Паэтычны радок у музычным абрамленні

Культура События

Пачатак вясны асацыіруецца ў кожнага з нас не толькі з абуджэннем прыроды, але і з адраджэннем чалавека, з новымі надзеямі і спадзяваннямі, з творчым уздымам і, безумоўна, з жаночым святам, якое распачынае сакавік.

Шчырыя кампліменты ў адрас любых матуль, каханых, сясцёр і дачок, аздобленыя чыстасардэчнымі ўсмешкамі, далікатнымі бутонамі цюльпанаў і лагодным сонейкам, паднімаюць настрой і становяцца тым самым штуршком, які вымушае адхінуць груз зімовых клопатаў і падацца насустрач доўгачаканым пераменам. Для кагосьці вясна — гэта адпраўная кропка ў ажыццяўленні новых планаў альбо час творчага натхнення. Для кагосьці – спадзяванне на зараджэнне новага пачуцця, якое нечакана абрынецца разам з вясновым вясёлкавым ранкам.

Для работнікаў Мураванаашмянкоўскага сельскага Дома культуры вясна пачалася літаратурна-музычнай вечарынай “Музыка. Паэзія. Каханне”, прысвечанай Міжнароднаму дню жанчын. Такі падарунак жыхарам аграгарадка падрыхтавала мастацкі кіраўнік клубнай установы Валянціна Ліштван разам са сваёй калегай Алай Лыскойць. Увага падчас святочнай імпрэзы была скіравана, безумоўна, на жанчын. Ім, дарагім, пяшчотным і непаўторным, што сабраліся ў зале мясцовага клуба, былі прысвечаны самыя прыгожыя словы і самыя яскравыя музычныя нумары. Сваёй творчасцю не пераставалі здзіўляць гледачоў юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Юлія Сямёнава, Віялета Мікліс, Ульяна Супрановіч, Карына Млыноўская, Анжаліка Бартась, Дзіяна Тамашэвіч. Упэўнена выйшлі на сцэну дзяўчынкі з танцавальнага ансамбля “Беларусачкі”, каб паказаць, якіх поспехаў яны дасягнулі са сваёй кіраўніцай Валянцінай Ліштван за зусім кароткі тэрмін. Кахання і вясновага настрою ад усіх мужчын Ашмяншчыны пажадаў жанчынам акампаніятар Дома культуры Мікалай Макавецкі. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства паказаў дзіцячы вакальны калектыў пад кіраўніцтвам Вольгі Чаплінскай. Дзяўчынкі радуюць сваёй творчасцю не толькі мясцовых жыхароў. Яны выступаюць на раённай сцэне, прымаюць актыўны ўдзел у прэстыжных абласных і рэспубліканскіх аглядах-конкурсах, дзе становяцца пераможцамі і лаўрэатамі. Гонарам не толькі Дома культуры, але і аграгарадка з’яўляецца жаночая вакальная група, якой у гэтым годзе споўніцца 45 год. Узрост удзельніц гэтага гурта ад 20 да 80 гадоў, аднак такая разбежка не ўплывае адмоўна на вялікую справу па адраджэнні культуры нашых продкаў, якую праводзіць Ала Лыскойць разам з мясцовымі жанчынамі, а наадварот, спрыяе прыцягненню ў калектыў моладзі.

Ніхто не скажа лепш пра жанчыну і каханне, як паэт, таму на творчую імпрэзу былі запрошаны ашмянскія аматары паэтычнага слова Галіна Даўгашэй, Яўген Куст і Аліна Санюк. Адкрыццём для мясцовых жыхароў стаў паэтычны талент мастацкага кіраўніка клуба Валянціны Ліштван: многія нават і не здагадваліся, што Валянціна Вацлаваўна піша вершы. Паэзія, што гучала ў той сакавіцкі надвячорак у клубнай зале, была прасякнута пачуццём любові. Паэты прызнаваліся ў каханні свайму роднаму краю, любай матулі, сваім палавінкам.

Галіна Даўгашэй адразу ж адзначыла, што яе глыбока кранула прыгожая і чыстая родная мова, на якой размаўлялі вядучыя. Піша паэтка на роднай мове. Яе творчасць прасякнута глыбокай жыццёвай мудрасцю. У кожным вершаваным радку – адданасць роднай зямлі, тым людзям, якія тут жылі і праслаўлялі яе сваёй дзейнасцю. Паэтка захапляецца старажытнымі Гальшанамі, гісторыя якіх і праз вякі не забылася, а прадаўжае натхняць краязнаўцаў, паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў. Як прызналася Галіна Аляксандраўна, натхненнем для яе служаць і такія вось цёплыя спатканні з людзьмі, якія дораць энергію і пазітыўны настрой.

Шчымлівыя радкі Яўгена Куста, якія ён прысвяціў матулі, ускалыхнулі жаночыя сэрцы, бо столькі любові і пяшчоты да роднага чалавека было ў кожным паэтычным слове, што не ўсе змаглі стрымаць эмоцыі. А вось “Взгляд из-под зонта», навеены выпадковай сустрэчай на вуліцы, сваім рамантызмам нагадаў блокаўскую “Незнаёмку”. Вершы “Жанчыне” і “Сакавік” сталі напамінам аб тым, што каханне трэба берагчы, каб не было пасля шкадавання і не рвалася ад болю душа.

Аліна Санюк паспрабавала прасачыць пачуцці закаханай жанчыны ў супастаўленні з рознымі порамі года, хаця гэта ў яе не зусім атрымалася, бо лета не кранае душу аўтара, таму і адсутнічаюць у яе вершы, прасякнутыя летнім настроем. Вясна, зіма і восень са сваімі журлівымі і непаўторнымі фарбамі лепш за ўсё кладуцца на паперу і рыфмуюцца з каханнем.

Жанчынам бальзакаўскага ўзросту прысвяціла вытанчаныя радкі Валянціна Ліштван і пажадала не губляць кахання і веры, і тады Богам злучаныя  “Дзве душы” (так называецца адзін з вершаў паэткі) стануць надзейнымі моцнымі крыламі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы  МУЦЯНСКАЙ.

Галіна Даўгашэй

Гальшанам прысвячаецца

Мой край

Край мой любы,

Гісторыяй бласлаўлёны,

Край, мой любы край,

Адсюль паходзяць Ягелоны.

Каб зазірнуць у карані,

Прайсці слядамі нашых продкаў,

Ты ў Гальшаны зазірні –

Сумнення не адчуеш ноткаў.

Тут ёсць і памяць, і душа –

Яна нас з вечнасцю яднае,

Вакол Гальшаначка-рака

Зямлю пяшчотна абмывае.

Тут наш пачатак і працяг,

Тут вечнасць з будучым сышлася,

Святла любові доўгі шлях

З’яднаць  Радзіме ўдалося.

А на адлёце журавы

Зямлю з палёту аглядаюць,

Як быццам нашы карані

Іх ад сябе не адпускаюць.

Рэха кахання

Яна баялася яго спаткаць

Без бляску ў вачах, без юнага запалу,

Што мог яе ён не пазнаць,

Забыць пра ўсё, што колісь хвалявала.

Яна баялася, што ён забыў

Пра тую месяцам залітую палянку,

Пад музыку, што ў сэрцы разбудзіў,

Як танцавалі ўдваіх аж да світанку.

Ужо грэліся ў світальных промнях сцежкі,

Яны расстацца не маглі,

Блукалі ў іх шчаслівыя ўсмешкі

І пелі пра каханне салаўі.

Ён абяцаў ёй зорачку дастаць

І змусіць жаўрука складаць ім песні,

Ён за каханне мог жыццё ахвяраваць,

Ды толькі лёс ўсё закрэсліў…

Прайшло далёка не адно дзесяцігоддзе,

Яны сустрэліся аднойчы выпадкова,

Падумала, што не пазнаў, ды пройдзе,

Ён затрымаўся і зрабіўся ўвесь пунсовы.

У яго вачах яна чытала цеплыню,

Ён не зважаў: яна ўжо не тая.

І словы разарвалі цішыню:

-Ты і цяпер прыгожая такая!

Пяшчотна руку ёй пацалаваў

І шчырасцю крануў сваёю,

Пра лёс ціхенька запытаў

З непрыхаванаю журбою.

Пачуцці высахлі. Няма таго агню,

І час сляды на твары пакідае.

Яны ўдзячныя і лёсу, і жыццю

За гэта чыстае далёкае каханне.

Яўген Куст

Жанчыне

Кладуцца на землю, бы коўдра, лісты

І сцелецца памяць мая да імгнення,

Дзе цёплая ноч, а ў ночы і ты,

І дотык, і погляд, агонь, разуменне.

Цябе не кранецца людскі перасуд,

Хай лепей мяне разрываюць на часткі,

Каханне тваё, як магутнейшы цуд,

Абодвух уратуе ад удушлівай пасткі.

Няхай твае мроі купаюцца ў снах,

Дзе б ты не была, і дзе б ты не хадзіла,

Цябе не зачэпіць ні помста, ні жах,

Галоўнае, каб ты сябе не згубіла.

І дзіўны твой погляд абрадуе тых,

Хто бачыў душу, а не цела жанчыны,

Удзячны табе за твой радасны ўздых,

За краскі вясёлкі, за пах журавінны.

Няхай жа здзяйсняюцца мары твае,

Крыштальнай расой акрапляецца шчасце.

Пяшчота не згубіцца, побач жыве,

І сонца прамень адвядзе ўсе напасці.

Сакавік

Завіхурыла штосьці ў сакавік,

А ўсім цяпла вясновага так трэба.

Мароз прыціх, але яшчэ не знік,

І ноччу ўзлятае звонка ў неба.

Каля каміна з келіхам віна

Мне мроіцца пад замець снегавую:

Галінка чыркне ў шыбу і да дна

Мой успамін узбудзіць пра другую.

Пра тую, што ў снах парве душу

І абаўе вятрамі ў верхавінах,

Пра тую, што малюся і грашу,

Мо ад таго і сэрца, як рытвіны.

Дзе той зацішак, дзе той супакой,

Дзе забыццё той сакавіцкай ночы,

І толькі плача вецер пад вярбой,

Якая  так цяпла аддана хоча.

У замеці сасню жалейкі спеў,

Адчую дотык рук і твае словы:

-Мой любы, усё прайшло, наш час згарэў…

А за акном сняжынка песню ловіць.

Алина Санюк

Белый город

Белый город пропах морозами,

Одиночеством и ушедшей осенью,

За волшебным окном художника

Снег ложится на холст непрошенно.

Небо низкое падает под ноги,

Засыпая шаги беззвучные,

Тишина повисает в воздухе,

Улыбнуться б – да лица скучные.

Просто, эта зима особая.

Без твоих и моих упреков,

Во дворе снегопад безудержно

Ищет пару душе одинокой.

И на чистом листе художника

Сквозь асфальт прорастают подснежники,

И шаги, заплутавшие в городе,

В белый снег погружаются  с нежностью.

Белый город уснуть пытается,

Звезд скопленье плывет в бесконечности.

Мои мысли, к тебе обращенные,

Встречи ждут  за пределами вечности.

Валентина Лиштван

Две души

Ты открой мне раненую душу,

Отпусти на волю свою боль.

С ней вступлю в сражение — не струшу,

Только от отчаянья уволь.

Ты мне в сердце посмотри с надеждой,

В искренность желания поверь.

Пусть не будет у тебя, как прежде,

Предо мной захлопнутая дверь.

Так признай же преданного друга,

Не гляди поверх моей души.

Чувства заметать холодной вьюгой

Тоже импульсивно не спеши.

Или засыпая пеплом серым,

Всё ж оставь лишь видимый мне след.

Только не теряй любовь и веру

И не погаси желанный свет!

Пусть же он хотя бы искрой малой,

Но коснётся и моей души.

Чтобы ей и мне теплее стало

В грустной одиночества тиши.

Может мы пока ещё не знаем –

Средь пространства жизни и потерь

Где то бродит самая родная

Лишь для нас двоих душа теперь.

Две души — спасение и сила,

Две души, как птицы два крыла.

Коль одна к вершинам воспарила,

Следом и другую позвала…

Если пропасть чёрная заманит

И расставит гибель на пути,

Лишь душа родная жертвой станет,

Чтоб другую преданно спасти.

И теперь судьба стальной рукою

Как бы ни крутила, ни рвала,

Всё переживём, ведь мы с тобою –

Две души — надёжных два крыла…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *