У аб’ектыве – сямейныя традыцыі

Главное

Кожны з нас уваходзіць у жыццё грамадства праз браму сваёй сям’і. І, здаецца, ні з чым не параўнаеш прыцягненне роднага парога, бацькоўскага дома. Таму што чалавек павінен мець свой кут, свой бераг у моры жыцця. І, зразумела, кожная сям’я за час свайго існавання назапашвае пэўнае кола прадметаў, якія ўяўляюць сабой не толькі памяць пра мінулае, але і пэўную гістарычную і грамадскую каштоўнасць.


Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча ў мінулую пятніцу запрасіў усіх зацікаўленых на ўрачыстае адкрыццё выставы “Сям’я ў аб’ектыве”. Гэтае мерапрыемства сабрала ў сціплай музейнай зале даволі многа гасцей. Сярод гледачоў былі вучні 11 класа СШ № 3 з класным кіраўніком Ядзвігай Казіміраўнай Прасалоўскай. Але сапраўднымі героямі сталі прадстаўнікі сем’яў Ашмяншчыны, якім была прысвечана гэтая выстава.

Гэта сем’і майстроў-рукадзельнікаў Селістроўскіх і Свірскіх, сям’я аматараў турызма Кошань, доктарская дынастыя Лукашэвічаў і Гучыкаў, удзельнікі рэспубліканскай акцыі “Сям’я. Служым разам!” – сям’я Чэрскіх.

На выставе была прадстаўлена яшчэ адна сям’я, якой можа ганарыцца не толькі Ашмяншчына, але нават і ўся Беларусь. Гэта сям’я Францішка Казіміравіча Багушэвіча. З расказа пра яе пачалося ўласна мерапрыемства. Пра яго бацькоў нам вядома няшмат. Але відавочна, што добрыя дзеці бываюць у добрых бацькоў. І адзін з класікаў беларускай літаратуры, сапраўдны патрыёт не стаў бы тым, кім стаў, без уплыву сваёй сям’і. Ды і яго дзеці, Канстанцыя і Томаш, не падвялі ўжо сваіх бацькоў і таксама сталі годнымі людзьмі, якія сваімі здольнасцямі прыносілі карысць грамадству.

Затым адбылося знаёмства з гісторыяй сям’і Кошань. Яе прадстаўнікі – Ганна  і Юрый – расказалі пра свае поспехі і захапленні. Сярод іншага, юнак пазнаёміў прысутных з разнастайным альпінісцкім рыштункам, прадстаўленым на экспазіцыі. Дарэчы, гэтыя рэчы перадала дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства Тэрэза Вацлаваўна Кошань. Сама яна, на жаль, не змагла папрысутнічаць на адкрыцці выставы.

Былі прадстаўлены сем’і сапраўдных нашых умельцаў – Свірскіх і Селістроўскіх. Музейную залу ўпрыгожылі работы, зробленыя іх умелымі рукамі. Галіна Міхайлаўна Селістроўская, колішні дырэктар хлебазавода, паказала ўзоры сваёй вышыўкі. Усяго яна мае каля 120 работ, аднак дома іх значна менш. Справа ў тым, што пры ўсялякай добрай нагодзе Галіна Міхайлаўна дорыць свае работы родным і сябрам. Адказваючы на пытанні вядучых, жанчына падзялілася няхітрым сакрэтам свайго натхнення, якім аказалася імкненне да прыгажосці. Галіна Міхайлаўна выхавала траіх дзяцей і перадала ім свае ўменні. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, але не сядзіць склаўшы рукі, а дапамагае гадаваць унукаў, клапоціцца пра маці, якой ужо дзевяноста год, улетку ўпрыгожвае падворак. Таксама яна з’яўляецца сталай і актыўнай удзельніцай хору ветэранаў нашага раёна, таму невыпадкова на заканчэнне свайго кароткага выступу яна падарыла гасцям музычны падарунак. Ім стала песня “Одинокая бродит гармонь” пад акампанемент даўняга сябра музея і прафесійнага музыкі Эдуарда Горыда.

Творчасць стала прызваннем і паўсядзённай працай для Валянціны Казіміраўны Свірскай, якая працуе дырэктарам сельскага Дома народнай творчасці і рамёстваў ў вёсцы Паляны. Вынікі яе рознабаковай дзейнасці былі з цікавасцю сустрэты публікай. Яе муж, Міхаіл Гендрыкавіч, хоць па асноўнай працоўнай дзейнасці і не артыст, але з’яўляецца ўдзельнікам і салістам народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, таму яго голас можна пачуць не толькі на хатніх, але і на грамадскіх урачыстасцях. Таксама стараннямі галавы сямейства, сярод іншага, набыты дрэваапрацоўчы станок – вось што значыць сапраўдная ахвота майстраваць. Гэтая цікавасць перадалася і малодшаму сыну, які  з дзяцінства марыў працаваць з дрэвам. Валянціна Казіміраўна не толькі прадэманстравала ўласныя творы прыкладнога мастацтва, але і расказала невялікую байку. І нават не верылася, што Валянціна і Міхаіл – бацькі траіх дзяцей і ўжо нават маюць унука.

Наступнай выступіла сям’я, для якой слова “служба” – не пусты гук. Кіраўнік аператыўна-дзяжурнай службы Ашмянскага РАУС Дзмітрый Аляксандравіч Чэрскі і яго жонка, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў і выдатная скрыпачка Таццяна Віктараўна разам з дочкамі Юліяй і Марыяй расказалі пра свае агульныя захапленні і заняткі. Гэтая сям’я добра вядома не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Некалькі год таму менавіта сям’я Чэрскіх перамагла ў раённым і ўдзельнічала ў абласным конкурсе шматдзетных сем’яў. А ў мінулым годзе яны годна прадставілі Гродзеншчыну ў фінале рэспубліканскай акцыі “Сям’я. Служым разам!” Прыклад бацькі паўплываў на выбар прафесіі сына Дзмітрыя, які цяпер з’яўляецца курсантам факультэта міліцыі Акадэміі МУС Беларусі. Таццяна Віктараўна дуэтам з дачкой Юліяй выканалі чароўную мелодыю з рэпертуару гурта “Secret Garden” (“Таемны сад”).

І апошняй сям’ёй, якая была прадстаўлена на адкрыцці выставы, сталі прадстаўнікі дынастыі медыцынскіх работнікаў – урачы-стаматолагі Міхаіл Іванавіч і Ада Іванаўна Лукашэвічы. Гэты падцягнуты статны мужчына ўзначальваў аддзяленне стаматалогіі, а потым стаматалагічную паліклініку 35 год, яго жонка – таксама працавала доўгі час стаматолагам. І нават пасля выхаду на пенсію яны не пакінулі сваю прафесію і працягваюць працу – з 2006 году Міхаіл Іванавіч адкрыў індывідуальнае прадпрымальніцтва, Ада Іванаўна – яго “правая рука”, памочнік ва ўсіх справах. У прафесійнай дзейнасці яны строга прытрымліваюцца асноўнага прынцыпу клятвы Гіпакрата – не нашкодзь. Іх дзеці, Аляксей і Марына, перанялі адданасць і любоў да медыцынскай справы: сын таксама абраў спецыяльнасць стаматолага, дачка – загадчыца Цэнтральнай раённай аптэкі. Старэйшы сын Марыны Міхайлаўны Ілья пайшоў па шляху бабулі і дзядулі – ўжо сёлета ён заканчвае стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Як сказаў Міхаіл Іванавіч, развіццё медыцынскай навукі не стаіць на месцы, увесь час з’яўляюцца нейкія інавацыі. Разам з сынам на курсах павышэння кваліфікацыі ён ужо пабываў, цяпер марыць з’ездзіць на курсы з унукам. У невялікай асветніцкай лекцыі ён расказаў пра асаблівасці працы стаматолага, уменні і якасці медыка, а таксама даў некалькі карысных парад.

Завяршылася адкрыццё выставы прыгожай песняй у выкананні Марыны Гендрыкаўны Горыд, якой падпявалі ўсе ахвотныя. Гукі баяна і скрыпкі дапоўнілі прачуленае выкананне.

Вядучыя, навуковыя супрацоўнікі музея Ірына Бусловіч і Вольга Вінцаловіч правялі мерапрыемства на годным узроўні, яны ад імя ўсяго дружнага музейнага калектыву выказалі падзяку ўсім тым, хто аказаў дапамогу ў афармленні выставы і пагадзіўся выступіць на адкрыцці. Таксама супрацоўнікі музею падзякавалі за ўвагу прысутным. Сустрэча з таленавітымі, захопленымі адзінай мэтай сем’ямі Ашмянскага раёна прайшла вельмі плённа і карысна. Выстава “Сям’я ў аб’ектыве” працягнецца да сярэдзіны красавіка. Прыходзьце на яе са сваімі сем’ямі!

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *