Ашмянцы сустрэліся са звяздоўцамі

Культура

Ёсць людзі, сустрэчы з якімі цёплыя і шчырыя. Такія спатканні заўсёды чакаеш як свята, бо менавіта яны пакідаюць пасля сябе добрыя ўспаміны. Ёсць людзі, якія змушаюць, здавалася б, простыя словы гучаць паіншаму


Ад іх неверагоднага таленту, ад іх радкоў і фотаздымкаў пераймае дыханне, а сэрца ў грудзях б’ецца мацней. Здавалася б, проста вершы, проста фота, але ў іх можна ўбачыць неабсяжны свет. Сустрэча з творчымі, захопленымі сваёй справай журналістамі газеты “Звязда” была напоўнена сардэчнасцю, добрымі вершамі, жартамі і толькі станоўчымі эмоцыямі.

У апошнія дні студзеня  ў Дакурнішскую сярэднюю школу прыехалі вядомы  журналіст і пісьменніца Валянціна Доўнар і фотакарэспандэнт газеты “Звязда” Яўген Пясецкі. Імпрэза распачалася ў актавай зале школы, дзе сабраліся не толькі настаўнікі, але і чытачы перыядычнага выдання. Нагода для прыезду на Ашмяншчыну добрая: начальнік аддзялення пошты ў Дакурнішках, падпісчыца газеты “Звязда” Тэрэса Іосіфаўна Лукашэвіч выйграла тэлевізар.

Дарэчы, гэта не першы выйгрыш прыхільніцы газеты — у гаспадарцы ёсць чайнік і вуда, якія падарылі іншыя выданні. “Звязду” Тэрэса Іосіфаўна выпісвае пяць гадоў. Яна расказала, што вельмі любіць пагартаць старонкі гэтага выдання, бо там апантаныя журналісты змястоўна пішуць пра розныя сферы жыцця.

— Газета даволі цікавая, у ёй ёсць  тое, што патрэбна ў паўсядзённым жыцці. Мне даспадобы  рубрыка “Хатняя энцыклапедыя”, — распавяла Тэрэса Лукашэвіч. — На Ашмяншчыне газету любяць і выпісваюць.

Творчую сустрэчу Валянціна Аркадзьеўна распачала са знаёмства з выданнем і рэдакцыйнай калегіяй.  Яна расказала, што “Звязда” амаль заўсёды выходзіла на беларускай мове. Але Валянціна Доўнар зазначыла, што людзі часта цікавяцца і нават абурана пытаюцца, чаму газета на беларускай мове, а назва на рускай.

— Некаторыя людзі адарваліся ад сваіх каранёў і, напэўна, не ведаюць, што раней нашы продкі хадзілі калядаваць менавіта са “звяздой”, а не з каляднай “зоркай”, як цяпер пішуць у шматлікіх сродках масавай інфармацыі, — тлумачыць журналіст.- Калядная “звязда” стала сімвалам шчасця, дабрабыту і надзеі на тое, што мы перазімуем, дажывём да вясны.

Валянціна Доўнар — чалавек шырока эрудзіраваны, яна ведае, як зацікавіць чытача. Вось і зараз яна распавяла, што па дарозе да Дакурнішкаў прыдумала для старшакласнікаў даволі цікавую гульню, якую могуць правесці настаўнікі рускай, беларускай і французскай моў. Для гэтага патрэбна стварыць тры каманды, а пасля пісаць назву пэўнай рэчы на сваёй мове. Пры правядзенні такога спаборніцтва можна цалкам высветліць, якую мову школьнікі ведаюць горш.  Калі гэта родная мова, то ім ёсць куды расці, упэўнена жанчына.

— Пазіцыя газеты супадае і з нашай — сачыць за жыццём у тых праявах, якія блізкія да нас і зразумелыя нам праз боль і радасць, — зазначыў фотакарэспандэнт Яўген Пясецкі.

Яўген Віктаравіч амаль усё жыццё прысвяціў газеце “Звязда”, дзе заўсёды адказваў за рубрыку “Фотаслова”, у якой здымак друкуецца разам з вершам.

— Мае вершы, — кажа Я.В. Пясецкі, — звязаныя са здымкамі, бо я фотажурналіст, мая справа — фатаграфаваць! А верш — гэта захапленне, бо калі ты бачыш пэўную падзею, узнікае не проста жаданне, а нават неабходнасць сказаць тое ж самае праз  вершаваныя радкі.

Яўген Віктаравіч прадэманстраваў свае фотаздымкі з серыі “Іерусалім: імгненні вечнасці”. Неверагодна, але часцінка сэрца была ўкладзена ў кожную фотакартку. Калі глядзіш на кожную з іх, здаецца, што ты знаходзішся там і адчуваеш усё тое, што і людзі на здымках. Яўген Віктаравіч на свае вочы бачыў цікавую зямлю — Ізраіль, Палесціну, Іарданію. Бачыў тое, пра што пісалі ў газетах — ракетныя атакі, міжканфесійную варожасць, галечу… Прайшоў шлях, па якім калісьці Ісус ішоў на пакуты, назіраў з’яўленне святога агню… Для кожнага фотаздымка фотакарэспандэнт напісаў верш, поўны глыбокага філасофскага сэнсу.

— Я заўжды хачу, каб верш і фота ўзаемадапаўняліся, ішлі ў адным кірунку, дапамагалі зразумець з’яву ці думку, — падкрэсліў Яўген Пясецкі.

Валянціна Доўнар прачытала некалькі абразкоў са свайго зборніка “Каб сказаць… і пачулі”. Жанчына любіць назіраць за жыццём, падмячаць у паўсядзённых сітуацыях тое, што мы не заўважаем ці не хочам заўважаць. Пісьменніца спрабуе ў сваіх абразках прымусіць нас задумацца над тым, ці правільна мы жывём і ці тое лічым важным.

— Гэта вельмі няўдзячная праца, —  расказвае Валянціна Доўнар, — бо ў такім маленькім жанры спрабуеш сказаць вельмі шмат.

На працягу ўсяго мерапрыемства мудрая жанчына, таленавітая пісьменніца і апантаны журналіст расказвала цікавыя гісторыі, жартавала. Валянціна Аркадзьеўна шмат гадоў працуе рэдактарам аддзела пісем, за гэты час яна не пакінула без увагі ніводнага ліста.

У рубрыку “Простая мова” трапляюць цікавыя, вясёлыя, праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў, якія яны дасылаюць на адрас рэдакцыі. Пісьменніца прызнаецца, што рубрыку вядуць яе чытачы, а яна ім толькі крыху дапамагае.

Час праляцеў хутка, журналістаў чакала яшчэ адна сустрэча на Ашмяншчыне — у Жупранскай сярэдняй школе. Яўген Пясецкі і Валянціна Доўнар шчыра падзякавалі за цёплы прыём, падарылі кожнаму каляндар з сімволікай выдання  і нагадалі, што чытачы могуць дасылаць у рэдакцыю свае гісторыі — журналісты іх з задавальненнем прачытаюць і апублікуюць.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *