Каб ведаць родную мову …

Главное

Дзве дзяржаўныя мовы, афіцыйна прынятыя ў нашай краіне, даюць кожнаму з нас права выбару. На якой мове вучыцца, на якой размаўляць, чытаць кніжкі — справа, здавалася б, асабістая. Але ж прыярытэт, на жаль, мы ў большасці аддаем мове рускай, што не можа не ўплываць на стан роднай мовы.


Аб тым, ці складана вучыцца па-беларуску і што для гэтага трэба, а таксама якіх намаганняў каштуе размаўляць на роднай мове, мы спыталі ў жыхароў нашага раёна, якія падзяліліся ўласным вопытам.

Вольга Коўзан з дачкой Каралінай:

— Аддаць дачку ў беларускамоўны клас у свой час нам прапанавала завуч сярэдняй школы №3 Галіна Мар’янаўна Яскель. Нейкай асаблівай розніцы, на якой мове будзе вучыцца дзіця, для нас, бацькоў, не было. Хаця без пэўных цяжкасцей (дзе ж іх не бывае!) не абходзіцца. Сама я заканчвала рускамоўную школу ў Вільні, таму з мяне дарадца не вельмі добры (усміхаецца). Караліне, якая ўжо другі год вучыцца ў беларускамоўным класе, дапамагае старэйшая дачка Эйвіля. Ёй вельмі падабаецца беларуская мова. Дзяўчаты з задавальненнем чытаюць беларускія кніжкі, любяць дзеці бываць і ў дзядулі з бабуляй у Крэйванцах. А там, вядома ж, размаўляюць можа і не на чыстай роднай мове, а хутчэй на трасянцы, але гэта дазваляе пашыраць слоўнікавы запас.

Дабівацца поспехаў у вучобе беларуская мова аніяк не мяшае. Сёлета Караліна паказала добры вынік на алімпіядзе па матэматыцы — заняла першае месца.

Канешне, час ад часу паяўляюцца незнаёмыя словы, за тлумачэннем якіх дачка звяртаецца да старэйшай сястры або ў школе да настаўніцы. Тры гадзіны беларускай мовы і тры літаратуры ў тыдзень дазваляюць даволі хутка пашыраць веды. Акрамя вывучэння непасрэдна мовы, нашы дзеці знаёмяцца з беларускай культурай: пабывалі ў Ашмянскім краязнаўчым музеі, наведалі пастаноўку беларускай батлейкі.

Трэба адзначыць, што я вучуся разам з дзецьмі. Так, Караліна «прынесла» з урокаў «сукенку», «спадніцу», «кропку, «коску» і шмат іншых нязвыклых беларускіх слоў. Мне здаецца, што пры жаданні — а яно ёсць! — усё ў нас атрымаецца.

Антон Анішкевіч, студэнт:

— У 2011 годзе я скончыў СШ № 2 г. Ашмяны, дзе атрымаў базавую адукацыю. Вучыўся ў класе беларускай мовы і літаратуры. Маё жаданне ведаць родную мову ўзнікла не знянацку. Спачатку мяне вельмі ўразіла малая колькасць беларускай мовы ў маім асяроддзі. Потым я пачаў вучыць вельмі спецыфічныя беларускія словы. Па натуры я індывідуаліст, таму ведаць мову сваіх продкаў — гэта маё асабістае перакананне. Але я не выключаю вялікага ўплыву асяроддзя — сяброў, аднагодкаў, настаўнікаў. Дарэчы, значэнне многіх беларускіх слоў я дазнаўся ад бацькоў і родзічаў.

Зараз вучуся на майстра будаўнічых работ у Маладзечанскім палітэхнічным каледжы.  Па-беларуску размаўляю досыць рэдка, але лічу, што на якой бы мове ты ні гаварыў, усё роўна пазнаюць, што ты беларус. Наогул ведаць беларускую мову немагчыма без добрай практыкі. Чытанне, на мой погляд — адзін з найлепшых варыянтаў. Нядрэнны дапаможнік — музыка. Часам слухаю беларускія гурты Н.Р.М., «Мроя».

Як ставяцца да маёй пазіцыі бацькі? Звычайна. Наконт сяброў, дык тут зусім цікава. У выніку майго беларускамоўнага перыяду жыцця я зрабіў выснову, што многія мае сябры не разумеюць цалкам, пра што я гавару. Я спрабаваў адказваць на занятках, тлумачыць сябрам нейкія пытанні па прадметах па-беларуску, калі яны да мяне звярталіся, але ўспрымалі яны гэтую інфармацыю даволі цяжка. Ды і самому не так ўжо лёгка спантанна падбіраць адпаведныя словы.

Лічу, што для таго, каб атрымаць чалавека, які валодае роднай мовай, патрэбны беларускамоўныя класы, нават школы з цалкам беларускай праграмай. Сёння ж, на жаль,  для многіх гарадскіх дзяцей родная мова накшталт замежнай. Разумееце, у чым тут справа: не кожнаму чалавеку патрэбна беларуская мова. Каб яна не была замежнай, трэба, каб ўсё асяроддзе чалавека было беларускамоўным. Чалавек — істота сацыяльная, і мова — адзін са сродкаў перадачы інфармацыі, і калі пераважным сродкам гэтай перадачы будзе руская мова (нічога не маю супраць яе), другая мова знікне з ужытку з-за празмернай складанасці пераключэння. Пры ўсім пры гэтым перакананы, што пераход на мову не павінен быць гвалтоўным, а толькі па добрай волі, свядома.

Франц Даўгашэй, пенсіянер:

— Беларуская мова ў нашай сям’і асноўная. І я, і жонка ведаем і рускую мову, і польскую, чытаем кнігі на іх, да месца ўжываем тыя ці іншыя словы і трапныя выразы. Але размаўляем больш па-беларуску. Гэтую традыцыю падтрымліваюць і ў сям’і малодшага сына, які жыве ў Мінску. Адзін дзень у тыдзень яны разам з дзецьмі размаўляюць і моляцца на роднай мове. Магчыма, таму ў унукоў няма праблем з яе разуменнем. Малодшы нават стаў пераможцам гарадской алімпіяды па беларускай мове, хаця вучыцца ў рускамоўным класе.

Як так склалася? Была цікавасць да роднай мовы ў нас, бацькоў. Значную ролю ў выхаванні нашых дзяцей адыграла і Тэрэза Раманаўна Івашкевіч, якая так таленавіта і па-майстэрску выкладала ў іх беларускую мову і літаратуру, неназойліва прывівала любоў да роднага слова.

Кнігі беларускіх аўтараў стараўся з любой камандзіроўкі прывозіць і я: то зборнік апавяданняў набуду, то казкі для дзяцей. Сам заўсёды захапляўся гістарычнай прозай. З задавальненнем чытаю і перачытваю Уладзіміра Караткевіча, вершы Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі, сачу за навінкамі літаратуры, творчымі знаходкамі сучасных аўтараў. З асаблівай асалодай перагортваю старонкі «Новай зямлі» Якуба Коласа. Геніяльных мастацкіх твораў вельмі шмат, узяць хаця б «Пана Тадэвуша» Міцкевіча альбо «Яўгенія Анегіна» Пушкіна. Але ніхто не можа параўнацца з дасціпнасцю Коласа, яго веданнем жыцця простага люду.

У пачатку 90-х, на хвалі другога адраджэння нацыянальнай ідэі, — я тады працаваў выкладчыкам у цяперашнім аграрна-эканамічным каледжы — спадзеючыся, што беларуская мова зможа кансалідаваць наш народ, апантаны, я пераклаў падручнік па эканоміцы і выкладаў гэты прадмет на роднай мове. Заўсёды было крыўдна, што мы саромеемся гаварыць па-беларуску, на прыгожай, чыстай, яскравай мове нашых бацькоў і дзядуль. Ну як можна лічыць сябе культурным, інтэлігентным чалавекам, адракаючыся ад сваіх каранёў?! Гэта грэх, калі хочаце.

Сучаснай моладзі вывучаць беларускую мову, канешне, складана, але, здаецца, што яшчэ больш — не хочацца гэтага рабіць. Зразумела, ёй няма на каго раўняцца. Хіба што на нас, старых. Да таго ж усе ВНУ вядуць выкладанне па-руску. Хаця калі ёсць жаданне — гэта не перашкода. Наш унук, дарэчы, збіраецца здаваць уступныя іспыты на беларускай мове.

Ведаеце, я кожны дзень, хоць і па-польску (так прывык), але малюся за Беларусь, за народ, нашу родную мову, вельмі хачу, каб яны былі моцнымі. Няхай Бог дапаможа беларусам!

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *