Ткацкі станок, што ажывае пад рукамі майстра

Культура

Баруны – мястэчка з багатай гісторыяй. У розныя часы тут разгортваліся маштабныя падзеі, пра якія і зараз памятаюць нашчадкі. У самым цэнтры аграгарадка ўзвышаецца касцёл у стылі віленскага барока, а побач са школай – помнікі героям Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Школьны музей захоўвае жывую гісторыю мястэчка: сабраны тут легенды і паданні пра паходжанне назвы вёскі, гістарычныя дакументы, фотаздымкі і ўзнагароды землякоў. Аднак сапраўднай жамчужынай музея з’яўляецца этнаграфічны вугалок. Дзякуючы яму кожны наведвальнік можа пазнаёміцца з побытам нашых продкаў. Гліняныя збанкі, плеценыя кошыкі, тканыя посцілкі – усё гэта яшчэ памятае дотык рук сваіх гаспадароў. Экспанаты, здаецца, дыхаюць гісторыяй, пераносяць у мінулае і не даюць занядбаць памяць аб падзеях былых часоў.

Музей функцыянуе з 2000 года. За час існавання яго фонд папоўніўся новымі цікавымі экспанатамі. Калі школьны музей толькі адчыніў свае дзверы, жыхары вёскі актыўна ўключыліся ў справу папаўнення яго фонду. Абрусы, старыя абразы і малітоўнікі, збанкі, маслабойкі і іншыя рэчы актыўна прыносіліся жыхарамі Барун і наваколля. Аднак не ўсе прадметы побыту з’яўляюцца носьбітамі толькі гістарычнай памяці. Некаторыя дапамагаюць маладому пакаленню спасцігаць народныя рамёствы.

У свой час, даведаўшыся пра адкрыццё музея, былая супрацоўніца школы Зінаіда Міхайлаўна Стэльмах падаравала ўстанове ткацкі станок. Яго яна атрымала ў спадчыну ад  сваячкі Ганны Стэльмах з вёскі Чарнушка. Станок адразу заняў пачэснае месца ў экспазіцыі і заўжды выклікаў цікавасць у наведвальнікаў музея. Барунская школа ў 2007-2008 годзе прыняла ўдзел у інавацыйным праекце “Этнашкола”, які меў на мэце папулярызацыю этнаграфічных каштоўнасцей роднай краіны і сваёй мясцовасці. Для вучняў сталі праводзіцца заняткі ў музеі ў межах этнаграфічнага гуртка. Гэта дапамагло стаць бліжэй да традыцый і гісторыі беларускага народа. Самым цікавым для школьнікаў сталі практычныя заняткі, дзякуючы якім яны маглі паўдзельнічаць у працэсе ткацтва. Для іх правядзення была запрошана мясцовая рукадзельніца Алена Мігановіч. Ткацкі станок, які доўгі час не выконваў сваёй прамой функцыі, нечакана “ажыў”.  А рукамі Алены Вацлаваўны ствараліся маленькія шэдэўры. Праз дзейнасць гуртка юнакі і дзяўчаты зразумелі сапраўдную каштоўнасць ткацкага станка і іншых экспанатаў.

Ткацкі станок і зараз упрыгожвае школьны музей, а каляровыя посцілкі, якія размяшчаюцца побач, яшчэ раз нагадваюць, што чалавечыя рукі здольны да стваральнай працы.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *