На базе Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К. Багушэвіча адбылося метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў школьных музеяў

Культура

“Пазнаём Ашмяншчыну разам”пад такой назвай адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школьных музеяў, педагогаў дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага профілю Ашмянскага раёна. Да настаўнікаў-краязнаўцаў далучыліся вучні – слухачы інтэрактыўнай “Школы юных краязнаўцаў”, якая ўжо другі год працуе ў Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Мерапрыемства прайшло на базе Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К. Багушэвіча.

Жупраны – гістарычная мясціна, размешчаная пры старым Віленскім паштовым тракце, вядомая яшчэ з 1407 года.  Шматлікія гістарычныя падзеі не абмінулі Жупраны, і біяграфіі вялікай колькасці знакамітых людзей таксама звязаны з гэтай мясцінай: Войцеха Монвіда, Мікалая Радзівіла, Адама Гутэн-Чапскага, Напалеона Банапарта, — але найперш прыпамінаецца імя беларускага паэта Францішка Багушэвіча.

У цэнтры населенага пункта на невялікай плошчы ўстаноўлены помнік песняру, выкананы вядомым беларускім скульптарам Заірам Азгурам. Тут і пачалася сустрэча. Вучні жупранскай школы распавялі аб гісторыі славутасцей мястэчка, а затым запрасілі ў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, дзе змешчана мемарыяльная дошка ў гонар Багушэвіча. Ну і, канечне, нельга было не наведаць магілу беларускага паэта, які пакоіцца на могілках побач з касцёлам.

Далей удзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў жупранскую школу, дзе працуе літаратурны музей Ф. Багушэвіча. На парозе школы ўсіх гасцінна прывітаў дырэктар школы Уладзімір Бізюк, а кіраўнік музея Галіна Лукша запрасіла на музейны занятак па творчасці выбітнага паэта. Музейныя экспанаты, якія адлюстроўваюць творчую дзейнасць песняра, тэатралізацыя вучнямі школы яго твораў перанеслі прысутных у другую палову ХІХ стагоддзя, калі Францішак выступаў з прамовамі перад землякамі, калі трымаў у руках першы свой зборнік “Дудка беларуская”,  калі адпявалі яго ў жупранскім касцёле простыя людзі – прыхільнікі  таленту паэта.

Пасля музейнага занятку настаўнікі-краязнаўцы на інструктыўна-метадычнай нарадзе абмеркавалі пытанні арганізацыі краязнаўчай і музеязнаўчай дзейнасці. Вопытам работы савета этнаграфічнага музея Навасёлкаўскай сярэдняй школы падзялілася Вольга Шведава-Юніцкая, якая падкрэсліла ролю савета музея ў ажыццяўленні яго практычнай дзейнасці, рэалізацыі музейных праектаў і мерапрыемстваў. Вольга Эвейшыс, кіраўнік народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага, распавяла аб арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў у галіне краязнаўства і яе значэнні ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый школьнікаў.

А ў гэты час для юных краязнаўцаў настаўнікі Жупранскай школы арганізавалі квэст-гульню “Беларуская скарбонка”, падчас якой дзеці змаглі не толькі праявіць свае веды аб родным краі, але і даведацца шмат новага. Вучні-пераможцы атрымалі граматы і салодкія падарункі.

Жупранскі край уразіў сваёй прыгажосцю і гасціннасцю, а знаёмства з яго гісторыяй і сучаснасцю пакінула прыемнае ўражанне як у дарослых, так і ў падрастаючых краязнаўцаў. Далучэнне навучэнцаў да даследавання гісторыі свайго роднага краю спрыяе выхаванню ў іх адказнасці за захаванне культурна-гістарычнай спадчыны славутых продкаў, фарміруе вопыт даследчай пазнавальнай дзейнасці, развівае гістарычнае мысленне, паглыбляе інтэлектуальны патэнцыял дзяцей.

Таццяна ДАВІДОВІЧ, метадыст Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *