Адбыўся фестываль сярэдневечнай культуры “Гальшанскі замак – 2013”. Фотарэпартаж

Главное Культура События

Яскравым адлюстраваннем багатай гісторыі і традыцый нашага народа, пачынаючы з сівой даўніны і завяршаючы днём сягонняшнім, стаў фестываль сярэднявечнай культуры, што ладзіцца ля сцен Гальшанскага замка чацвёрты год запар. Каму пашчасціла трапіць на гэты фэст, не мог не адзначыць, што час тут спыняецца і паварочваецца назад. Людзі з багатай фантазіяй і пэўнымі ведамі адразу ж уяўляюць, якім быў палац чатыры стагоддзі назад, якіх гасцей прымаў тут яго гаспадар — Павел Стэфан Сапега. Як на балі і прыёмы з’язджаліся сюды ў карэтах шыкоўныя паненкі са сваімі кавалерамі, ракой лілося віно ў срэбраныя келіхі, а на мазаічнай люстраной падлозе пад музыку княжацкага аркестра танцавалі мазурку і паланэз улюблёныя пары.

І хаця ад сцен пабудаванага ў XVII стагоддзі замка мала што засталося, ён па-ранейшаму прыцягвае да сябе турыстаў сваімі рамантычнымі легендамі і міфамі, заварожвае прывідамі Белай Панны і Чорнага Манаха, а апошнія гады і музыкай, якая выконваецца на аўтэнтычных інструментах, як арыгінальных, так і вырабленых па тэхналогіі таго часу.

Сёлетні фэст значна пашырыў свае межы: у госці да нас завіталі суседзі-партнёры з Літвы: прадстаўнікі адміністрацыі Вільнюскага раёна, рамеснікі, мастацкія калектывы, паэты, музейныя і бібліятэчныя работнікі. Стала гэта магчыма дзякуючы рэалізацыі сумеснага праекта па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны “Два бакі – адна гісторыя і культура”, які ажыццяўляецца самакіраваннем Вільнюскага раёна разам з Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам у межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія – Літва – Беларусь.

Рэалізацыя праекта блізіцца да завяршэння. Як паведаміла падчас арганізаванай для журналістаў прэс-канферэнцыі менеджар праекта з літоўскага боку Гражына Галубоўская, ключавымі яго мерапрыемствамі сталі фестываль “Вясна паэзіі” і выданне сумеснага зборніка вершаў ашмянскіх і вільнюскіх паэтаў. Таксама за кошт сродкаў Еўрапейскай камісіі ў музеі Уладзіслава Сыракомлі ў Барэйкаўшчыне абноўлена экспазіцыя, для Ашмянскага краязнаўчага музея імя Багушэвіча набыта сучаснае абсталяванне, распрацаваны турыстычны маршрут па Ашмянскім узвышшы. Турыстычныя магчымасці маршруту дапоўнены наборам паштовак, картамі на літоўскай і беларускай мовах, а таксама даведнікам на беларускай, літоўскай і англійскай мовах. У ходзе прэс-канферэнцыі мясцовыя журналісты пацікавіліся і іншымі праектамі Еўрасаюза, якія ажыццяўляюцца ў Літве. Па словах мэра самакіравання Вільнюскага раёна Марыі Рэксць, пры садзейнічанні Еўрасаюза ў раёне рэалізавана ўжо 50 праектаў, больш дзесяці знаходзіцца ў распрацоўцы. Гэта і праекты экалагічнай накіраванасці: будаўніцтва ачышчальных сістэм, ачыстка басейна ракі Віліі, і рамонт ўстаноў адукацыі, будаўніцтва дзіцячых пляцовак, узвядзенне дарог, прымяненне сучасных экалагічных тэхналогій пры наладжванні ацяплення ў дзіцячых садках. Марыя Рэксць выказала надзею, што Ашмянскі раён можа стаць партнёрам Вільнюскага раёна і ў рэалізацыі праекта па будаўніцтве веласіпедных дарожак, які зараз рыхтуе літоўскі бок.

“Фестываль “Гальшанскі замак – 2013” – гэта яшчэ адно ключавое мерапрыемства, якое ўвайшло ў праграму праекта “Два бакі – адна гісторыя і культура”. Баль у Соф’і Гальшанскай, якім пачалося свята, уразіў наведвальнікаў фэсту не толькі ўдала падрыхтаванай тэатралізацыяй, але і шыкоўнымі касцюмамі гістарычных персанажаў. Дарэчы, яны таксама пашыты за кошт праекта. Да караля Ягайлы і яго жонкі Соф’і завіталі ў госці князь Вітаўт з жонкай Ульянай, князь Міндоўг з жонкай Марфай, князь Марцін Гаштольд з Ханнай Гальшанскай, князь Гедымін з Лідзіяй, якія ў якасці падарункаў прывезлі харэаграфічныя пастаноўкі і легенды сваіх мястэчкаў і замкаў. Раздзяліць радасць свята да ашмянскіх калег — работнікаў устаноў культуры і самадзейных артыстаў раёна — прыехалі іх сябры са Слоніма, Смаргоні, Ваўкавыска, Астраўца, Ліды, Навагрудка.

Фестываль “Гальшанскі замак” – гэта не толькі сярэднявечная музыка, але і рыцарскія адзінаборствы, конныя турніры, спаборніцтвы лучнікаў. Сваё майстэрства прадэманстравалі на фэсце клуб славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” з Гродна, ваенна-гістарычны клуб “Мэта” з Навагрудка, клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Dies Magna” з Ліды. Мінскі стралковы клуб лучнікаў паказаў сапраўдную шляхецкую забаву — удзельнікі турніру спрабавалі трапіць у мішэнь і дзвюма, і трыма стрэламі адразу. У спаборніцтвах прымалі ўдзел не толькі мужчыны, але і жанчыны. Не толькі дзяцей, але і дарослых заваражыла бітва коннікаў. І ліцвінская шляхта, і французскія рыцары біліся мужна і прысвячалі свае перамогі дамам сэрца.

А каму такія забавы не прыйшліся па душы, той мог няспешна прагуляцца па “Горадзе майстроў” і падзівіцца на вырабы рамеснікаў і нават набыць на памяць сувенір. З розных куткоў Беларусі прыехалі ў Гальшаны майстры: з Мінска, Івянца, Валожына, Вілейкі, Карэлічаў, Навагрудка… Хтосьці не зводзіў вачэй са спрытных рук ганчара, які на ганчарным коле ствараў сапраўдныя цуды, кагосьці вабіла залатая саломка альбо цеплыня вырабаў з дрэва. Тут жа можна было не толькі прыкласці да зграбнага стану тканы паясок, але і самому спасцігнуць няпростую навуку яго стварэння. Беларускі празаік Юрый Татарынаў прапаноўваў мастацкія кнігі з цыкла “Беларусь гістарычная”. Геральдычную выставу старажытных шляхецкіх родаў падрыхтаваў краязнавец Васіль Юрша. Наведаць “ Гальшанскую аграсядзібу” шчыра запрашаў яе гаспадар Ігар Касцючэнка. Мяккія цацкі і лялькі, вырабы з саломкі і бісеру, выцінанкі і вышыванкі заўсёды ў арсенале ашмянскіх майстроў. У хуткім часе іх дапоўняць вырабы з керамікі, бо згодна з праектам “Два бакі – адна гісторыя і культура” для развіцця ганчарнага рамяства набыты два ганчарныя колы і печ для абпальвання керамікі. Для папулярызацыі культурнай спадчыны двух суседніх раёнаў выдадзены каталог “Майстры памежнага рэгіёна”.

Не зусім звыкла было бачыць пад сценамі Гальшанскага замка майстрых з віленскімі вербамі. Літоўскія вербы – гэта візітоўка краіны. Як яны ствараюцца, якія выкарыстоўваюцца сухацветы і каласы, чаму менавіта з арэшніку павінна быць ножка ў гэтай прыгажосці, расказалі жанчыны з фальклорнага гурту “Ціха навінка”, якія прыехалі з Вільнюскага раёна. Тут жа непадалёку літоўскім мядком частаваў віленскі пчаляр, які цэлую “паэму” склаў пра свой ласунак. Аказваецца вуллі ў гаспадара стаяць амаль што на мяжы з Беларуссю, таму і мёд можна назваць беларуска-літоўскім. Дзіўна атрымліваецца – чалавечыя амбіцыі прыводзяць да стварэння межаў, пазбаўляюць магчымасці сустракацца адзін з адным, сябраваць, а вось пчолы гэтыя перапоны бураць. Яны межаў не ведаюць і радуюцца кожнаму пагоднаму дзяньку, кожнай кветачцы з салодкім нектарам. І не важна літоўская яна, беларуская, ці якая іншая.

На свяце можна было паспытаць не толькі мёд, але і іншыя прысмакі, якімі частавалі міні-кафэ і гандлёвыя палаткі прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі, сыраробнага завода, мясакамбіната, ААТ “Белкава”. Свае паслугі рэкламавалі на фэсце раённыя вузлы паштовай і электроннай сувязі, запрашалі набыць прадукцыю работнікі камбіната бытавога абслугоўвання. А мясцовыя жыхары ўсіх стомленых ад хады за невялічкую плату каталі на брычцы. Дзеці са сваімі матулямі бавілі час на надзіманых атракцыёнах.

І малых, і старых сабраў майстар-клас сярэднявечных танцаў, які правялі ўдзельнікі танцавальнага гурту “Фламея”. А ўжо пад самы вечар сцэна была аддадзена музычным калектывам. У канцэрце старадаўняй музыкі прынялі ўдзел літоўскі гурт “Dwa Tygodnie”, а таксама калектывы са сталіцы “Літы талер”, “Altanka” і “ PAWA”. Як сцямнела, у аконных праёмах палаца загарэлася святло, а ў двары фіерычнае вогненнае шоу прадэманстравалі тэатры “Гістарыён” і “Яварына”. Яркія сполахі асвятлялі герб старажытнага мястэчка і твары шматлікіх гасцей свята, якія засталіся задаволеныя “балем” у Соф’і Гальшанскай і з вялікім задавальненнем будуць чакаць новага запрашэння на чарговы фэст. У наступны раз ён можа быць звязаны з завяршэннем кансервацыйных работ у замку. Яснавяльможных гасцей сустрэнуць адрэстаўраваная бакавая вежа, дзе плануецца размясціць “халодную” экспазіцыю – якая б магла існаваць пры нізкіх тэмпературах. Сцены будуць умацаваны. У планах аднавіць і гістарычны ландшафт, у тым ліку і канал, што цёк побач з замкам. І тады рамантычныя руіны замка ажывуць у рэальным сэнсе і стануць яшчэ больш прыцягальнымі для турыстаў не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы.

Аліна САНЮК

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



1 комментарий по теме “Адбыўся фестываль сярэдневечнай культуры “Гальшанскі замак – 2013”. Фотарэпартаж

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *