В Гродно прошёл сырный фестиваль: фоторепортаж

События

У мінулыя выхадныя ў Гродне прайшоў сырны фестываль, на які з’ехаліся вытворцы з усёй рэспублікі. Не прамінулі наведацца на сырны фэст і ашмянскія сыраробы, каб, як кажуць, і сябе паказаць, і на другіх паглядзець.

А паглядзець на свяце і насамрэч было на што. У Сырнай галерэі былі прадстаўлены не толькі вытанчаныя сырныя канапэ ў выглядзе жоўтых ветразяў і кветкавых мініяцюр, але і мастацкія карціны. Напрыклад, сырныя сланечнікі маглі па праву спрачацца з шэдэўрам Ван Гога. А вось архітэктурнымі мініяцюрамі Каложы, абласнога драматычнага тэатра, Мірскага замка хацелася любавацца бясконца: адпраўляць у рот гэту прыгажосць  рука не паднімалася. Усе гэтыя ласункі і далікатэсы былі пададзены ў музычным абрамленні лепшых  мастацкіх калектываў Гродзеншчыны.


Ашмянцы ўпрыгожылі свой павільён, які складаўся з дзвюх палатак, сырнай выявай свайго брэнда – жар-птушкай, што была выразана з сырнага саракакілаграмовага пласта, а таксама кампазіцыяй, асновай для якой стаў велізарны гарбуз. Народны ансамбль народнай песні “Жытніца” Кракоўскага СДК спецыяльна да фэсту падрыхтаваў песню пра ашмянскіх сыраробаў, якой пакарыў не толькі журы, але і гродзенцаў, што завіталі ў выхадны дзень у парк Жылібера.


Хто ведае, мажліва і казачная птушка паспрыяла перамозе калектыву Ашмянскага сыраробнага завода філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” адразу ў некалькіх конкурсах. У конкурсе прафесіяналаў-сыраробаў ашмянскі сыр “Фітнес-чыз”  стаў лепшым сярод сыроў, фармуемых з пласта. Народная дэгустацыя, дарэчы самая справядлівая, таксама аддала перавагу нашаму сыру “Спецыяна”, тэхналогія якога была спецыяльна распрацавана да фестывалю. У конкурсе павільёнаў ашмянцы раздзялілі першае месца са сваімі калегамі з Гродна – ААТ “Малочны Мір”.


Аднак казка казкай. Адно відавочна, што ў перамозе на фестывалі заслуга ўсяго  калектыву ашмянскіх вытворцаў: ад кіраўніка да вадзіцеляў і грузчыкаў, дзе кожны імкнецца працаваць на рэзультат і клапоціцца аб тым, каб прадукцыя завода была не толькі смачнай і якаснай, але і канкурэнтаздольнай як на спажывецкім рынку Беларусі, так і за мяжой. У прызнанне, якое атрымаў ашмянскі сырзавод не толькі ад членаў шаноўнага журы, але і жыхароў Гродзенскага краю, дастойную лепту ўнеслі дырэктар завода Аляксандр Кавецкі, намеснік дырэктара па вытворчасці Станіслаў Раціна, начальнік аддзела збыту і маркетынгу Наталля Блажыеўская, спецыялісты па маркетынгу Алена Шамбецкая і Максім Ляпеха, вядучы інжынер-мікрабіёлаг Святлана Ганчарык, начальнік вытворчасці Святлана Макарэвіч, аператар ЭВМ Наталля Юшкевіч, сакратар Святлана Ларына, намеснік начальніка аддзела збыту і маркетынгу Святлана Пячкоўская, інжынер па кіраванні якасцю і стандартызацыі Сяргей Кавалеўскі, намеснік галоўнага бухгалтара Анжэла Зяневіч, начальнік сыраробнага цэха Станіслава Чайка. Душу і сэрца ўклалі ў вытворчасць сыроў “Фітнес-чыз” і “Спецыяна” майстры-сыраробы пятага разраду Аляксандра Барташэвіч і Валянціна Яркевіч.


З  сырнага фестывалю ашмянцы вярнуліся ў прыўзнятым настроі, з дыпломамі, некалькімі тэлевізарамі і мікрахвалёўкай.

Аліна САНЮК
Фота Максіма ЛЯПЕХІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *