Ад навукі дужэюць рукі

Образование

Пра навуку складзена безліч прыказак і прымавак. Беларускі народ заўсёды высока цаніў адукаванасць і дасведчанасць асобы, бо менавіта навука адкрывае неабсяжныя гарызонты, дапамагае знайсці сваё месца пад сонцам. Атрыманне дыплома аб вышэйшай адукацыі, на думку многіх маладых людзей, з’яўляецца своеасаблівым гарантам паспяховасці ў жыцці. Некаторыя ж не спыняюцца на гэтым і папаўняюць шэрагі магістрантаў. Магістратура – наступная прыступка, дзякуючы якой ёсць магчымасць паглыбіць прафесійныя веды, атрымаць новы вопыт. Ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна працуюць настаўнікі, якія ў свой час скончылі магістратуру і змаглі акунуцца ў навуковы вір. Што дала ім магістратура? Чым адрозніваецца магістрант ад студэнта? Ці дапамагаюць атрыманыя веды ў працоўнай дзейнасці? Гэтыя пытанні мы задалі выпускнікам магістратуры.

Ганна Юралевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1г. Ашмяны:

— У 2019 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а ў канцы чэрвеня накіравала дакументы ў магістратуру (спецыяльнасць – “мовазнаўства”). Падчас вучобы актыўна займалася даследчай дзейнасцю, друкавалася ў зборніку навуковых прац “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны” з наступнымі артыкуламі: “Назвы пабудоў для ўтрымання свойскай жывёлы на Гродзеншчыне”, “Назвы жылых будынкаў і іх частак у беларускіх гаворках”, “Назвы гаспадарчых пабудоў у гаворках Гродзеншчыны”, “Этнакультурныя і этналінгвістычныя асаблівасці вывучэння семантычнага поля “Сялянская сядзіба”, “Назвы пабудоў для захавання прыладаў працы і сельскагаспадарчай прадукцыі ў беларускіх гаворках”. Для мяне было надзвычай цікава даследаваць асаблівасці мясцовых гаворак, параўноўваць навуковыя дадзеныя. Гэта вельмі захапляльны працэс, які ўключае ў сябе вывучэнне адпаведнай літаратуры, збор разнастайных дадзеных, пераапрацоўку і аналіз атрыманай інфармацыі, фарміраванне пэўных гіпотэз. Тэма маёй магістарскай працы – “Этналінгвістычнае апісанне беларускай сялянскай сядзібы”. Праца над магістарскай дысертацыяй заняла шмат часу, за які  былі сфарміраваны многія патрэбныя якасці: уменне крытычна адносіцца да любой інфармацыі, аналітычныя здольнасці, ажыццяўленне пошукавай дзейнасці. Усё гэта вельмі дапамагала. Маім навуковым кіраўніком была Жанна Сямёнаўна Сіплівеня. Менавіта яна аказала значны ўплыў на маё станаўленне і фарміраванне ў навуковай сферы. На мой погляд, беларуская мова непасрэдным чынам звязана з культурай і традыцыямі нашага народа. Я заўсёды імкнулася знайсці і паказаць гэту тонкую сувязь. У красавіку 2021 года я скончыла магістратуру. Зараз прыгадваю той час з цеплынёй і замілаваннем, а атрыманыя веды актыўна выкарыстоўваю ў сваёй педагагічнай дзейнасці: пры правядзенні ўрокаў, факультатыўных заняткаў, а таксама пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый.

Ганна Бярнацкая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 г. Ашмяны:

— Я скончыла вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў 2019 годзе. У тым жа годзе стала магістранткай. Мая вучоба зацягнулася яшчэ на адзін год, але  вучыцца падабалася, бо я любіла і люблю пазнаваць новае і невядомае. Мне здаецца, што вывучэнне мовы і літаратуры адкрывае свет. Той год быў для мяне вельмі насычаным: новыя выкладчыкі, група, першае працоўнае месца. Вучобу ў магістратуры я сумяшчала з працай ў цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей. Там я выкладала беларускую мову і літаратуру. На той момант мне не хацелася быць “вечным студэнтам”, я адчувала, што магу даваць веды вучням. Ніколі не забуду тых сваіх першых вучняў – адкрытых, добрых, жыццярадасных. Яны з задавальненнем чакалі маіх урокаў і вучылі мяне радавацца жыццю і першым поспехам. Па-за працай мяне чакала іншая дзейнасць. Здача кандыдацкага мінімума, напісанне дысертацыі, пошукавая праца – усё гэта мяне на той момант заварожвала і захапляла. Тэма маёй дысертацыі была звязана з вывучэннем творчасці малавядомага пісьменніка. Прыходзілася па крупінках збіраць факты, наведваць розныя бібліятэкі, звяртацца да архіўных звестак. Крок за крокам я павышала свой узровень, а кожны адшуканы факт прыносіў сапраўднае задавальненне. Я лічу, што магістрант адрозніваецца ад студэнта большай самастойнасцю і скіраванасцю да навуковай дзейнасці. Магістратура стала для мяне цудоўнай школай: тут я працягнула навучанне і прыйшла да галоўнай высновы – з прафесіяй я не памылілася. Зараз я часта звяртаюся да сваёй даследчай працы. І, шчыра кажучы, лічу час вучобы ў магістратуры плённым і вельмі насычаным.

Гутарыла Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *