Вольга Кулак: клапатлівая жонка, уважлівая маці, апантаная і творчая асоба

Общество

У кожнай жанчыны зазвычай мноства роляў: маці, жонка, гаспадыня, сяброўка, сястра. Пералік можна весці бясконца. Столькі незвычайнага хараства і велічы хаваецца ў сэрцы кожнай, на першы погляд, кволай жанчыны. Безліч талентаў і невычэрпны творчы патэнцыял увабрала ў сябе прыгожая палова чалавецтва.

Фельчар хуткай дапамогі, дбайная гаспадыня, матуля траіх дзетак, творчая асоба — усё гэта Вольга Кулак. З самага дзяцінства Вольга палюбіла творчасць. Яе прываблівалі рэчы, зробленыя сваімі рукамі. Дзяўчына пачала сябе спрабаваць у розных накірунках: вязанні, пляценні, шыццю. Аднак сапраўднае захапленне прыйшло падчас вучобы ў медыцынскім каледжы. Сяброўка займалася вышыўкай. Нярэдка разам з ёй даводзілася наведваць спецыялізаваныя крамы, шукаць ніткі адпаведнага колеру. Пейзажы, партрэты, абразы, дзіцячыя метрыкі — Вольга назірала за разнастайнасцю прац сяброўкі і марыла паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе. І аднойчы вырашылася. Так пачаўся цікавы шлях у свет творчасці.

З кожнай новай працай расла цікавасць да справы. Падтрымліваў Вольгу і будучы муж Павел. Разам яны выбіралі сюжэты для новых карцін, а калі Павел пайшоў у войска, дзяўчына пачала вышываць чарговую карціну. Гэтая праца падавалася ёй бясконца доўгай і складанай, аднак кожны новы крыжык на палатне набліжаў доўгачаканы дзень сустрэчы. Зараз гэтая карціна ўпрыгожвае адну са сцен дома. Яна стала сапраўднай рэліквіяй для сям’і. Свае карціны Вольга дорыць родным, сябрам, знаёмым. Рукадзельніца зазначае, што кожная праца захоўвае цеплыню  — не толькі яе рук, але і сэрца.

У сям’і Вольгі і Паўла падрастае трое дзетак: Сафія і Міраслаў —школьнікі, а маленькаму Арцёму два гады. Матуліна любоў да творчасці і самараскрыцця перайшла і да дзяцей. Сафія займаецца ў Гальшанскай школе мастацтваў, прымае ўдзел у музычных конкурсах. Дыпломы і граматы ўпрыгожваюць яе пакой. Арцём і Міраслаў — галоўныя дарадцы на кухні. Са з’яўленнем дзетак у Вольгі з’явілася яшчэ адно захапленне — выпечка. Яе торцікі, пірагі і іншая здоба нікога не можа пакінуць абыякавым. На святы гаспадыня радуе хатніх маленькімі кулінарнымі шэдэўрамі.

У летні час працы заўсёды дастаткова, а зімовымі ціхімі вечарамі Вольга сядае за вязанне. З-пад пруткоў майстрыхі выходзяць пухнатыя камізэлькі, мяккія шкарпэткі, цёплыя пінеткі. Вольга — сапраўдная гаспадыня. Яе дзень распісаны па хвілінах: прыгатаванне ежы для сям’і, заняткі з дзецьмі, а летам — яшчэ і праца на ўчастку. Ёй няма калі нудзіцца, сумаваць, бо кожны яе дзень насычаны новымі падзеямі, вялікімі планамі і працоўнымі здзяйсненнямі.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *