Мабільная бібліятэка абслугоўвае жыхароў аддаленых вёсак Ашмянскага раёна

Культура

Нягледзячы на тое, што сёння асноўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца Інтэрнэт, роля бібліятэк усё ж такі не змяняецца. Больш таго, значна пашырыўся пералік бібліятэчных паслуг, удасканальваюцца ўнутрыбібліятэчныя тэхналогіі і формы бібліятэчнага абслугоўвання. З мэтай пашырэння функцыянальных магчымасцей сучаснай бібліятэкі выкарыстоўваецца мабільная перасоўная сістэма абслугоўвання чытачоў аддаленых вёсак — бібліобус. На тэрыторыі нашага раёна бібліобус Ашмянскай раённай бібліятэкі пачаў сваю работу ў 2009 годзе. Святлана Кавецкая стала першым бібліятэкарам у гэтым новым і перспектыўным напрамку работы з чытачамі ў вёсцы. Пры падтрымцы калег Кацярыны Гарлуковіч, Алены Гушчы, Вольгі Швец, Ірыны Баркоўскай, Святланы Галінскай, Алены Дашчынскай прадумваліся маршруты бібліятэкі на калёсах, вывучаліся чытацкія запыты. 5 гадоў прысвяціла рабоце на бібліобусе Галіна Аніхоўская. Нельга не адзначыць і работу вадзіцелей Міхаіла Кавалёнка і Эдмунда Анюхоўскага, якія разам з бібліятэкарамі наладжвалі гэты працэс. Сёння вадзіцелем бібліобуса працуе Павел Гарлуковіч.

Пачынаў работу бібліобус з абслугоўвання 5 — 6 вёсак, а сёння перасоўная бібліятэка выязджае ў 50 населеных пунктаў па 14 маршрутах. Бібліятэкар Галіна Лагвіненка абслугоўвае 700 чытачоў і наведвае кожны населены пункт раз у месяц.

Трэба сказаць, што ў аддаленых вёсках пражыве дастаткова людзей сярэдняга і нават маладога ўзросту, таму літаратура, якую прывозіць бібліобус, розная. Больш запатрабавана мастацкая літаратура: жаночыя раманы, дэтэктывы, класіка. Папулярнасцю карыстаюцца часопісы “Гаспадыня”, “Кудесница”, “Планета”, “Сад, огород – кормилец и лекарь”, “Все для женщины”, “Сваты” і іншыя. Частка літаратуры прывозіцца па заяўках. Гэта кнігі па тэхніцы, рукадзеллю, сельскай гаспадарцы. З нецярплівасцю чакаюць вяскоўцы свежыя газеты. Бібліобус мае сваю падпіску, але ў асноўным яго фонд фарміруецца з агульнага фонду раённай бібліятэкі.

Выезды ажыццяўляюцца згодна з графікам работы па запланаваных маршрутах. Чытачы загадзя інфармуюцца аб прыездзе бібліятэкі, графік друкуецца ў раённай газеце і размяшчаецца на сайце раённай бібліятэкі. На сваім маршруце бібліобус робіць шэраг прыпынкаў, а ў абслугоўванні насельніцтва выкарыстоўваецца індывідуальны падыход.

Алена ЯНКОЎСКАЯ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *