Адкрыццё фотавыставы Святланы Муцянскай, шчырыя словы і падарункі. Як Ашмянскі краязнаўчы музей адзначыў юбілей

Новости региона

На гэтым тыдні Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча адзначыў юбілей – 70 год з дня свайго заснавання. Сур’ёзная дата ў жыцці ўстановы не прайшла незаўважна. Павіншаваць калектыў з чарговым днём нараджэння прыйшлі сябры і аднадумцы, для якіх музей у Ашмянах стаў цёплым і ўтульным домам, крыніцай гісторыі і новых цікавых згадак і адкрыццяў. З задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне і былыя работнікі гэтай установы, для якіх музей быў часткай жыцця.

 

Краязнаўчы музей быў заснаваны ў Ашмянах 27 верасня 1952 года. Аб этапах яго станаўлення нагадалі гасцям навуковы супрацоўнік Ірына Бусловіч і захавальніца фондаў Таццяна Кіркоўская. Цікава было даведацца пра стварэнне музейных экспазіцый (іх дарэчы, было толькі чатыры) і папаўненне запаснікаў. Сёння ў фондах музея налічваецца больш за 25 тысяч прадметаў, якія раздзелены на 20 калекцый.

— Але музей – гэта не толькі будынак і скарбы, сабраныя ў яго сценах. Гэта найперш людзі, якія тут працавалі і якія яго наведваюць, – адзначыла дырэктар Настасся Навіцкая. – Музей становіцца зараз вельмі важнай установай, людзі усё больш актыўна да нас прыходзяць. Трэба адзначыць, што гэта не выпадковыя наведвальнікі. Людзі жадаюць даведацца, хто мы ёсць, адкуль мы, якія нашы карані. Чалавеку сёння складана знайсці пункты апоры, за якія можна зачапіцца. Менавіта музей з’яўляецца тым апірышчам і месцам, якое захоўвае памяць, культуру і гісторыю. Не страціць нашу спадчыну, сабраць як мага больш звестак пра гісторыю нашай малой радзімы і данесці іх да наведвальнікаў – у гэтым і заключаецца наша асноўная задача.

Ашмянскі краязнаўчы музей заўсёды ішоў у нагу з часам насустрач новым патрабаванням. На змену старым супрацоўнікам прыходзіла моладзь. Яна “набіралася” вопыту, хутка расла ў прафесійным плане і ўносіла ў музейнае жыццё свой адметны каларыт. Сёння калектыў музея моцна абнавіўся, аднак працягвае работу і традыцыі сваіх папярэднікаў. У сценах музея па-ранейшаму ладзяцца цікавыя выставы і сустрэчы, тут праходзяць семінары і канферэнцыі. Частымі наведвальнікамі з’яўляюцца дзеці, для якіх супрацоўнікі музея ладзяць урокі і гульні, экскурсіі і квэсты. Адным словам, музей жыве і развіваецца.

Цудоўным падарункам музею, а таксама ўсім яго наведвальнікам да святочнай даты стала выстава фотакарэспандэнта раённай газеты “Ашмянскі веснік” Святланы Муцянскай. Здымкі Святланы Генрыкаўны блізкія кожнаму ашмянцу: двойчы на тыдзень яны змяшчаюцца на страніцах ашмянскай раёнкі. Яны выклікаюць асаблівае пачуццё замілавання і захаплення, таму што на іх адлюстравана наша з вамі жыццё. Гэта таксама наша гісторыя – дасягненні і спадзяванні, радасці і турботы. Гэта ашмянскія краявіды і людзі, якімі ганарыцца Ашмянскі край.

На персанальнай выставе супрацоўніцы рэдакцыі адлюстраваны партрэты жыхароў Ашмяншчыны. Дарэчы, гэта самы любімы жанр фотамайстра. Дзеці і дарослыя, прафесіяналы сваёй справы, адны і на пару са сваімі калегамі ці чацвераногімі сябрамі – кожная работа непаўторная, напоўненая яркімі эмоцыямі і пазітыўным настроем. За кожнай з іх – цэлае жыццё! Жыццё герояў, выхапленае аб’ектывам майстра, і імгненні, перажытыя самім фотакарэспандэнтам.

Наведвальнікам выставы не цярпелася даведацца ад аўтара сакрэты паспяховага здымка, а таксама пачуць парады, як праявіць сябе ў фотамастацтве. Цікавым быў аповед Святланы Генрыкаўны аб першых кроках у справе фатаграфавання і тых момантах у сваёй працы, якія найбольш па душы.

Шмат цёплых слоў у свой адрас пачула аўтар фотавыставы ад сваіх калег і намесніка галоўнага рэдактара Аліны Санюк, метадыста па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргея Жыліка, ганаровага грамадзяніна горада Ашмяны, дырэктара Жупранскай СШ Уладзіміра Бізюка, намесніка дырэктара СШ №2 Алены Апанэль, краязнаўца і аматара фатаграфіі Валянціны Лабунінай.

Віншаванні Святлане Муцянскай з нагоды адкрыцця выставы гучалі паралельна з віншаваннямі ў адрас супрацоўнікаў музея. Адмысловым падарункам сябрам захавальніцы скарбаў гісторыі сталі музычныя нумары ад старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, выкладчыка Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Чэрскай.

А завяршылася святочная праграма тортам ручной работы з лічбай “70”, цёплымі ўспамінамі, звязанымі з музеем, якіх у кожнага наведвальніка набярэцца не менш за дзясятак, і пажаданнямі сустрэць чарговую юбілейную дату у такой жа ўтульнай абстаноўцы – разам са сваімі надзейнымі сябрамі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *