На будынку па вуліцы Савецкай з’явіцца намалёваны трыпціх?

События

Больш месяца назад на сцяне будынка па вуліцы Савецкай, дзе пад адным дахам месціцца фірменная крама ашмянскага мясакамбіната “Пачастунак” і кафэ “Галактыка”, пачалі вырысоўвацца дзіўныя малюнкі. Для нашага горада гэта незвычайная падзея, таму жыхары спачатку назіралі здаля за тым, што адбываецца, а пасля пачалі падыходзіць да мастачкі Святланы Даманавай, каб задаволіць сваю цікаўнасць. Не прамінулі звярнуцца да аўтара роспісу сцен і карэспандэнты раёнкі.

Аказваецца, роспіс на сцяне “Пачастунка” ‑ гэта ўсяго толькі першая частка трыпціха “Тры старасты ашмянскія – Радзівіл, Сапега, Агінскі. XVI-XVIIIст”.

Мікалай Радзівіл Руды ‑ сын легендарнага Юрыя Радзівіла, празванага “літоўскім Геркулесам”, пакінуў у гісторыі след як актыўны абаронца незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага і на сойме, і на полі бітвы. Ён быў адным з наймацнейшых магнатаў свайго часу, таму і Ашмяны пры яго старостве дасягнулі адметнага росквіту.

Сюжэт карціны, што адкрываецца гараджанам і гасцям горада са сцяны крамы, просты і зразумелы: “Стараста са сваёй світай едзе з Вільні. Раптам карэта спыняецца. Ён выходзіць на вуліцу ў Ашмянах, каб запытацца ў фурмана, чым выкліканы незапланаваны прыпынак. Аказваецца, наперад выбег сабачка, вось коні ад яго брэху і спыніліся…”

Другі стараста ашмянскі Павел Стэфан Сапега разам са сваёй жонкай Альжбетай “аблюбуе” сцяну краязнаўчага музея. Пра гэтага грамадскага і ваеннага дзеяча  ашмянцам расказваць не трэба. Усе мы ведаем яго як уладальніка замка ў Гальшанах. Падканцлер літоўскі, стараста ашмянскі і гомельскі зрабіў шмат для развіцця  нашай зямлі.

ХVIII стагоддзе прадстаўлена старастам Андрэем Агінскім, бацькам знакамітага кампазітара, аўтара паланеза “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага. Сюжэтная карціна з гэтай выбітнай асобай – ваяводам трокскім, упаўнаважаным паслом Рэчы Паспалітай у Пецярбурзе і паслом у Вене —  будзе намалявана на сцяне крамы “Гурман”.

Па словах архітэктара, дырэктара гальшанскай фірмы “Нефпраект” Ігара Раханскага, трыпціх ‑ гэта адна з частак агульнага музейнага комплексу, канцэпцыя якога распрацавана разам з калегамі і аднадумцамі. Гісторыя Ашмян ХVI – XVIII ст. і знакавыя асобы таго часу ўдала спалучаюцца з сучаснасцю і падаюцца ў выглядзе зандажу (даследаванне архітэктурных форм будынка раскрыццём кладкі альбо участак адкрытай кладкі).

Мастачка Святлана Даманава насценным вонкавым роспісам займаецца ўпершыню, таму ёй і самой вельмі цікава ажыццяўляць задуму і спасцігаць новую тэхніку. Напачатку было нязвыкла і складана, бо шмат часу заняў падбор фарбаў, прыдатных для вонкавых работ, дасканала рыхтавалася аснова пад роспіс, абмяркоўваліся элементы касцюмаў той эпохі. Зараз работы ідуць хутчэй і ўжо можна назіраць пэўны рэзультат.

З’яўленне роспісу на сценах будынкаў нашага горада ‑ не толькі магчымасць мясцовым жыхарам далучыцца да гісторыі, але і адкрыць для сябе нязведаныя яе старонкі.

Аліна САНЮК
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



4 комментария по теме “На будынку па вуліцы Савецкай з’явіцца намалёваны трыпціх?

  1. Цікава атрымоўваецца.

    А да XIV i XV стагоддзяў справа не дойдзе? 🙂 Старосты ж і з тых часоў вядомыя.

  2. Зразумейце правільна: задума не расказаць аб усіх старастах, а ўсяго толькі адлюстраваць праз трыпціх пэўны адрэзак гісторыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *