Жнівеньская нарада: аб выніках працы, якасці адукацыі, прыярытэтных накірунках

Образование События

«Кажуць, у Бога ёсць толькі адна прафесія — настаўнік. Усе астатнія — ад настаўніка, — такімі словамі пачаў на чарговай жнівеньскай нарадзе свой зварот да маладых калегаў дырэктар Барунскага ВПК Франц Вацлававіч Станулевіч. — Жадаю, каб пра кожнага з вас маглі сказаць: гэта настаўнік ад Бога». Такую адзнаку хацелі б пачуць многія. І гэта магчыма, толькі трэба шмат працаваць, самаўдасканальвацца і заўсёды помніць пра вынік — якасць ведаў вучняў, іх паступленне, высокія паказчыкі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэтая думка чырвонай ніткай прайшла праз усю канферэнцыю, галоўным пытаннем якой стала вызначэнне прыярытэтных накірункаў развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі.

У абмеркаванні рэзалюцыі прыняла ўдзел не толькі педагагічная грамадскасць — настаўнікі, адміністрацыя, але і прадстаўнікі мясцовых органаў улады, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Генадзьеўна Кучынская, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Святлана Віктараўна Федарцова.

Віншуючы педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, своеасаблівай «пасяўной», старшыня раённага выканаўчага камітэта Міраслаў Эдмундавіч Сарасек выказаў падзяку за добрую падрыхтоўку ўстаноў адукацыі і пажадаў творчага росту, цярпення і старанных вучняў.

Прывітанне ад членаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы перадала настаўнікам Наталля Генадзьеўна Кучынская, якая расказала аб рабоце дэпутатаў, запрасіла да ўдзелу ў парламенцкіх слуханнях па Кодэксу аб адукацыі, а таксама скіравала ўвагу прысутных на якасць працы кожнага настаўніка, якасць навучання дзяцей.

Перш чым абазначыць задачы на новы навучальны год, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Мікалаеўна Баркоўская спынілася на важнейшых дасягненнях. А гэта перш за ўсё трэцяе месца, якое атрымаў аддзел адукацыі ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы. Тры ўстановы адукацыі сталі лаўрэатамі конкурсу “Брэнд сістэмы адукацыі вобласці — 2013”. У студзені 2013 года ў мікрараёне Заходні ўведзены ў дзеянне дзіцячы сад — новабудоўля на 190 месцаў, дзякуючы чаму вырашана праблема забяспечанасці месцамі ў гарадскіх установах дашкольнай адукацыі.

Сёлета ў раёне выдадзена 29 пасведчанняў з адзнакай вучням 9-ых класаў. Дваццаць адзін вучань закончыў сярэднюю школу з залатым і сярэбраным медалём. Больш за 90 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні набралі шэсць нашых выпускнікоў.

У красавіку 2013 года заключаны дагавор паміж аддзелам адукацыі і ГрДУ імя Я.Купалы, які дазволіць развіваць супрацоўніцтва ў межах работы з высокаматываванымі вучнямі.

Пэўныя вынікі ёсць і ў рабоце з адоранымі дзецьмі. На абласным этапе алімпіяд раён атрымаў тры дыпломы. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды рэзультатыўна выступіла вучаніца 9 класа Навасёлкаўскага ВПК Ангеліна Хілінская, якая атрымала дыплом трэцяй ступені па беларускай мове і літаратуры. Па выніках канферэнцыі “Крыштальная альфа” вучаніца гімназіі № 1 г.Ашмяны стала прызёрам, атрымаўшы дыплом трэцяй ступені па хіміі.

За дасягненні ў розных накірунках 21 вучань узнагароджаны прэміяй старшыні Ашмянскага райвыканкама “Надзеі Ашмяншчыны”. У 2013 годзе вучань сярэдняй школы №1 г.Ашмяны Вадзім Лукашэвіч атрымаў прэмію Гродзенскага абласнога камітэта імя Героя Беларусі А.І. Дубко.

Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў сталі ў мінулым годзе чатыры вучні раёна – пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды 2012 года: Георгій Камянецкі, Ангеліна Хілінская, Міхаіл Чарнушэвіч, Алена Гаштольд.

Па выніках юбілейнай XV Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ў рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Я — грамадзянін Беларусі» пераможцамі сталі настаўнікі Жупранскай СШ, Граўжышкоўскага ВПК, СШ №3.

Навучэнцамі і педагогамі раёна заваяваны 94 прызавыя месцы ў абласных конкурсах і 4 прызавыя месцы ў конкурсах рэспубліканскага ўзроўню.

Гаспадарчым спосабам выканана работ па бягучым рамонце больш як на 3 мільярды рублёў. Найбольшы аб’ём работ выкананы СШ №1, Дакурнішскім ВПК, Навасёлкаўскім ВПК, СШ №2, СШ №3, я/с №4.

На падрыхтоўку да новага навучальнага года выкарыстана 4967,7 млн. рублёў, у тым ліку бюджэтных – 3989,9 млн. рублёў, пазабюджэтных – 532,3 млн. рублёў, спонсарскай дапамогі – 445,5 млн. рублёў. Дзякуючы дапамозе дырэктара ААТ ”Ашмянскі мясакамбінат” Т.У. Філіповіч, старшыні СВК «Гальшанскі» М.М. Праўко, дырэктара Смаргонскага лясгаса В.Г. Ляха праведзена замена траўманебяспечнага асфальтавага пакрыцця тэрыторый, пад’язных шляхоў ясляў-сада №3, праведзены рамонты ценявых навесаў на гульнявых пляцоўках. Да пачатку новага навучальнага года акты падрыхтаванасці атрымалі ўсе ўстановы адукацыі.

За кожным з гэтых вынікаў стаіць руплівая праца настаўнікаў, адміністрацыі, работнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму. Менавіта таму лепшыя з лепшых па традыцыі атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны настаўнік музычна-тэарэтычных дысцыплін СШ №3 Валянціна Фёдараўна Рэут, намеснік дырэктара СШ №1 Святлана Рамуальдаўна Жукоўская. Грамату Міністэрства адукацыі атрымаў таксама настаўнік працоўнага навучання Мураванаашмянкоўскага ВПК Генадзь Іванавіч Швабовіч.

Дыпломамі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў адзначана праца настаўнікаў фізічнай культуры СШ №3 Часлава Аляксандравіча Унукевіча, Віктара Іванавіча Багдановіча, трэнера-выкладчыка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксандра Аляксеевіча Дзенісенкі, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскага ВПК Наталлі Славаміраўны Макарэвіч. Падзячнае пісьмо Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў атрымала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Тамара Уладзіміраўна Сахарчук. Ганаровую грамату Ашмянскага райвыканкама ўручылі загадчыцы ясляў-сада аг. Кракоўка Святлане Іванаўне Яблонскай, падзячным пісьмом старшыні Ашмянскага райвыканкама ўзнагароджана метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Іванаўна Яўташук.

Важкі стос грамат і падзяк абласнога і раённага ўзроўню перададзены ва ўстановы адукацыі для ўручэння на педагагічных саветах і ўрачыстых лінейках, прысвечаных пачатку новага навучальнага года.

Як і заўсёды на жнівеньскай нарадзе, былі агучаны станоўчы вопыт развіцця ўстановы адукацыі, цікавыя педагагічныя знаходкі, якімі ахвотна дзяліліся з прысутнымі загадчыца яслямі-садам аг. Гальшаны Ганна Міхайлаўна Каваліцкая, дырэктар СШ №1 Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, настаўніца хіміі і біялогіі гімназіі №1 Вольга Мікалаеўна Вінцкоўская, настаўнік-дэфектолаг СШ №1 Ганна Баляславаўна Яхімовіч.

Педагогаў заклікалі да дыялогу, шматгалосся і сумеснай пастаноўкі задач на новы навучальны год: на працягу ўсяго пасяджэння ў зале працаваў «свабодны мікрафон», якім мог скарыстацца кожны, каб унесці прапанову ў рэзалюцыю. Дарэчы, сярод шматлікіх мэтаў, якія стаяць перад педагогамі, на першым месцы — забеспячэнне якасці адукацыі праз высокія вынікі ў алімпіядным руху, падрыхтоўку вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання.

Сур’ёзную працу на нарадзе суправаджалі шчырыя дзіцячыя ўсмешкі і музычныя падарункі, якімі сустрэлі вучні і выхаванцы дзіцячых садкоў сваіх настаўнікаў. Завяршылася канферэнцыя святочным канцэртам.

Людміла КОЗЕЛ

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *