Што такое банэт і кальбак? Адказы шукайце на выставе ў Ашмянскім краязнаўчым музеі

Культура

У Ашмянскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Ашмяншчына ў вайне 1812 года». Зварот да гэтай падзеі цалкам апраўданы – 210 гадоў аддаляюць нас ад той трагічнай старонкі ў гісторыі. Ашмяншчына аказалася на галоўным шляху, якім рухалася войска Напалеона Банапарта. На нашых землях вайна пракацілася двойчы, несучы з сабой пакуты і разбурэнні.

Сёння аб тых гістарычных падзеях шмат захавалася як пацверджаных фактаў, так і міфаў. Адзін з іх звязаны з наведваннем Ашмян самім Напалеонам: нібыта ён спыняўся ў ашмянскай карчме. А яшчэ існуе легенда аб карэце з напалеонаўскім скарбам. Пошукі нарабаваных французамі багаццяў працягваюцца да гэтага часу, аднак на той след так ніхто і не патрапіў.

Пытанне пра скарб было адрасавана і рэканструктару і калекцыянеру Канстанціну Дземідовічу, які прадставіў на выставе мундзіры, а таксама рыштунак той пары са сваёй калекцыі. Абмундзіраванне вайскоўцаў Вялікай французскай і Рускай імператарскай армій выклікала цікавасць у наведвальнікаў. Аповед калекцыянера пра незвычайныя экспанаты суправаджаўся змястоўнай інфармацыяй аб Айчыннай вайне 1812 года.

Чым харчаваліся на прывале вайскоўцы, што апраналі, які выгляд меў паходны ранец, што ў ім змяшчалася і што ўяўляла сабой пасудзіна для вады – гэтая інфармацыя была ў аднолькавай меры цікавай як дарослым, так і вучням другой і трэцяй гарадскіх школ, якія зазірнулі ў музей разам са сваімі настаўнікамі.

Канстанцін Дземідовіч дазволіў не толькі пакратаць экспанаты, але і апрануць элементы абмундзіравання і зрабіць на памяць сэлфі. А невялікая віктарына напрыканцы замацавала “пройдзены” матэрыял і парадавала прыемнымі сувенірамі ад работнікаў музея – за ўважлівасць і цікавасць да гісторыі.

Рыхтуючыся да выставы, супрацоўнікі музея ў сваіх фондах адшукалі літаграфіі і фотаздымкі, якія датычацца вайны з Напалеонам. Калісьці гэтыя матэрыялы былі перададзены нам Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеем імя Баграціёна, а сёння дапоўнілі выставу аўтара гістарычных касцюмаў Канстанціна Дземідовіча.

Год назад Канстанцін выстаўляў частку сваёй калекцыі ў нашым музеі: тады на выставе была прадстаўлена вайсковая вопратка ад часоў Вялікага Княства Літоўскага да Другой сусветнай вайны, якую апраналі на нашых землях ваяры з ХІІІ па ХХ стагоддзі.

Сёння з калекцыяй мундзіраў апантанага аматара гісторыі, а таксама прадметамі ўжытку розных эпох можна больш шырока пазнаёміцца ў Крэве, дзе знаходзіцца аграсядзіба Канстанціна пад назвай “Зорка Крэва”.

А калі вы пакуль не настроены адправіцца ў падарожжа, то маеце магчымасць наведацца ў Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча: выстава будзе працаваць на працягу месяца. Тут вы даведаецеся, што такое банэт, кальбак, лейбік і ківер і зможаце пабачыць гэтыя элементы вайсковага абмундзіравання ўвачавідкі, а разам з тым папоўніць свае веды па гісторыі вайны з Напалеонам Банапартам.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *