Геадэзічны пункт Дэбесі

Главное

Сёлета спаўняецца 10 год з моманту ўключэння Дугі Струвэ ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. На 29-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, якая праходзіла 15 ліпеня 2005 года ў Дурбане, было прынята гістарычнае рашэнне аб наданні такога статусу ўнікальнаму трансгранічнаму аб’екту, і з гэтага часу пачаўся новы адлік яго жыцця.

На геадэзічным пункце Тупішкі ў 2007 годзе адбылося адкрыццё шыкоўнага мемарыяльнага знака. У Гальшанскай сельскай бібліятэцы быў створаны віртуальны музей мерыдыяна Дугі Струвэ і абсталяваны музейны пакой, з’явіліся іншыя напаміны аб ім. Неаднаразовае знаёмства з помнікам праз газетныя артыкулы раёнкі, выхад папулярных друкаваных выданняў, тапаграфічных карт, паштовага блоку, манеты Нацыянальнага банка краіны, абсталяванне інфармацыйных банераў і ўказальнікаў прыцягнулі ўвагу грамадскасці да геадэзічнага аб’екта. Вельмі прыемна, што ўсе матэрыялы сталі запатрабаванымі, а праз пункт Тупішкі праляглі разнастайныя турыстычныя маршруты. Пажадана, каб і іншыя суседнія пункты Дугі Струвэ з цягам часу набылі такую ж вядомасць, як і геадэзічны пункт каля Гальшанаў. Сярод іх адзначу пункт Дэбесі, які па некаторых сваіх характарыстыках вылучаецца сярод геадэзічных пунктаў рэгіёна, заслугоўвае большай нашай увагі.

Як вядома, даследаванне Руска-Скандынаўскай Дугі пачалося выпадкова. Пасля Айчыннай вайны 1812 года ў Расійскай імперыі адчувалася вострая патрэба ў добрых картах мясцовасці. Таму ў 1816 годзе ваеннаму геадэзісту і тапографу, удзельніку Барадзінскай бітвы, палкоўніку Карлу Тэнеру (1783 — 1860) было даручана прыступіць да сістэмнай трыангуляцыі заходніх тэрыторый імперыі. Пачынае ён іх з Віленскай губерні, тым самым закладваючы пачатак градусных вымярэнняў ва ўсёй Расіі. Калі пра вымярэнні даведаўся акадэмік і першы дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі Васіль Струвэ, які аналагічныя вымярэнні праводзіў ў Ліфляндыі, у яго ўзнікла ідэя абодва даследаванні з’яднаць. Так з’явіўся маштабны праект па вымярэнні Руска-Скандынаўскай Дугі, пазней пераназванай ў яго гонар.

Карл Тэнер

У час трыангуляцыйных здымкаў Віленскай губерні паплечнікі К.Тэнера ў нашым краі закладваюць пункты Дэбесі, Тупішкі і Лойцы. Самыя першыя градусныя вымярэнні пачынаюцца ў красавіку 1820 года менавіта з сігнала Дэбесі, потым у маі працягваюцца ў Тупішках, а ў чэрвені адбываюцца ў Лойцах. З пісьмовых крыніц, у тым ліку з восьмай часткі “Запісаў ваенна-тапаграфічнага дэпо” за 1843 год, стала вядома дакладная дата вымярэння вуглоў паміж сігналамі, якія можна было бачыць з гэтага геадэзічнага пункта. Трыангуляцыйныя здымкі выканала 29 і 30 красавіка 1820 года другое аддзяленне ваенных геадэзістаў у складзе падпаручніка Генеральнага штаба Дзітмарса і 17 радавых піянераў. На той час вышыня дэбескай вышкі-сігнала складала 5,14 сажня (1 сажань = 213,36 см), для вымярэнняў быў выкарыстаны паўторны круг Баўмана і адзін малы тэадаліт. Адначасова былі вызначаны каардынаты трохвугольнікаў другога і трэцяга класа ўнутры сеткі. Паўторныя вымярэнні на гэтым пункце “ў ціхае і не вельмі яснае надвор’е” і з новай вышкі-сігнала ў 5,40 сажня” адбыліся 10 чэрвеня 1827 года.

У гэтым годзе з Дэбесей можна было назіраць сігналы на геадэзічных пунктах Тупішкі, Лойцы, Гарані, Гінькаўшчына, Конрады, Некрашуны і Меднікі. Сёння Тупішкі і Лойцы знаходзяцца на тэрыторыя Ашмяншчыны, Гарані і Гінькаўшчына — на Смаргоншчыне, Конрады і Некрашуны — на Астравеччыне, пункт Меднікі належыць суседняй Літоўскай Рэспубліцы. На той час з усіх пунктаў Дугі Струвэ, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, толькі з гэтага ашмянскага пункта можна было назіраць найбольшую колькасць іншых геадэзічных сігналаў.

З даўніх часоў у гэтай ашмянскай мясціне людзі заўважылі адну цікавую акалічнасць. Воблака, сустрэўшы на сваім шляху перашкоду ў выглядзе прыроднага ўзвышша, быццам прыціскаецца тут да зямной паверхні і амаль сустракаецца з ёю. З літоўскай мовы слова “дэбесі” перакладаецца як “воблака, хмара”, таму становіцца зразумелым, чаму старажытныя насельнікі гэтай мясціны маглі назваць сваё паселішча такім тапонімам.

На сённяшні дзень гэты пункт Руска-Скандынаўскай Дугі сумешчаны з пунктам дзяржаўнай геадэзічнай сеткі Беларусі і пазначаны адпаведным знакам на мясцовасці. На сучасных тапаграфічных картах мае выгляд трохвугольнага значка з адзнакай вышыні ў 308 метраў над узроўнем мора. Пасля Мілідаўскай і Цюпішскай гары геадэзічны пункт Дэбесі з’ўляецца трэцяй найвышэйшай кропкай Ашмянскага ўзвышша.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *