Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі прайшоў у Ашмянах

Образование

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі нашага горада з трэцяга па адзінаццатага верасня праходзіў тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. На працягу гэтага часу цэнтр  наведвалі школьнікі з усяго раёна, знаёміліся з педагогамі ўстановы, а таксама мелі магчымасць атрымаць дэталёвую інфармацыю пра аб’яднанні па інтарэсах. Таленавітыя педагогі праводзілі майстар-класы, расказвалі пра дзейнасць аб’яднаннняў, паказвалі працы сваіх выхаванцаў. Школьнікі маглі зрабіць выбар на карысць таго або іншага аб’яднання. Безліч цікавых заняткаў прапануе цэнтр: дызайн цацак і адзення, мастацкую лепку, ігру на музычных інструментах, выяўленчае мастацтва і многае іншае.

А завяршыўся тыдзень сапраўдным святам, якое прайшло на пляцоўцы каля цэнтра творчасці. На мерапрыемства сабраліся выхаванцы розных устаноў адукацыі нашага раёна. Гасцей сустракалі казачныя персанажы, гучала музыка, на пляцоўках удзельнікаў свята чакалі педагогі. З уступным словам да школьнікаў звярнулася Ірына Буйніцкая, дырэктар цэнтра. Яна павітала прысутных, расказала пра дзейнасць установы, заахвоціла кожнага далучацца і рэалізоўваць свае таленты, развіваць творчы патэнцыял. Праца пляцовак парадавала юных гасцей. Кагосьці прывабіла маляванне. Аркушы паперы і каляровыя алоўкі, фарбы і фламастары чакалі свайго часу. Архітэктурныя пабудовы, маляўнічыя пейзажы, выявы людзей – усё гэта выходзіла з-пад пэндзля  маленькіх мастакоў.

На свяце прысутнічала і тэхніка. Усе жадаючыя маглі падысці да пажарнай машыны. Супрацоўнікі расказвалі пра яе абсталяванне, а таксама знаёмілі з алгарытмам дзеянння пры пажары. Кожны меў магчымасць зрабіць фотаздымкі з выратавальнікамі каля пажарнай машыны. Супрацоўнікі дэпартамента аховы са сваімі чацвералапымі памочнікамі арганізавалі для дзяцей сапраўднае шоу. З вялікай цікавасцю прысутныя назіралі за сабакамі і дакладным выкананнем імі кожнай каманды.

Тыя ж, хто хацеў падняць сабе і сябрам  настрой, удзельнічалі ў імправізаванай дыскатэцы, спявалі разам з казачнымі персанажамі. Школьнікі маглі пагутарыць з педагогамі цэнтра, высветліць незразумелыя моманты, бліжэй пазнаёміцца са спецыфікай аб’яднання.

Установа ўражвае незвычайнай эстэтыкай і прыгажосцю. Кожны кабінет – асаблівы, незвычайны, прыгожы. Але не менш важным застаецца і прафесіяналізм яго супрацоўнікаў, якія штодня працуюць, далучаючы школьнікаў да мастацтва і творчасці.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *