У «Ашмянскім Світанку» праца з ранку да ранку

Главное

Усе гаспадаркі Ашмяншчыны распачалі касавіцу. 3 запланаваных 12911 гектараў травы скошаны на плошчы 1809 гектараў, што складае 14 працэнтаў.  Згодна з даручэннем кіраўніцтва райсельгасхарчу перад аграрыямі стаіць няпростая задача – выканаць першы ўкос у пятнаццацідзённы тэрмін.

І нароўні з усімі працаўнікі СВК “Ашмянскі Світанак” спяшаюцца нарыхтаваць кармы. У шчыльным працоўным графіку работнікаў вёскі складана выкраіць нават хвілінку, аднак галоўны аграном гэтай гаспадаркі Віктар Зянонавіч Міхайлоўскі знайшоў час, каб сустрэцца з намі.  Ён паведаміў, што работы ў гэтым накірунку пачаліся тут некалькі дзён таму. План на ўкос – 1195  гектараў – у параўнанні з іншымі гаспадаркамі, можа, і не самы вялікі, аднак гэта не значыць, што можна спаць у шапку. Надвор’е пагодай не песціць, ды і іншым справам не скажаш “пачакай”. Выкананне пастаўленых задач тут ідзе ў няспынным рэжыме – круглыя суткі. Тры касілкі не прастойваюць ніводнага пагоднага дня. На дзень напісання артыкула зяленіва было скошана на 121 гектары, а ў месцы закладкі ля Навасёлак было пакуль назапашана ўсяго каля 350 тон сенажу. Закладваць кармы ў траншэю – справа не з лёгкіх. На “Амкадорах” у спякотны поўдзень трамбуюць зялёную масу Віктар Палубінскі і Міхаіл Палубінскі. Трактары натужна гудуць не толькі ўдзень. З сёмай гадзіны вечара на пост заступаюць Сяргей Гнілазуб і Анатоль Чыстабаеў. Іх “дзяжурства” доўжыцца аж да рання. А сёмай раніцы, калі сонца падымаецца і пачынае прыграваць, яны перадаюць справы таварышам.

Ужо скончылі касіць люцэрну і перайшлі на канюшыну. Травы сёлета слабаватыя: адбіваюцца вясновыя маразы і замаразкі, таму з гектара ўдаецца накасіць толькі каля 85 цэнтнераў. Работы толькі-толькі пачаліся і, як запэўніў нас кіраўнік агранамічнай службы гаспадаркі, з першага ўкосу павінна атрымацца каля чатырох тысяч тон кармоў.

У цэлым жа справы на палях гаспадаркі ідуць сваім ходам. Захаванасць азімых склала сто працэнтаў, што на парадак лепш, чым летась. Хімпраполкі праведзены поўнасцю, ідзе фунгіцыдная апрацоўка збожжавых: азімых (апрацавана 50 гектараў) і яравых (70 гектараў). Яравыя культуры падкормліваюць азотнымі ўгнаеннямі.

Не без перашкод тут ідзе перазалужэнне сенакосаў і пашаў. Камяністыя глебы каля вёсак Павяжы і Маствілішкі вельмі ўскладняюць работу тэхніцы і людзям, аднак ім ужо ўдалося выканаць запланаваныя паказчыкі на 67 працэнтаў.

Праца на вёсцы кіпіць цяпер як ніколі. І як тут не прыгадаць даўнюю прымаўку: “Памагай Бог!”

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *