У школьным двары ўсё ізноў паўторыцца…

Образование

У суботу ў школах, гімназіях і ліцэях рэспублікі прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года. Апошні школьны званок празвінеў і для 201 выпускніка ўстаноў адукацыі нашага раёна.

Ён празвінеў для тых, хто адзінаццаць год назад прыйшоў у школу, стаяў у двары, разгублена моргаў вачыма, не ведаючы, каму ўручыць букет, што гаварыць, што рабіць. Побач, акрамя бацькоў, стаялі хораша прыбраныя настаўнікі. Пакуль яшчэ зусім чужыя, стрыманыя і строгія. І дырэктар школы штосьці гучна гаварыў у мікрафон, даючы наказ разгубленым і ашаломленым урачыстасцю першакласнікам. А вучні старэйшых класаў пазіралі на малечаў, як на свае здымкі адзінаццацігадовай даўнасці, пазнавалі ў іх позірках тое, што самі калісьці адчувалі, але ўжо паспелі забыцца. Старшакласнікі чыталі вершы, танцавалі і спявалі аб шчаслівых школьных гадах. Уся гэта ўрачыстая мітусня гняла. Хацелася дахаты, да цацак, мультфільмаў і іншых дзіцячых радасцяў.

Сёння тыя, хто адзінаццаць год таму стаяў няроўнай шарэнгай і перамінаўся з нагі на нагу, сталі выпускнікамі. Сёння ім здаецца, што яны ўсё ведаюць, усё ўмеюць. На дарослых ужо можна не звяртаць увагі, слухаць, прапускаючы заўвагі міма вушэй. Яны трымаюцца ўпэўнена і вольна. Яны ведаюць пра сваіх настаўнікаў намнога больш, чым мяркуюць педагогі. Яны перараслі школу. У іх з’явіліся ўжо недзіцячыя каштоўнасці і паняцці, іх складана чымсьці здзівіць і ўразіць. Але на тварах юнакоў і дзяўчат усё той жа дзіўны выраз, які быў адзінаццаць год назад. Здаецца, усё вядома наперад: планы намечаны, мэты вызначаны, усё павінна атрымацца… Але хваляванне перад будучым не знікае.

З гэтымі ж думкамі стаялі на апошняй школьнай лінейцы і выпускнікі СШ №1. Слухалі наказы дырэктара Міхаіла Гружэўскага, першых настаўніц Марыны Ясевіч і Алены Чаплінскай, прадстаўніцы ад бацькоў — Наталлі Ігнаткевіч, старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Баркоўскай, першакласнікаў… І хаця віншаванні тычыліся ўсіх вучняў школы, настаўнікаў і бацькоў, адчувалася, што на лінейцы галоўныя –адзінаццацікласнікі. Уся ўвага скіравана на іх, прыгожых, амаль ужо дарослых, але такіх безабаронных і разгубленых.

Яны яшчэ адна сям’я – дружная і творчая сям’я першай школы. Разам з іншымі вучнямі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды – за поспехі ў вучобе, перамогі ў алімпіядным руху, дасягненні ў творчасці і спорце. Іх прозвішчы гучаць сярод тых, хто ўдастоены гордага звання “Вучань года – 2014”, а іх класы па-ранейшаму ў ліку “Самых класных класаў”.

Сімвалічны ключ ад школы – ключ ведаў – выпускнікі перадаюць дзесяцікласнікам. Але гэта не азначае, што дзверы школы на гэтым для іх зачыняюцца. Яны назаўсёды застануцца ў гісторыі роднай школы, нават адляцеўшы, як тыя паветраныя шары, у дарослае жыццё. Яны будуць вяртацца сюды ў думках і снах, падчас традыцыйных школьных сустрэч і ў статусе педагогаў…

Божае блаславенне ад айца Пятра і ксяндза пробашча Яна атрымана. Падораны настаўнікам букеты жоўтых цюльпанаў.  У вушах усё яшчэ звініць школьны званок…

Лета зменіць іх жыццё. Сённяшнія выпускнікі стануць студэнтамі. А ў школьным двары ўсё ізноў паўторыцца…

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *