У школе мастацтваў спасцігаюць таямніцы чароўнага

Образование

Ва ўсіх школах раёна ўжо адзначылі Дзень ведаў. У дзіцячай школе мастацтваў ён прайшоў з творчым запалам. Маладыя выкладчыкі падрыхтавалі цікавую праграму святочнага дня. Зараз у навучальнай установе займаюцца чатырыста выхаванцаў. Вучні ўжо селі за парты, каб пазнаёміцца з творчасцю Баха і Ліста на занятках музычнай літаратуры, напісаць нотны дыктант на сальфеджыа і намаляваць восеньскі пейзаж на занятках выяўленчага мастацтва.

Набор першакласнікаў звычайна складае каля сямідзесяці чалавек. Трэба адзначыць, што па класу фартэпіяна, гітары і скрыпкі ён ужо завяршыўся. Цяпер ідзе дадатковы набор на народныя інструменты: балалайку, домру, цымбалы, баян, акардыён, а таксама на харэаграфію. Таму, калі ў вашых дзяцей ёсць схільнасці да вакальнага майстэрства, жывапісу, танцаў, то іх з нецярпеннем чакаюць у гарадской дзіцячай школе мастацтваў.  У навучальнай установе існуе  некалькі профіляў: мастацкі, харэаграфічны і музычны. Тут вучаць іграць на розных музычных інструментах, ёсць аддзяленне харавых і эстрадных спеваў. У класе выяўленчага мастацтва з’явіўся новы накірунак — дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У гэтым годзе дзеці ўпершыню змогуць ляпіць гліняныя вырабы. На харэаграфіі вучаць танцаваць бальныя, народныя і сучасныя танцы. Маладая выкладчыца мастацтва танца Яна Шавэрда зацікавіць сваіх навучэнцаў з першых рухаў, а праз харэаграфію дапаможа раскрыць унутраны стан і духоўны свет вучняў.

Для самых маленькіх навучэнцаў, якія пакуль не вызначыліся, чым ім хочацца займацца — іграць на скрыпцы ці баяне, танцаваць ці пісаць карціны, — адкрыты музычна-эстэтычны клас. Заняткі тут доўжацца тры гадзіны: першая – мастацкая творчасць, другая – харэаграфія, трэцяя –  ігра на музычным інструменце. Пасля трох гадоў навучання яны выбіраюць адзін напрамак, які больш даспадобы.

Па заканчэнні курса ўсім вучням выдаецца пасведчанне,  таксама можа быць выдадзена накіраванне для  працягу адукацыі ва ўстановах сярэдніх спецыяльных устаноў.

Для дарослых  ёсць вячэрнія курсы. Яны могуць нават пасля працы прыходзіць і іграць санаты на фартэпіяна ці спяваць песні пад гітару. Дырэктар школы адзначае, што некаторыя займаюцца па такой праграме па 3-4 гады.

У школе мастацтваў створаны розныя ансамблі, музычныя і танцавальныя калектывы. Вучні ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. Калі прайсціся па калідорах школы, то абавязкова заўважыш, што ўсе сцены завешаны граматамі і дыпломамі, якія заваявалі таленавітыя вучні.

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка адзначае, што дзеці абавязкова павінны атрымліваць эстэтычнае выхаванне праз мастацтва.  Таму ў вёсках і аграгарадках раёна адкрыты філіялы. Зараз яны працуюць ў Навасёлках, Кальчунах, Мураванай Ашмянцы, Жупрананах, Цудзенішках і Гродзях.

На пытанне аб тым, якімі якасцямі павінны валодаць будучыя вучні, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка адказвае, што збіраецца прыёмная камісія, дзе правяраюцца слых, памяць і пачуццё рытму будучага вучня. Напрыклад, калі гэта танцавальнае  мастацтва, то харэограф паказвае пэўныя рухі, а дзіця іх паўтарае. На праслухоўванні некаторыя не могуць саспяваць песню адразу, хвалююцца, а ў іншых гэта атрымліваецца лёгка. Бывае і  так, што музычныя якасці дзіцяці ідэальныя, але ён гультай і не хоча старанна займацца. Але як кажуць, галоўнае – жаданне працаваць, а ўсё астатняе прыкладзецца. Цікава і тое, што хлопчыкі на харэграфію трапляюць без экзаменаў. Бо іх катастрафічна не хапае.

Жанна Мажэйка расказвае, што марыць адкрыць у школе тэатральнае аддзяленне, каб яе выхаванцы змаглі ставіць спектаклі. Вось тры гады назад была спроба паставіць мюзікл. Пастаноўка атрымалася вельмі цікавая, але артыстам не хапіла тэатралізацыі і навыкаў паводзінаў на сцэне. На жаль, у “сэрцы музычнага выхавання” (так дырэктар школы мастацтваў называе будынак навучальнай установы) не хапае кабінетаў, каб адкрыць такое аддзяленне.

Не хапае класаў і для заняткаў па харэаграфіі, спецыяльнасці і выяўленчым мастацтве.

— Школа знаходзіцца ў цэнтры горада, тут працуюць толькі музыканты, — адзначае Жанна Мажэйка. — Класы для харэаграфіі, выяўленчага мастацтва, заняткаў па спецыяльнасці ігры на балалайцы, гітары, цымбалах, фартэпіяна  мы арэндуем у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, кінатэатры і раённым Доме культуры. Але хочацца, каб усе ўрокі  праходзілі ў адным будынку, бо для дзяцей і іх бацькоў так будзе нашмат зручней.

У сцены школы вяртаюцца выпускнікі, каб выкладаць розныя прадметы. У гэтым годзе прыйшло пяць былых вучняў школы, а ў мінулым — тры. Маладыя апантаныя выкладчыкі заўсёды прыносяць нешта новае. Яна Шавэрда будзе вучыць дзяцей харэаграфіі, Валерый Ганевіч выхоўваць юных мастакоў і вучыць іх дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, Надзея Рыбакова адкрые таямніцы ігры на фартэпіяна, а Анастасія Странкоўская і  Наталля Амбражэвіч будуць выкладаць харавыя дысцыпліны.

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў павіншавала маладых спецыялістаў, выкладчыкаў школ, а таксама працаўнікоў аддзела адукацыі з новым навучальным годам, пажадала плёну ў іх працы, мэтанакіраванасці,  цярпення, а самае галоўнае  – творчага натхнення!

— Музыка, мастацтва – гэта тое адметнае, чаго нам не хапае ў жыцці. Калі чалавек займаецца мастацтвам, то ён мяняецца і ўнутры і звонку, — адзначае дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *