Футбол — гульня сур’ёзная

Спорт

Ашмяншчына – край, дзе жыве даволі многа юных аматараў футбола. У гэтым мы пераканаліся, даведаўшыся пра ход і вынікі першынства ў гэтым відзе ад  ініцыятара спаборніцтваў, кіраўніка прыватнай футбольнай школы “Нёман” Алеся Кушнера.


– Раскажыце пра спаборніцтвы, якія праходзілі на працягу мая на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў нашым горадзе.

– Падчас першынства падлеткі са школ нашага горада і вёсак раёна спаборнічалі паміж сабой у адкрытым футбольным першынстве на прызы Беларускай федэрацыі футбола.

Арганізатарамі турніру выступілі прыватная футбольная школа “Нёман” Ашмяны, асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” і аддзел адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама.

Дзеці спаборнічалі ў дзвюх узроставых групах: 2000-2001 і 2002-2003 гадоў нараджэння.

Каманды футбалістаў СШ №1, СШ №2, СШ №3, гарадской гімназіі, а таксама каманда ПФШ “Нёман” 2001-2002 гадоў нараджэння правялі спаборніцтвы ў адзін круг. Ва ўзроставай групе 2000-2001 г.н. тройка пераможцаў выглядала наступным чынам: першае месца – СШ №3, другое – гімназія №1, трэцяе – ПФШ “Нёман”. У катэгорыі ўдзельнікаў 2002-2003 г.н. лідзіруючыя каманды занялі месцы ў наступнай паслядоўнасці: першае – у гімназіі, другое – у СШ №2 і трэцяе месца дасталося каманде СШ №3.

Хлопцы 2000-2001 г.н. Барунскага, Дакурнішскага і Навасёлкаўскага ВПК утварылі першую групу, у якой таксама згулялі паміж сабой у адзін круг. Месцы размеркаваліся наступным чынам: лідзіравалі футбалісты з Барун, за імі – з каманда Навасёлак, замкнулі тройку падлеткі з Дакурнішскага ВПК. У другой групе каманды з Кальчунскай і Жупранскай школ і каманда ПФШ “Нёман” 2001-2002 г.н. спаборнічалі ў адным крузе і размеркаваліся  па выніках  гульняў  наступным чынам: першае месца – ПФШ “Нёман” 2001-2002 г.н., другое – за юнымі спартсменамі з Кальчун, трэція – аматары футболу Жупранскай сярэдняй школы. Далей каманды сустрэліся ў стыкавых гульнях. Пераможцы групаў уступілі ў барацьбу за першае і другое месцы, каманды, якія занялі другія месцы, – паспаборнічалі за трэцяе і чацвёртае месцы, а каманды, якія сталі ў сваіх падгрупах трэцімі, – згулялі за пятае і шостае месцы. Па выніках стыкавых гульняў пераможцай стала каманда Барунскага ВПК, другое месца засталося за ПФШ “Нёман” 2001-2002 г.н., трэцяе месца заняла школа Навасёлкаўскага ВПК.

Ва ўзроставай групе 2002-2003 г.н. каманды таксама згулялі у дзвюх групах. У першай групе зноў перамаглі барунскія футбалісты, другое месца заваявала каманда Дакурнішскага ВПК, трэцяя прыступка п’едэстала – у школьнай каманды Навасёлак. У другой групе  пераможцамі выйшлі прадстаўнікі каманды Мураванаашмянкоўскага ВПК, другі вынік у школьнікаў з Гальшан, трэцяе месца дасталося Жупранам. Далей каманды сустрэліся ў чарговых стыкавых гульнях. А агульныя вынікі былі наступнымі: залаты вынік у каманды Барун, срэбра здабыла Мураваная Ашмянка, бронза дасталася камандзе Дакурнішскага ВПК.

Спаборніцтвы праходзілі ў цёплай атмасферы, бо для дзяцей гэта было маленькае футбольнае свята, на якім кожны з іх мог праявіць сябе і дапамагчы сваёй камандзе дасягнуць станоўчага выніку.

– Якія прызы былі ўручаны пераможцам і прызёрам турніру?

– Па выніках турніру прадстаўнік БФФ Аляксандр Бялоў, пераможца першынства СССР 1982 г., уручыў хлопцам прызы. Каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі і граматамі, граматы і медалі атрымалі каманды-прызёры. У кожнай узроставай групе дадаткова былі ўзнагароджаны лепшыя ігракі і лепшыя бамбардзіры, якія атрымалі фігуркі футбалістаў.

Між іншым, менавіта Аляксандр Бялоў адкрываў у 2012 годзе ПФШ “Нёман” у Ашмянах. Вядома, ён быў рады пабачыць хлопцаў, якіх два гады таму “блаславіў” на пачатак футбольнага жыцця.

– Ці паспрыяла правядзенне першынства абуджэнню цікавасці дзяцей і бацькоў да футбола?

– Безумоўна, для бацькоў, і асабліва для дзяцей, спаборніцтвы далі штуршок да разумення таго, што наяўнасць добрага футбольнага поля ў Ашмянах з часам прывядзе да актывізацыі і папулярызацыі футбола сярод дзяцей і бацькоў. Правядзенне такога плана спаборніцтваў будзе прыцягваць увагу дзяцей. Чым больш дзяцей будуць цікавіцца футболам і прымаць удзел у спаборніцтвах, тым больш прафесійных футбалістаў у будучыні Ашмяны дадуць у футбольныя клубы, а магчыма (хто ведае?) і ў зборныя каманды. Акрамя фактара перспектыў важным з’яўляецца разуменне таго, што актыўны лад жыцця больш карысны, чым пустое баўленне часу каля камп’ютара.

Спадзяёмся, што адкрытае першынства Ашмянскага раёна пры ўсебаковай падтрымцы беларускага футбольнага аб’яднання будзе працягвацца і яшчэ не раз прынясе радасць і дзецям, і іх бацькам. Хачу выказаць падзяку асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” і асабіста Ігару Цаплюку, які шчыра падтрымлівае і развівае ўсе нашы памкненні і ідэі, якія могуць паспрыяць развіццю масавага футбола ў Ашмянах.

І на заканчэнне заклікаю нашых чытачоў: гуляйце ў футбол!

Гутарку запісаў

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *