У Кальчунах прайшла краязнаўчая гасцёўня «Сустрэчы ў лістападзе-2014»

Культура Образование События

Апошні лістападаўскі дзень ізноў паклікаў у Кальчуны. Сюды ў дзень нараджэння нашага слаўнага земляка, сусветна вядомага навукоўца эпохі Асветніцтва Енджэя Снядэцкага, які пакінуў добрую памяць аб сабе ў Беларусі, Польшчы і Літве, ды што казаць, – ва ўсім свеце, штогод з’язджаецца шмат зацікаўленых гісторыяй роднага краю людзей.


Едуць яны ў гэтае мястэчка не пад прымусам, а па закліку сэрца, каб у чарговы раз, стоячы ля надмагілля з белым мармуровым помнікам, задаць сабе пытанні: “Для чаго мы прыйшлі на гэты свет? Што зрабілі для таго, каб жыла памяць аб нашых продках? У чым наша сіла?”. Каб разам з неабыякавымі людзьмі — сваімі суайчыннікамі, а таксама шматлікімі гасцямі з іншых краін свету — прыйсці да высновы, што толькі праз веданне гісторыі сваёй зямлі і людзей, якія пакінулі тут след, мы маем надзею на будучыню. Толькі тады мы зможам жыць у цывілізаваным грамадстве і разлічваць на павагу да сябе з боку іншых дзяржаў.

Удзельнікі краязнаўчых спатканняў у Кальчунах з вялікім задавальненнем наведваюць мерапрыемства, бо ведаюць, што яго ідэйны натхняльнік і арганізатар – кіраўнік школьнага музея Таццяна Ягораўна Давідовіч абавязкова падрыхтуе прыемны сюрпрыз і ў шэрагу вядомых звестак з жыцця і дзейнасці біёлага і хіміка, урача і асветніка абавязкова адшукае нейкую таямніцу, каб зацікавіць сваіх гасцей і тым самым выклікаць яшчэ большую павагу да чалавека, які па праву гэтага заслугоўвае.

Традыцыйна пачынаецца свята ў Гародніках. Тут, у мясцовай капліцы, ксёндз пробашч касцёла Святога Міхаіла Архангела Ян Пузына служыць святую імшу. Затым госці накіроўваюцца да магілы Енджэя Снядэцкага, каб ускласці кветкі і запаліць лампадкі ў памяць аб земляку.

Свой працяг бярэ мерапрыемства ўжо ў Кальчунскай школе, дзе разам з гаспадаром Антонам Пятровічам Шмукстам гасцей сустракае народны ансамбль народных інструментаў “Карусель” дзіцячай школы мастацтваў. Знаёмства з навучальнай установай адбываецца ў музеі. Адчынены дзесяць год назад, музей Енджэя Снядэцкага, дзякуючы свайму апантанаму і няўрымсліваму кіраўніку і гурткоўцам, а таксама шматлікім наведвальнікам, сярод якіх у першую чаргу ўдзельнікі міжнароднай гасцёўні,  з кожным годам узбагачаецца цікавымі экспанатамі і матэрыяламі. Экскурсіі ў музеі праводзяць вучні. Вось і на гэты раз Аляксей Пабядзінскі, Аляксандра Супрановіч і Алеся Карыцкая правялі  гасцей жыццёвымі сцяжынамі свайго земляка, засяродзіўшы ўвагу на асобе Людвікі Снядэцкай, дачкі Енджэя, імя якой і лягло ў аснову сёлетніх, чацвёртых лістападаўскіх сустрэч.

“Каханне. Паэзія. Памяць” – такую сімвалічную назву атрымала міжнародная краязнаўчая гасцёўня, урачыстае адкрыццё якой пачалося прадстаўленнем гасцей, сярод якіх – старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, яго намеснік Аляксандр Саванец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Балінская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, дырэктар краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча Анастасія Навіцкая, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Кунц, яго намеснік Лілія Бойка, загадчык хірургічнага аддзялення раённай бальніцы Юрый Янушка, ксёндз пробашч касцёла Святога Міхаіла Архангела Ян Пузына, краязнавец і паэт Васіль Юрша, дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба, дырэктар мемарыяльнага музея Юліуша Славацкага з Крэменца (Украіна) Тамара Сеніна са сваімі калегамі, дэлегацыя з польскага горада Мінск-Мазавецкі на чале са старшынёй таварыства “Наш шпіталь” Чэславам Гонгалем, дэлегацыі вучняў і настаўнікаў з Мураванай Гасліны (Польшча), а таксама дырэктар Яшунскай школы імя Енджэя Снядэцкага (Літва) Казімеж Карпіч з вучнямі, стваральнік  польскамоўнага сайта “Ашмяншчына” Міхал Буткевіч з г. Быдгошч.

У прывітальным слове падчас адкрыцця лістападаўскіх сустрэч старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек адзначыў, што рухацца наперад нельга, не ведаючы сваіх каранёў.

-Сёння дзякуючы такім вось мерапрыемствам, — падкрэсліў кіраўнік раёна, — мы маем унікальную магчымасць пазнаць сваю гісторыю, пашырыць кругагляд і пераадольваць тэрытарыяльныя межы, каб разам ісці далей, будаваць будучыню, абапіраючыся на традыцыі і вопыт продкаў.

Стогадовую гісторыю мае бальніца імя Енджэя Снядэцкага ў Мінск-Мазавецкім. Аб юбілейнай даце, якую медыцынская ўстанова адзначыла сёлета, а таксама аб дзейнасці пры бальніцы таварыства “Наш шпіталь” расказаў яго старшыня Чэслаў Гонгаль. Пасля да выступоўца далучыліся дырэктар бальніцы Мечыслаў Рамейка, намеснік таварыства Мар’ян Макоўскі і дырэктар банка Яцэк Ліпец, якія падарылі гаспадарам гасцёўні, а таксама кіраўніцтву раёна і калегам з  ашмянскай бальніцы юбілейныя медалі і сувеніры, а для школьнага музея — ноўтбук і праектар.

Летась музей пры Кальчунскай школе распачаў акцыю пад назвай “Еднасць” па збору зямлі з месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю славутага вучонага. Сёння ў музейных фондах захоўваецца зямля з Яшун і Вільні, Познані і Гнезна, Варшавы, Жніна…  Калекцыю папоўнілі таксама і госці з Мінск-Мазавецкага і Крэменца. У гэтым украінскім горадзе нарадзіўся вялікі паэт эпохі рамантызму Юліуш Славацкі. Як паведаміла падчас прэзентацыі мемарыяльнага музея ў Крэменцы дырэктар Тамара Сеніна, першым каханнем паэта стала Людвіка Снядэцкая, шчымлівыя пачуцці да якой Славацкі пранёс праз усё жыццё і стварыў шмат геніяльных лірычных твораў. Імя Юліуша Славацкага сёння яднае вучоных, культурных дзеячаў, паэтаў і пісьменнікаў з Польшчы, Украіны, Расіі, Францыі, Велікабрытаніі. Дзякуючы “Дыялогам дзвюх культур”, якія арганізуюцца ў музеі, на працягу дзесяці год вядуцца культурныя і навуковыя перамовы, мацуюцца сувязі паміж дзяржавамі.

У адзін час з Юліушам Славацкім жыў і пісаў свае неўміручыя творы Адам Міцкевіч. Абодва творцы былі знаёмыя з Енджэем Снядэцкім. У паэтычным сшытку Міцкевіча нават маюцца “тосты хіміка”, прысвечаныя вучонаму. І хаця пры жыцці паміж Славацкім і Міцкевічам было творчае саперніцтва, смерць іх зраўняла: пахаваны яны побач, у каралеўскім склепе пры Вавельскім кафедральным саборы.

Шмат цікавых звестак з жыцця і творчасці Міцкевіча паведаміў дырэктар дома-музея ў Навагрудку Мікалай Гайба. Адчуваеш гонар, калі чуеш, што памяць аб слынным паэце ўвекавечана ў 71 помніку ў розных краінах свету, 5 з іх знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Творы паэта-рамантыка перакладзены больш чым на 30 моў. Яго асоба ўзгадваецца ў тэатральных пастаноўках, фільмах і літаратурных творах. Імя ўвекавечана ў назвах вуліц і сквераў.

Шмат вершаў Юліуша Славацкага і Адама Міцкевіча гучала падчас краязнаўчай гасцёўні. У выкананні вучняў з Кальчун, Яшун і Мураванай Гасліны, у музычным суправаджэнні выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Чэрскай і Таццяны Каралёвай паэзія лунала па сцішаных пакоях школы, перадаючы дух эпохі, у якую жыў Енджэй Снядэцкі.

Стоячы віталі госці юных яшунскіх артыстаў, якія падрыхтавалі спектакль аб лёсе Людвікі Снядэцкай “Да збялелай ружы падобная”.

Традыцыйна на памяць аб “Спатканнях у лістападзе” Таццяна Ягораўна Давідовіч разам з дырэктарам Антонам Пятровічам Шмукстам уручаюць сваім гасцям сімвалічныя стылізаваныя падарункі ў выглядзе кляновага ліста. Ліста, які ніколі не стане прахам, а праб’ецца праз пэўны час расткамі дабрыні і любові да сваёй радзімы, павагі да гісторыі роднага краю. І, як нагадаў дырэктар Яшунскай школы Казімеж Карпіч, верш маленькага жыхара Кальчун аб тым, што яго вёска самая лепшая, такой прыгожай больш няма ў свеце, стане не проста паэтычным чатырохрадкоўем, а рэзультатам той вялікай і бязмежнай работы па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, якую праводзіць у школе Таццяна Ягораўна Давідовіч разам са сваімі калегамі.

Кульмінацыяй святочнай імпрэзы стаў шыкоўны торт, спечаны настаўніцай пачатковых класаў Таццянай Анатольеўнай Іоніс да дзесяцігоддзя з дня заснавання школьнага музея Енджэя Снядэцкага. З гэтай датай кіраўніка “музейнай справы” прыйшлі павіншаваць яе сябры і аднадумцы – выпускнікі школы, якія пачыналі разам з настаўніцай работу па стварэнні музея. У сваім віншаванні выпускнік школы Юзаф Сярпейка адзначыў, што на ўсё жыццё запомніў словы настаўніцы аб тым, што гісторыя і культура пачынаюцца з нас, з той вёскі ці горада, дзе мы жывём, з той вуліцы, дзе нарадзіліся. Адна з вуліц у Кальчунах носіць імя Енджэя Снядэцкага, чалавека, справы якога, можна сцвярджаць з упэўненасцю, у аграгарадку ведаюць і дзеці, і дарослыя.

Чэслаў Гонгаль, старшыня таварыства “Наш шпіталь”, г.Мінск-Мазавецкі, Польшча:

— У Беларусі я не першы раз і заўжды адзначаю, што тут жывуць гасцінныя і шчырыя людзі. Вельмі рады, што калісьці, шукаючы інфармацыю да юбілейнай, сотай гадавіны нашай бальніцы, якая носіць імя прафесара Віленскага ўніверсітэта, заснавальніка Віленскага медыцынскага таварыства Енджэя Снядэцкага, натрапіў у інтэрнэце на спасылку  музея Снядэцкага ў Кальчунах. Знаёмства з Таццянай Ягораўнай, чалавекам зацікаўленым, шчырым і адкрытым, дало магчымасць нам наладзіць сяброўскія сувязі не толькі са школай, але і з кіраўніцтвам вашай раённай бальніцы. Спадзяюся, што наша знаёмства перарасце ў цеснае супрацоўніцтва, пачатак якому пакладзены дзякуючы імені слаўнага вучонага і ўрача Снядэцкага.

Мікалай Гайба, дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку:

— Адразу ж заўважу, што вельмі ўдала пададзены матэрыял мерапрыемства. Уражвае склад гасцей свята, якія, па сутнасці, сталі сябрамі школы і з вялікім задавальненнем сюды наведваюцца. Праз такія творчыя сустрэчы праводзіцца вялікая работа па патрыятычным выхаванні моладзі адразу трох краін! Вялікі дзякуй Таццяне Ягораўне за запрашэнне. Думаю, што нашы стасункі будуць мець працяг, а імёны нашых слаўных землякоў, іх талент і заслугі ніколі не будуць забыты іх спаткаемцамі.

Тамара Сеніна, дырэктар мемарыяльнага музея Юліуша Славацкага ў г.Крэменец, Украіна:

— Цеплыню і сардэчнасць беларускага народа мы адчулі адразу ж, як ступілі з цягніка на перон. За гэтыя некалькі дзён, што мы знаходзімся ў Беларусі, ні разу не засумняваліся ў тым, што  беларуская гасціннасць і дабрыня – пачуцці не штучныя, яны ідуць ад сэрца. Мы сагрэліся ў вас і адпачылі душой. Безумоўна, вельмі перажываем за тыя падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне, і па-добраму вам зайздросцім. Няхай заўжды будзе ў вашай краіне мір. Ваш народ гэтага заслугоўвае. А што тычыцца мерапрыемства ў Кальчунах, то спадзяюся, што ніхто з гасцей і ўдзельнікаў “сустрэч”, не выйшаў з гэтай залы раўнадушным.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *