«Мы працуем сумесна»

Главное

Амаль паўтара года прайшло пасля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. За плячыма ў народных абраннікаў ужо тры сесіі, у іх дэпутацкім партфелі не адзін дзясятак падрыхтаваных законапраектаў. Аб рабоце над заканадаўчымі актамі, а таксама аб супрацоўніцтве з грамадзянамі, аб накірунках дэпутацкай дзейнасці мы папрасілі расказаць Наталлю Генадзьеўну Кучынскую, якая прадстаўляе ў Парламенце інтарэсы выбрашчыкаў нашай Іўеўскай акругі.


— Наталля Генадзьеўна, раскажыце, калі ласка, у чым жа галоўны абавязак дэпутата?

Важнейшы напрамак дзейнасці дэпутата – удзел у заканатворчым працэсе. Пры гэтым дэпутат абавязаны кіравацца не толькі ўласнымі перакананнямі і інтарэсамі сваіх выбаршчыкаў, але і ўлічваць эканамічныя і сацыяльныя магчымасці дзяржавы.

Вынікам такой работы з’яўляюцца законы, па якіх мы з вамі жывём і якія ствараюць прававое поле для развіцця нашай краіны. Прафесійная дзейнасць дэпутата – гэта ўдумлівы, скурпулёзны аналіз рэчаіснасці, разглядаемых законапраектаў і існуючых заканадаўчых актаў.

Калі гаварыць лічбамі, то падчас трох дэпутацкіх сесій на 28-мі пленарных пасяджэннях разгледжана 213 пытанняў, прынята 80 законапраектаў у першым чытанні, 131 – у другім, прыняты 61 законапраект аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Большасць законапраектаў сталі законамі і ўжо рэальна працуюць на рэалізацыю агульнадзяржаўных праектаў і задач, што абазначыў Прэзідэнт краіны ў Пасланні беларускаму народу і Парламенту.

Несумненна, адным з важнейшых пытанняў для парламентарыяў былі разгляд і прыняцце галоўнага фінансавага дакумента – Закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год. Як адбывалася праца над ім?

— Бюджэт 2014 года складаўся няпроста і быў прапрацаваны пастацейна на пасяджэннях працоўнай групы разам з разработчыкамі і экспертамі. Спрачаліся і наконт лічбаў, і наконт прапануемых падаткаў і збораў, стараючыся ўлічыць як інтарэсы выбаршчыкаў і патрэбы рэгіёнаў, так і стан рэчаў у нацыянальнай эканоміцы і міравую кан’юнктуру. У праекты законаў бюджэтнага пакета было ўнесена больш за 100 паправак. І тое, што бюджэт атрымаўся бездэфіцытным, здольным забяспечыць развіццё эканомікі і выкананне сацыяльных абавязкаў дзяржавы — вынік такой складанай працы.

На якіх яшчэ заканадаўчых актах была засяроджана ўвага?

— Вялікія напрацоўкі атрымаліся ў заканадаўстве ў сацыяльнай сферы. Сур’ёзнай карэкціроўцы падверглася працоўнае заканадаўства, умацавана абарона правоў работнікаў, павялічыліся патрабаванні да аховы працы.

Сістэма аховы здароўя заканадаўча пераарыентавана на прафілактыку захворванняў, культываванне здаровага ладу жыцця і развіццё інавацыйнай медыцыны. У заканадаўстве з’явіцца норма, згодна з якой доктар мае права адмовіцца ад правядзення працэдуры штучнага спынення цяжарнасці, растлумачаны ўмовы такой адмовы. Законапраект “Аб фізічнай культуры і спорце” закладвае сучасныя прававыя асновы рэгулявання прафесійнага спорту і масавага фізкультурнага руху, змяшчае нормы, што тычацца прадухілення допінгу ў спорце і барацьбы з ім.

У першым чытанні прыняты законапраект «Аб беларусах замежжа». Падчас трэцяй сесіі ўнесены карэктывы ў выбарчае заканадаўства.

Якія пытанні плануюцца да разгляду ў Парламенце ў 2014 годзе?

Шматгранныя. Напрыклад, з улікам практыкі прымянення будуць уносіцца дапаўненні і змяненні ў законы, якія рэгулююць знешнюю працоўную міграцыю, работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Плануецца ўстанаўленне забароны на размяшчэнне рэкламы алкаголю і тытуню пад выглядам рэкламы іншых тавараў, а таксама прывядзенне закона, што тычыцца якасці і бяспекі харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека, у адпаведнасць з нарматыўнымі актамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Запланавана работа над законапраектам, які рэгулюе пытанні абароны дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Будзе працягвацца работа па ўдасканаленні і спрашчэнні нормаў Кодэкса аб адукацыі.

— Вядома, што дэпутаты Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, членам якой вы з’яўляецеся, на працягу года вядуць грунтоўную работу і па ўдасканаленні заканадаўства ў галіне адукацыі  і  падтрымцы статуса педагога. Што ўжо можна сказаць аб выніках такой працы?

— Сапраўды, вынік ёсць. Па-першае, і гэта вельмі важная рэч – упершыню ў Законе аббюджэце зафіксавана не толькі агульная сума на адукацыю, але і абсалютная велічыня па кожным рэгіёне. Гэтыя грошы нельга выкарыстоўваць на іншыя, нават сацыяльна значныя, мэты, толькі на сферу адукацыі. Акрамя таго, выйшла пастанова Савета Міністраў, якая дазваляе бюджэтным установам, у тым ліку школам, садкам, сэканомленыя грошы выкарыстоўваць на павелічэнне заробку работнікаў.

Па-другое, профільнае навучанне ў старэйшых класах вярнулі ў нашы школы дзякуючы прапановам нашай камісіі, якія былі выказаны падчас сустрэч з міністрам адукацыі.

Па-трэцяе, адстойваючы інтарэсы педагогаў, мы паднімалі праблему аб перагрузцы настаўнікаў і аб выкананні імі мноства дадатковых функцый, не звязаных з выхаваннем і навучаннем. Сама звярталася з такім пытаннем да віцэ-прэм’ера А.Тозіка, гаварыла аб тым, што не можа настаўнік перад урокамі яшчэ і на перакрыжаванні стаяць, не ў яго абавязках рэгуляваць рух пешаходаў і машын, пасля чаго акцыі “стопмэнаў” былі адменены.

Ёсць і чацвёрты, прамежкавы, вынік нашай работы – правядзенне агульнарэспубліканскага абмеркавання праблем і перспектыў беларускай адукацыі. Па ініцыятыве нашай камісіі ў снежні 2013 года адбыліся  парламенцкія слуханні па тэме “Удасканаленне заканадаўчай базы нацыянальнай сістэмы адукацыі ў сучасных умовах”.

Быў абазначаны яшчэ адзін накірунак удасканалення заканадаўства ў галіне адукацыі — стварэнне знешняй незалежнай дзяржаўнай атэстацыі навучэнцаў, ацэнкі дзейнасці ўстаноў адукацыі па выніках. Абгрунтоўваліся меры па павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароненасці педагогаў, у тым ліку і ўвядзенне сістэмы галіновай аплаты працы, якая ўжо ў эксперыментальных школах дае павышэнне даходу педагога на 27 працэнтаў.

Вынікам парламенцкіх слуханняў стала распрацоўка канкрэтных даручэнняў ураду.  Справаздачу па іх выкананні дэпутаты заслухаюць у снежні 2014 года, перад прыняццем дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс аб адукацыі. Дарэчы, яны грунтуюцца ў значнай меры на выніках дэпутацкага маніторынгу правапрымяняльнай практыкі кодэкса, які мы правялі напярэдадні слуханняў. Мы правялі анкетаванне больш як 4000 рэспандэнтаў, прааналізавалі меркаванні педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці аб нормах кодэкса і іх практычным прымяненні.  На пашыраных выязных пасяджэннях  абмеркавалі праблемы адукацыі з кіраўнікамі школ, прадстаўнікамі органаў кіравання, педагогамі, бацькамі.

Маніторынг даў нам факталагічны матэрыял і для правядзення парламенцкіх слуханняў, і для ўнясення прапаноў па ўдасканаленні і спрашчэнні Кодэкса аб адукацыі.

На сайце Парламента www.house. gov.by змешчана інфармацыя, што вы адказваеце за законапраекты «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Латвійскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў сферы падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў у магістратуры», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» (другое чытанне). У чым выражаецца такая асабістая адказнасць?

— Кожны дэпутат выступае куратарам пэўных законапраектаў, з’яўляецца кіраўніком рабочых груп па абмеркаванні прапаноў і заўваг, арганізуе работу з экспертамі і зацікаўленымі ведамствамі, прадстаўляе адпрацаваны законапраект у Авальнай зале. Для таго ж, каб законапраект быў прадстаўлены на разгляд на пленарным пасяджэнні падчас сесіі, над яго палажэннямі трэба актыўна і грунтоўна працаваць (аналізаваць, спрачацца, адстойваць, выпраўляць, улічваць меркаванні і заўвагі) у межсесіённы перыяд. Таму калі СМІ абвяшчаюць аб закрыцці чарговай сесіі і аб так званых “дэпутацкіх канікулах”, на самой справе гэта значыць, што ў парламентарыяў пачалася самая актыўная падрыхтоўчая, чарнавая работа над якасцю і зместам законапраектаў.

Рабочая група, якую я ўзначальваю як куратар законапраекта «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь», зараз рыхтуе праект закона да другога чытання. У групе працуюць  прадстаўнікі Міністэрства культуры, спецыялісты Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэк Беларусі, галоўных экспертна-прававых упраўленняў сакратарыятаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Звярну ўвагу на той факт, што, каб закон удасканаліць і зрабіць сучасным і карысным, дэпутаты аналізуюць практыку яго прымянення і вывучаюць меркаванні спецыялістаў-практыкаў. Я сустракалася з супрацоўнікамі бібліятэк Іўеўскага і Ашмянскага раёнаў для абмеркавання нормаў дадзенага акта і дзякую за прапановы, якія бібліятэкары  ўнеслі падчас нашых сутрэч. Дапаўненні, што прапануюцца для ўнясення ў закон, накіраваны на тое, каб бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў бібліятэк стала больш дасканалым і зручным: напрыклад, каб у чытача была магчымасць атрымаць кнігу па-за межамі бібліятэкі ці праз электронную дастаўку дакументаў. Важная справа і замацаванне неабходнасці стварэння Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў.

На сайце Міністэрства культуры ўсім зацікаўленым прапануюць прыняць удзел ва ўдакладненні праекта Кодэкса аб культуры. Калі мяркуецца завяршыць работу па яго падрыхтоўцы?

— Я ўваходжу ў рабочую групу пры Міністэрстве культуры па распрацоўцы праекта Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь. Мы выпрацоўваем праект адзінага сістэмнага і лагічнага дакумента, які створыць сучаснае прававое поле ў сферы культуры. Сёння ж у культуры дзейнічаюць сем законаў і больш за паўтары сотні іншых заканадаўчых актаў, прынятых у розны час, нормы якіх не заўсёды стасуюцца адна з адной, некаторыя палажэнні страцілі сваю актуальнасць. Жыццё падказала і новыя, сучасныя, нормы, якія яшчэ не маюць сілы закона і іх трэба замацаваць. Менавіта ўсе гэтыя пытанні павінен вырашыць кодэкс. Праект кодэкса пасля ўзгаднення з урадам паступіць у Парламент у красавіку 2015 года.

Акрамя актыўнага ўдзелу ў заканатворчым працэсе, адзін тыдзень у месяц вы працуеце ў Іўеўскай выбарчай акрузе. Якую работу вы праводзіце ў Іўеўскім, Ашмянскім, Лідскім раёнах?

— У цэнтры маёй ўвагі ў рэгіёне – дапамога канкрэтным людзям у вырашэнні жыццёвых праблем. Працуючы ў Іўеўскай выбарчай акрузе, я правяла 15 прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях, 8 «прамых ліній», 38 сустрэч з працоўнымі калектывамі, удзельнічала ў рабоце 5-ці сесій мясцовых Саветаў дэпутатаў і ў 8-мі пасяджэннях выканаўчых камітэтаў. За 2013 год разгледзела 101 зварот грамадзян, прыняла 121 выбаршчыка. Выбаршчыкаў хвалююць пытанні работы ЖКГ, прыватызацыі і будаўніцтва жылля, паляпшэння жыллёвых умоў, абслугоўвання дарог і работы транспарту, працаўладкавання, атрымання адраснай дапамогі, пытанні якасці медыцынскіх і адукацыйных паслуг. Па большасці пытанняў грамадзянам дадзены тлумачэнні (самыя актуальныя з іх друкуюцца на старонках “Ашмянскага весніка”, “Іўеўскага краю”, “Лідскай газеты”). 85 працэнтаў зваротаў грамадзян ужо вырашаны пры садзейнічанні райвыканкамаў. Рашэнне часткі праблем засталося на дэпутацкім кантролі.

У сваёй перадвыбарнай праграме я рабіла акцэнт на абароне духоўнасці і сямейных каштоўнасцей, мацярынства і бацькоўства, зберажэнні культурнай спадчыны, павышэнні сацыяльнага статусу педагога. І за год вызначыліся накірункі маёй дэпутацкай дзейнасці ў акрузе (блізкія мне па стану душы і папярэднім працоўным вопыце): дабрачыннасць і дапамога пэўным катэгорыям сямей, садзейнічанне ў рашэнні кадравага забеспячэння ўстаноў адукацыі і ўмацаванні прэстыжу педагагічнай прафесіі, сямейнае жыццеўладкаванне дзяцей-сірот і дапамога ў вырашэнні праблем прыёмных сем’яў, падтрымка і развіццё моладзевых ініцыятыў, культурна-асветніцкая дзейнасць і патрыятычнае выхаванне маладога пакалення.

Спадзяюся, што шэраг акцый, якія адбыліся па маёй ініцыятыве — “Падорым партфель першакласніку”, “Добры дзень, лета”, “Мары збываюцца”, “Нашы дзеці”, “Мы помнім”, — не проста прынеслі матэрыяльную дапамогу прыёмным і шматдзетным сем’ям, бацькам, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, не проста забяспечылі паўтары сотні дзяцей-сірот падарункамі, але і зрабілі наша жыццё больш правільным, прыгожым і духоўным.

Лічу, што арганізацыя цеснага супрацоўніцтва вядучай педагагічнай установы адукацыі – Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і аддзелаў адукацыі Ашмянскага, Іўеўскага і Лідскага раёнаў, да якой я маю непасрэднае дачыненне, дасць добрыя вынікі. Перад Днём настаўніка я запрасіла дырэктарскі корпус Ашмяншчыны ў БДПУ імя М. Танка на «круглы стол» па абмеркаванні якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў і на адкрытую лекцыю кандыдата псіхалагічных навук А.Лабанава. Кіраўнікі школ наведалі Парламент і сустрэліся з членамі нашай камісіі, прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і профільнага прафсаюза, каб задаць пытанні і выказаць меркаванні па праблемах адукацыі.

Я ініцыіравала, каб лепшыя студэнты педагагічнага ўніверсітэта выбралі для маршруту прафарыентацыйнай і патрыятычнай акцыі “Зорны паход” менавіта школы Іўеўскай акругі. Мяркую, што пасля наведвання месцаў баявой і працоўнай славы нашага рэгіёна (а Іўеўская акруга ўжо двойчы сустракала лепшыя атрады студэнтаў) будучыя педагогі выберуць сваім першым месцам працы менавіта нашы ўстановы адукацыі. Другі бок такой акцыі – старшакласнікі асэнсавана прыйдуць у будучым у прафесію педагога, што дапаможа вырашыць праблемы кадравага забеспячэння нашых устаноў адукацыі.

Актыўная грамадзянская пазіцыя фарміруецца з дзяцінства. Таму я садзейнічала стварэнню Маладзёжных палат пры Іўеўскім і Ашмянскім раённых Саветах дэпутатаў. Юныя лідары дапамагаюць ветэранам, пасадзілі 2 гектары лесу, прывялі ў парадак месца пахавання расстраляных яўрэяў, правялі дабрачынныя акцыі ў дзіцячых прытулках, арганізавалі шэраг флэш-мобаў. Лідары Іўеўшчыны былі запрошаны на сустрэчу ў Парламент, дзе пазнаёміліся з развіццём парламентарызму ў Беларусі і працэдурай падрыхтоўкі законаў, наведалі музей археалогіі Інстытута гісторыі. А ў выніку ў нас атрымаўся культурна-адукацыйны праект па археалагічным даследаванні мястэчка Геранёны і адкрыўся археалагічны летнік “Спадчына” пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Знаходкі юных археолагаў папоўнілі экспазіцыі Іўеўскага музея нацыянальных культур.

Як жанчыну мяне вельмі хвалюе пытанне сямейнага жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Прымаючы ўдзел у ток-шоу “Выбар”, я агучвала, што неабходна фарміраваць пазітыўныя адносіны да прыёмных сем’яў, што бацькам-выхавацелям неабходна псіхалагічная падтрымка. На гэтую мэту і накіраваны доўгачасовы праект “Акадэмія “Сям’я”, які з’явіўся па маёй ініцыятыве. Ён аб’яднаў выхаванцаў і бацькоў-выхавацеляў шасці дамоў сямейнага тыпу, што знаходзяцца на тэрыторыі нашай выбарчай акругі. Да рэалізацыі праекта падключаны прадстаўнікі мясцовай улады, раённых аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь”, спецыялісты аддзелаў адукацыі, спонсары.  Таму нашы “маленькія акадэмікі” ўжо пабывалі на Лідчыне, Ашмяншчыне, Іўеўшчыне, наведалі музычны тэатр і цырк у Мінску, былі ўдзельнікамі сапраўдных спартыўных спаборніцтваў, гледачамі канцэртаў і вандроўнікамі па казачных мясцінах. А для нашых мам-выхавацеляў створана поле канструктыўных зносін па абмену вопытам сваёй працы. “Акадэмія “Сям’я” жыве не фармальна, такі сапраўдны жыццяздольны і карысны праект атрымаўся.

Хто вам дапамагае арганізаваць дзейнасць у акрузе?

— Мае памочнікі – Тамара Пятроўна Соя, Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, Людміла Іванаўна Васілеўская, Лідзія Вайцехаўна Носуль – вельмі адказныя і неабыякавыя людзі. Дзякуючы ім я заўсёды ў курсе праблем выбаршчыкаў, і  пытанні мы вырашаем аператыўна.

Я выказваю словы шчырай падзякі кіраўнікам і работнікам апаратаў Ашмянскага, Іўеўскага і Лідскага райвыканкамаў за ўзаемасупрацоўніцтва ў вырашэнні праблем грамадзян.

Вельмі ўдзячна людзям шырокай душы і шчодрага сэрца, таму што ініцыіраваныя мной дабрачынныя акцыі без спонсарскай дапамогі атрымаліся б не такімі яскравымі і добрымі. А сума дапамогі выйшла зусім не маленькая – больш за 100 мільёнаў рублёў. Дзякую за супрацоўніцтва калектывам і іх кіраўнікам: ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” і Тамары Філіповіч, Ашмянскага сырзавода і Аляксандру Кавецкаму, ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” і Андрэю Эйсымонту, ААТ “Лідская абутковая фабрыка” і Ганне Панасюк, філіяла № 400 Гродзенскага абласнога ўпраўлення АСБ «Беларусбанк» і Вользе Тур, ПТУП «Западхимторг» і Аксане Рамук, СТАА «БурМантаж» і Дзмітрыю Кулакову, ПТУП «БайкСіці» і Артуру Пазнякову, ААТ “Смаргонская птушкафабрыка” і Міхаілу Новіку, СТАА “Еўраалвіта” і Міхаілу Юркевічу,  аддзелаў адукацыі і Святлане Баркоўскай, Валянціне Ус, Аляксандру Кадлубаю.

Я ўдзячна генеральнаму дырэктару ААТ “МАПІД” Івану Янчарскому, дырэктару Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандру Пятровічу, старшыням раённых грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз жанчын» Святлане Івуць і Людміле Каханоўскай, старшыні Лідскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»   Юрыю Острыкаву, дырэктарам Лідскай гімназіі №1 Наталлі Зайцавай, Іўеўскай пачатковай школы Алене Цімашэнка, сярэдняй школы № 1 г. Ашмяны  Міхаілу Гружэўскаму, прадпрымальнікам Сцяпану Станілку, Аляксандру Лісаю, Тэрэсе Янец, Генуэфе і Андрэю Лянга, Але Тацкойнавай,  Алегу Задарожыну, Таццяне Маркелавай, Ядзвізе Жэбрык, Івану Ашурку, Ірыне Сельскай, Тэрэсе Шаталавай, Віктару Бярнацкаму, Аляксандру Шчарбакову.

Як бачыце, сапраўдных людзей, для каго не існуе чужой бяды і чужых праблем, шмат.

Наталля Генадзьеўна, з якімі словамі вы хочаце звярнуцца да выбаршчыкаў Іўеўскай аругі?

Паважаныя выбаршчыкі, падкрэслю, што мы — грамадзяне Іўеўскага, Ашмянскага і Лідскага раёнаў, кіраўнікі і супрацоўнікі мясцовых райвыканкамаў, раённых арганізацый і прадпрыемстваў і я, як прадстаўнік вашых інтарэсаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — працуем сумесна.

Дзякую вам за актыўную жыццёвую пазіцыю, за парады і пытанні, інтарэс да парламенцкай дзейнасці. Мне сапраўды важна атрымліваць зваротную сувязь і ведаць розныя меркаванні. Такі дыялог дае магчымасць выверыць правільнасць і своечасовасць прымаемых рашэнняў.

Наперадзе нас з вамі чакае шмат добрых спраў дзеля развіцця  краіны і малой радзімы – Іўеўшчыны, Ашмяншчыны і Лідчыны, на карысць сваіх сем’яў. У сакавіку мы станем удзельнікамі важнай дзяржаўнай падзеі – выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. Не сумняваюся, што свае галасы аддадзім за самых актыўных, творчых і паважаных  кандыдатаў, за сапраўдных патрыётаў сваёй справы і нашай Беларусі.

Дзякуй вам за гутарку. Поспехаў і рэалізацыі новых ідэй.

Гутарыла Людміла Козел.

Тым, хто сочыць за работай парламентарыяў, падрабязную інфармацыю дасць сайт Палаты прадстаўнікоў www.house. gov.by. На ім размешчаны тэксты разглядаемых законапраектаў. І кожны грамадзянін можа азнаёміцца з імі, даслаць свае заўвагі. А задаўшы ў пошукавым радку прозвішча вашага дэпутата, вы можаце даведацца аб яго дзейнасці.

Свае пытанні і прапановы дэпутату Наталлі Кучынскай дасылайце на электронную пошту kuchynskaya-2012@tut.by.



1 комментарий по теме “«Мы працуем сумесна»

  1. А от ваших законопроэктов народу жить все хуже,дорогие для народа депутаты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *