Свет захапленняў жыхаркі Граўжышак Яніны Буйніцкай

Общество

Гэты артыкул – не толькі аб лёсе звычайнага чалавека і яго захапленнях, але і аб сэнсе чалавечага жыцця. Мы шукаем яго і часта не знаходзім. А сэнс у тым, каб проста жыць і рухацца ўперад: кожны дзень, кожную хвіліну, не складаць рук і не здавацца. Да такой высновы прыйшла жыхарка  Граўжышак Яніна  Буйніцкая.

Граўжышкоўская зямля для мяне – самы бусліны і бярозавы край Ашмяншчыны. Палі аж да гарызонта, светлыя невялікія лясочкі, каржакаватыя дубы сярод поля, буслы, якія важна ходзяць амаль па дарозе, – тут пануе асаблівая атмасфера спакою і ўтульнасці, тут ціха цячэ сялянскае жыццё-быццё ў непрыкметных  штодзённых справах. Чым можа быць цікава яно — спытаеце вы. Адкажу — працай: клопатамі па доме, доглядам за жывёлай, цяпліцай, кветкамі — і творчасцю.

Яніна Буйніцкая – пенсіянерка, жыве адна, муж памёр два гады назад. Дзве дачкі  даўно стварылі свае сем’і. І хоць жывуць недалёка – у Кальчунах і Ашмянах, аднак у кожнай свае клопаты і турботы. Дочкі, вядома ж, наведваюць маці і дапамагаюць па магчымасці. Але ж дом патрабуе штодзённага догляду, дый гаспадарка ў Яніны Станіславаўны немалая: карова, куры, сабака ды два мурлыкі. Здаецца, чалавек на пенсіі – адпрацаваў і можа сабе дазволіць лішнюю гадзінку паляжаць, нікуды ж спяшацца не трэба. Можна зрабіць штосьці па доме, а можна не рабіць – адкласці на заўтра. “Як толькі з’яўляюцца ў галаве падобныя думкі, як толькі чалавек кладзецца на канапу, вось тут і заканчваецца яго жыццё, — лічыць мая суразмоўца. – Толькі рух уперад надае жыццю сэнс”.  Яніна Станіславаўна добра ведае, пра што гаворыць. Сем год назад яна перанесла інсульт, два месяцы правяла ў бальніцы, пасля была доўгая рэабілітацыя. Вось каб злягла тады, не стала змагацца і ўпарта чапляцца за жыццё, нічога б не было. Толькі ўперад, толькі сама, адпачыць гадзінку, і зноў за работу – пад такім дэвізам жыве жанчына ўсё жыццё.

Яна ўспамінае, што з дзяцінства прыходзілася дапамагаць маці на ферме. У шэсць год дзяўчынка ўжо ведала, як нараджаюцца цяляты, як і чым іх трэба карміць, і шмат розных іншых падрабязнасцей па доглядзе за жывёлай. Крыху падросшы, яна паспявала падаіць нараніцы дзвюх кароў і не спазніцца на заняткі ў школу. Вучылася добра і хацела стаць ветэрынарам, але не атрымалася. Стала працаваць у Граўжышках у дзіцячым садку тэхнічным работнікам,  а закончыўшы педклас у Гродне, – выхавацелем, а затым загадчыцай. Сямнаццаць гадоў былі аддадзены педагагічнай дзейнасці. З часам педагагічнага класа стала мала, каб працаваць выхавацелем, а вучыцца магчымасці не было. Вось так і  стала сацыяльным работнікам, а пасля — уборшчыкам службовых памяшканняў у калгасе, адкуль і пайшла на пенсію.

Рана пачынаецца дзень на вёсцы — разам з рознагалосымі пеўнямі ўстаюць і іх гаспадары.  Дзень нашай гераіні пачынаецца дзесьці а палове шостай. Падаіць карову, спарадкаваць малако, выгнаць рагулю ў поле, прыбраць ў хляве, пакарміць усіх чатырохлапых і пярнатых – вось ужо і амаль дзевяць. І далей дзень бяжыць, не спыняючыся: клопаты у агародзе, на кветніку, там прыбраць, там падмесці, схадзіць у магазін, прыгатаваць ежу.

У доме Яніны Станіславаўны – парадак, перад домам цвітуць асеннія кветкі, у цяпліцы на дзіва ўрадзілі ў гэтым годзе памідоры.

Ёсць у жанчыны аддушына ва ўсёй гэтай штодзённай мітусні. Дзесьці глыбока ў душы жыве ў ёй прага да прыгажосці. І выліваецца  часам неспадзявана для яе самой у розныя вобразы. У доме Яніны Станіславаўны безліч розных лесавічкоў,  пано з сухіх кветак  і кветак з тканіны і саломкі, вазаў, зробленых са звычайных і незвычайных па форме бутэлек, кошыкаў і іншых цікавостак.  Як у галаве нараджаюцца ўсе гэтыя вобразы, яна і сама растлумачыць не можа. Гаворыць, што спачатку ў яе з’яўляецца матэрыял, а пасля яна дадумвае, што з яго можна зрабіць. Для стварэння сваіх работ жанчына выкарыстоўвае  і прыродны, і рэшткі будаўнічых матэрыялаў, і самыя розныя бытавыя дробязі, якія звычайны чалавек выкінуў бы ў смецце. Ёй патрэбны і палачкі ад марожанага, якія ўдала сталі асновай для кошыка, і электрычныя лямпачкі, якія былі абкручаны льняным шпагатам і сталі навагоднімі елачнымі цацкамі, і рулоны ад лінолеума, якія сталі асновай для напольных ваз. Блакітны шалік стаў возерам на адным з пано, пастрыжаны белы шпагат ператварыўся ў лебядзінае пер’е. Безліч шышак, шкарлупіння грэцкіх арэхаў, пушачкі ад ёгуртаў, каляровая тасьма, абрэзкі тканіны – усё знаходзіць сваё месца ў работах майстрыхі. Для кагосьці, магчыма, яны пакажуцца  не вельмі дасканалымі і нават  наіўнымі, а для Яніны Станіславаўны кожная – як дзіця. Заняўшыся творчай справай, яна не заўважае часу. Толькі ў сваіх работах гэта моцная  жанчына становіцца   мяккай і рамантычнай, толькі тут яна можа праявіць усю чуласць сваёй душы.

Вырабы Яніны Станіславаўны ўдзельнічалі ў шматлікіх дажынках і навагодніх конкурсах у сельсавеце і калгасе, у абласных конкурсах. Не аднойчы яна дапамагала  ўнучкам падрыхтавацца да конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў школе, неаднаразова станавілася пераможцам конкурсу на лепшае пераднавагодняе афармленне і ўпрыгожанне населенага пункта. А пачалося ўсё ў далёкім дзяцінстве з падрыхтоўкі да навагодніх святаў у школе. На кожны Новы год абавязкова былі касцюм і маска, створаныя сваімі рукамі.

За кожным чалавекам  стаіць яго ўласная гісторыя і перажыванні, кожны праходзіць свой шлях. Жыццёвы шлях Яніны Станіславаўны нялёгкі, але яна не здаецца, бо ёсць у яе  тое, што асвятляе яе дарогу, – імкненне да прыгажосці.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *