенных падзей мясцовыя краязнаўцы Н. Маркава і Ул. Лігута. Яны ўзнавілі гісторыю барацьбы за смаргонскую Залатую горку, у выніку якой рускімі сапёрамі былі пракладзены некалькі падземных тунэляў і праведзены тры падрывы мінных зарадаў. З цягам часу сталі вядомы новыя факты падземна-мінных атак на нашым участку фронту. Дзякуючы сталічнаму калекцыянеру рарытэтных ваенных фотаздымкаў і дакументаў У. Багданаву, знайшліся каштоўныя дадзеныя з нямецкага боку. Вядомы даследчык даў магчымасць пакарыстацца “”Гісторыяй 333-га пяхотнага палка’’, адкуль можна было даведацца, што з канца верасня 1915 года да пачатку верасня 1916-га гэты нямецкі полк знаходзіўся на крэўскіх пазіцыях, а яго тылавая частка трапіла на Ашмяншчыну. Апошнім часам на памежжы раёнаў былі знойдзены матэрыяльныя напаміны пра тую малавядомую падземную вайну, пра што і пойдзе гаворка.

Адна з першых падземна-мінных атак, а магчыма і самая першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбылася на поўдзень ад Крэва каля вёскі Навасёлкі. Упартая барацьба за мясцовы ўзгорак, які нямецкія картографы пазначылі на сваіх картах як “Рускі нос”, пачалася з канца верасня 1915 года. Справа ў тым, што лінія фронту ў гэтым месцы перакрэсліла раку Краўлянку, стратэгічны ўзгорак замацаваўся за рускай арміяй, а самі пазіцыі перайшлі на правы, заходні бераг ракі. Такім чынам стваралася вельмі небяспечная пагроза для немцаў. На працягу шасці месяцаў кайзераўцы беспаспяхова спрабуюць выбіць рускіх абаронцаў з вышыні. Зімою наступнага года яны змяняюць тактыку, пракладваюць падземныя мінныя галерэі і 13 (26 па н.ст.) сакавіка 1916 года праводзяць свой першы падрыў міннага зараду на “Рускім носе”.

У сваю чаргу рускія сапёры 20 (02.04) сакавіка 1916 года праводзяць контрмінную атаку і ўзрывамі двух камуфлетаў (узрывамі пад зямлёй зарадаў без стварэння варонак на паверхні) разбураюць падземную галерэю саперніка. Больш чым месяц немцы рыхтуюць новую падземную атаку і 27 (10.05) красавіка другі раз падрываюць мінны зарад на старым месцы. Па нямецкіх дадзеных, даўжыня варонкі ад паўторнага выбуху склала 30-40 метраў, а глыбіня дасягнула 10 метраў. Рускі бок у адказ праводзіць дзве свае мінныя атакі 3 (16) і 8(21) мая 1916 года, пры гэтым  варонка пашыраецца да 50 метраў. Падрыў рускага міннага калодзежа ў гэтых мясцінах, магчыма адзін з апошніх, адбываецца 21 (03.06) мая 1916 года.

Кожны раз пасля падрываў мінных зарадаў ідуць жорсткія баі за авалоданне і “вянчанне” варонкі. Удзельнічаюць у сутычках з нямецкага боку салдаты 333-га пяхотнага палка 89-й пяхотнай дывізіі, рускія пазіцыі абараняюць салдаты 191-га Ларга-Кагульскага палка 48-й пяхотнай дывізіі. Падземныя работы ў раёне Навасёлак выконваюць байцы 24-га сапёрнага батальёна пад камандаваннем палкоўніка Аляксея Андрэевіча Адо. За бліскучую арганізацыю як наступальнай, так і абарончай міннай вайны на гэтым участку фронту мужны афіцэр рускай арміі быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй.

Вызначыўся ў час начнога бою 03 (16) мая 1916 года пад Навасёлкамі падпаручнік 191-га пяхотнага Ларга-Кагульскага палка Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў. Загадам па Арміі і Флоце ён быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй за тое, што “пасля ўзрыву закладзенага сапёрамі горна, нягледзячы на знішчальны артылерыйскі, ружэйны і кулямётны агонь саперніка, кінуўся на чале 53-х ніжніх чыноў-ахвотнікаў да ўтворанай варонкі, заняў яе, адбіў атаку ворага ружэйным агнём і ручнымі гранатамі з вялікімі для яго стратамі, і затым прыняў кіраванне прыбыўшых на падтрымку ўзводам пяхоты, сапёрамі і мінёрамі, выканаў вянчанне варонкі і ўтрымаў яе за сабою”.

Па звестках, якімі падзяліўся ваенны гісторык Андрэй Каркотка з Вілейкі, сваіх загінуўшых таварышаў рускія салдаты хавалі на ваенных брацкіх могілках пры вёсцы Мікулеўшчына. У вайну там была пабудавана капліца, якая, на жаль, да нашага часу не захавалася.

Загінуўшых у час падземна-міннай барацьбы нямецкіх салдат пахавалі на вайсковых могілках у Барунах. Пра гэта нагадваюць некалькі пахаванняў салдат 333-га нямецкага палка, на бетонных надмагільных крыжах якіх пазначаны даты смерці, гэтыя даты супадаюць з часам правядзення мінных атак пад Навасёлкамі. Адначасова ў час пошуку былі высветлены некаторыя звесткі пра салдат рускай арміі, якія знайшлі свой апошні і вечны спакой на барунскіх вайсковых могілках. З пісьмовых крыніц стала вядома, што ў 48-ю пяхотную дывізію 24-га армейскага корпуса рускай арміі, разам з узгаданым 191-м пяхотным Ларга-Кагульскім палком уваходзілі 189-ы пяхотны Ізмаільскі і 192-і пяхотны Рымнікскі палкі, іх пазіцыі знаходзіліся дзесьці побач з ларгакагульцамі. Цяпер становяцца больш зразумелымі лічбы на некаторых надмагільных крыжах рускіх вайскоўцаў. Так, Васіль Нікалаеў служыў у 189-м палку, Пётр Логін, Г.Шамаюлаў і Дзмітрый Сарокін праходзілі службу ў 192-м палку. На адным са стандартных бетонных крыжоў пазначана: 4 невядомыя рускія салдаты”. Ніжэй указана, што яны з 192-га Рымнікскага палка і загінулі 12.8.1916 года. Магчыма, далейшы пошук праз Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў зможа высветліць некаторыя біяграфічныя звесткі кожнага салдата і абставіны іх смерці.

Напрыканцы мінулага года, у час наведвання захаваных слядоў ад тых далёкіх баталій пад Навасёлкамі, з цікавасцю агледзеў шматпакутную варонку мінных атак. Па сённяшні дзень яна знаходзіцца ў някепскім стане, толькі з цягам часу амаль зніклі земляныя валы вакол яе, апрацаванае поле падабралася да берагоў варонкі, а правал парос хмызняком. Але больш за ўсё на тым месцы ўразіў сціплы мемарыяльны знак каля кратэра, якім невядомыя рупліўцы пазначылі свае адносіны да былой падзеі. На звычайным драўляным слупку з фрагментамі калючага дроту прымацавана простая шыльдачка з надпісам па беларуску: “Тут у I сусветную вайну загінулі салдаты 191-га пяхотнага Лагра-Кагульскага палка. Вечная памяць“. Не сапсавала настрой нават блытаніна літар ў назве палка, дзе замест Ларга напісана Лагра. Калі знаходзяцца неабыякавыя людзі і сваімі справамі шануюць мінулае – памяць будзе жыць!

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *