Унікальны храм-бліндаж

Главное

У мінулым годзе крэўскі краязнавец Аляксандр Камінскі падзяліўся цікавай інфармацыяй пра невядомы храм, які ў час Першай сусветнай вайны быў пабудаваны рускімі вайскоўцамі каля перадавых пазіцый фронта ў Ашмянскім уездзе. Ілюстраваны мастацка-літаратурны часопіс “”Іскры’’ ў публікацыі за 25 снежня 1916 года змясціў артыкул “”Храм-бліндаж’’ з чатырма фотаздымкамі знешняга і ўнутранага выгляду загадкавай франтавой царквы. З подпісаў пад фота можна даведацца, што гэты паходны храм быў асвечаны ў гонар Св.Мікалая, яго іканастас і начынне першапачаткова знаходзіліся ў царкве сяла С., а сам ён быў узведзены каля вёскі Д. на Ашмяншчыне.

Каб лепш уявіць гісторыю стварэння і выгляд культавай пабудовы, звернемся да тэкста артыкула: “У які-небудзь трохтыднёвы тэрмін, нібы ў казцы, вырас храм-помнік, які павінен быў нагадваць катакомбу, бліндаж. Здалёк цяжка вызначыць, што гэта царква: яна глыбока ўкапана ва ўзгорак і злілася з ім, не крануўшы кустоў, якія растуць на ім. Толькі ўваход у катакомбу, выкладзены дзікімі камянямі, якімі быў усыпаны адзін бок узгорка, і вытанчаныя, у стылі старажытных білібінскіх цэркваў і палацаў, ганак ды вежачкі на ўзгорку, што адпавядаюць купалам і ўвенчаны крыжамі, прыцягваюць увагу сваёй незвычайнай і своеасаблівай прыгажосцю. Сцены і выкладзены ўзор скляпенняў высечаны з неабчэсаных стройных соснаў. Цёмныя бліндажныя сцены падкрэсліваюць нечаканую белізну іканастаса. Гэты іканастас і царкоўнае начынне перанесены з паўразбуранай нямецкімі снарадамі царквы каля самай пазіцыі.

Сабраныя ў алтары аскепкі снарадаў, што апаганілі святыню, устаўлены ў рамы іканастаса і абразоў, прабітых гэтымі ж аскепкамі. Кідаецца ў вочы сваёй арыгінальнасцю панікадзіла, змайстраванае з калючага дроту і металічных кругоў з прыпаянымі да іх патронамі, якія паспяхова выконваюць нязвыклую для іх мірную місію ў якасці падсвечнікаў.

Кранальны і характэрны адзін кут храма, дзе сабраны сялянскія абразы: кут нагадвае сабой звычайную бажніцу сялянскай хаты беларуса…

Збудаваны пры дапамозе простай сякеры, пілы і лапаты нашым шэрым салдатам, які ўсё ўмее і ўсё зробіць і «не можа не ведаць», немудрагелісты, але прыгожы храм-катакомба з’яўляецца першым помнікам гэтай вайны”.

Прапаную сваё меркаванне наконт магчымага месцазнаходжання ўнікальнага і загадкавага храма-бліндажа. Нагадаю той факт, што ў Першую сусветную вайну Ашмянскі ўезд быў падзелены лініяй фронту на дзве часткі. Па розныя бакі гэтай мяжы супрацьстаяння трапілі 26 праваслаўных прыходаў з цэрквамі, якія, згодна з “Памятнай кніжкай Віленскай губерні за 1915 год”, існавалі на той час у павеце. З восені 1915 года лінія фронту ў гэтых мясцінах заставалася нязменнай на працягу ўсёй вайны. “Схема пазіцый 10 Арміі па стану на 20 лютага 1917 года” дае ўяўленне аб месцазнаходжанні святынь адносна франтавой перадавой. Беніцкая, Залеская, Лоская, Ціцінская, Валожынскія Іосіфаўская і Канстанціна-Аленінская, Дубінская, Гарадзілаўская, Груздава-Палачанская, Гародзькаўская, Забрэзская, Даўбенская, Славенская цэрквы заставаліся на рускім баку абароны. Ашмянская, Міхайлоўшчынская, Вішнеўская, Мікалаеўская, Трабская, Юрацішская і Гальшанская цэрквы трапілі ў акупаваную немцамі зону. Смаргонскія Праабражэнская і Міхайлаўская, Крэўскія Аляксандра-Неўская і Свята-Троіцкая, Бакшанская і Суцькаўская святыні апынуліся на самай мяжы руска-нямецкага фронту. Заўважу, што іншыя прыпісныя цэрквы, напрыклад Мысская, засталіся ў баку ад лініі фронту.

З усіх праваслаўных храмаў тагачаснай Ашмяншчыны толькі Суцькаўская царква па ўсіх прыкметах падыходзіць пад апісанне “паўразбуранай царквы сяла С.”. Таму цалкам верагодна, што ў разглядаемым артыкуле згадана былая ўніяцкая, а з 1839 года Суткаўская ці, на сучасны манер, — Суцькаўская Спаса-Праабражэнская царква.

З канца верасня 1915 года вайна ў гэтых мясцінах набывае пазіцыйны характар, лінія фронту замацоўваецца па дарозе Смаргонь-Крэва. Суцькаўскі храм становіцца перадавым пунктам рускай абароны. Яго сутарэнні прыстасоўваюцца пад перавязачны лазарэт, а на верхніх ярусах фасада ладзіцца назіральны пункт. Сістэматычны абстрэл нямецкай артылерыяй пагаршае стан культавай пабудовы, і таму прымаецца рашэнне перанесці царкоўнае начынне, якое захавалася, у больш бяспечнае месца. Як бачна з артыкула, такім месцам становіцца новазбудаваны храм-бліндаж.

Дзе ён мог быць? Напрыканцы мінулага стагоддзя ў час краязнаўчых вандровак ад старажылаў суцькаўскіх ваколіц некалькі разоў чуў наступную інфармацыю па нашай тэматыцы. У гады “Мікалаеўскай вайны” каля вёскі Дракі (цяпер гэта вёска Вясенняя Смаргонскага раёна) было пабудавана ў мясцовым пагорку падземнае збудаванне. У памяці аднаго з жыхароў захавалася звестка, што там рускімі салдатамі былі вырыты “катакомбы ладных памераў, частка якіх выходзіла на паверхню”. Другія выказвалі версію пра размяшчэнне ў гэтым пагорку артылерыйскага склада. Але гэты факт не выключае, што першапачаткова ў падземнай прасторы была ўладкавана праваслаўная царква. У час падрыхтоўкі да летняга наступлення 1917 года яе маглі часткова ці поўнасцю прыстасаваць для ваенных мэт, бо рыхтавалася маштабная армейская аперацыя.

Уважліва вывучыўшы здымак франтавога штотыднёвіка, можна знайсці паралелі ў выглядзе іканастаса храма-бліндажа і іканастаса Суцькаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. У вопісе маёмасці Суцькаўскага храма за 1893 год занатавана: “Іканастас прамой лініі ў чатыры ярусы, драўляны, белы, з разнымі пазалочанымі ўпрыгожаннямі. Царскія вароты разныя. На левым баку царквы кафедра для павучання люду – з шатамі і статуяй анёла, які трымае ў руцэ скрутак”. На фотаздымку алтара храма-бліндажа можна заўважыць, што ваенныя дойліды нават прымацавалі анёла на верх іканастаса.

Суцькаўская царква

Лёс помніка ў далейшым быў незайздросным. У 50-я ці 60-я гады мінулага стагоддзя на месцы пагорка быў распрацаваны кар’ер па здабычы жвіру, які канчаткова знішчыў матэрыяльныя напаміны пра загадкавы аб’ект Першай сусветнай вайны ў краі. А вось паўразбураная Суцькаўская царква, з выбоінамі ад куль і снарадаў на сваіх сценах, па сённяшні дзень нагадвае пра былыя віхуры ваенных падзей. Гэта адзіная святыня на ашмянскай зямлі, якая не адрадзілася ў пасляваенны час і ў знявечаным стане датрывала да нашых дзён. Абавязкова адзначыць, што яе рэшткі можна лічыць не толькі ўнікальным помнікам, але і сведкам той сусветнай вайны.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *