Наведвальнікі аддзялення ТЦСАН Ашмянскага раёна пабывалі ў мясцінах Багушэвіча і Купалы

Культура

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва жыццё кіпіць у прамым сэнсе гэтага слова. Сюды, ва ўтульны будынак на вуліцы Савецкай, 19 нашага горада, заўсёды спяшаюцца наведвальнікі. Тут людзі залатога веку могуць праявіць свае здольнасці ў шэрагу прапанаваных гурткоў, сустрэцца з цікавымі суразмоўцамі падчас мерапрыемстваў, прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах і канцэртных праграмах, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні і парады ад кампетэнтных спецыялістаў раёна. Тут яны адчуваюць сябе запатрабаванымі, скідваюць груз пражытых гадоў і сілкуюцца жыватворнай энергіяй для новых адкрыццяў.

Поўны аўтобус аматараў гісторыі сваёй малой Радзімы сабраўся на мінулым тыдні ў літаратурную вандроўку па мясцінах Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча. Экскурсія, арганізаваная загадчыцай аддзялення Ірынай Манькоўскай і кіраўніком гуртка Людмілай Барабанавай, уключала ў сябе наведванне дома-музея Янкі Купалы ў Вязынцы і Багушэвічавых Кушлянаў, а таксама магілы паэта-дэмакрата ў Жупранах.

Многія ўдзельнікі экскурсіі ўжо бывалі ў гэтых славутых мясцінах Беларусі, аднак не прамінулі магчымасці наведацца сюды ў чарговы раз, каб узгадаць у памяці старонкі з жыцця і творчасці выбітных беларускіх творцаў і адчуць гонар за слынных сыноў Беларусі.

Нapoд i Бaцькaўшчынa былі для паэтаў нaйвялiкшымі кaштoўнacцямі, a любoў да Бeлapyci вызнaчылa iх жыццё i пaэзiю. Менавіта гэта думка лягла ў аснову экскурсій, якія былі прапанаваны ашмянскім падарожнікам у Вязынцы і Кушлянах. Акрамя цікавай інфармацыі экскурсанты атрымалі шмат пазітыўных эмоцый. Кожнага зачаравала маляўнічая прырода купалаўскіх мясцін, якія сёння ўваходзяць у склад мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”, дом арандатара, дзе нарадзіўся Іван Луцэвіч, помнік-бюст паэту на пастаменце з чорнага граніту. У Вязынцы ашмянцы пабывалі таксама на выставе жывапісу мастака Віктара Данілава і ўбачылі дыхтоўную мэблю, вырабленую з карэння дрэў.

Восеньскай цеплынёй і мяккасцю сустрэлі ўдзельнікаў паездкі сядзіба Багушэвіча ў Кушлянах і дырэктар музея Алесь Жамойцін. Аповед пра заступніка простага люду перамяжоўваўся са шматлікімі пытаннямі, што сыпаліся ад ашмянцаў. Было бачна, што асоба паэта ім цікава, яны не толькі ёй ганарацца, але і стараюцца даведацца пра літаратара як мага больш. Каб аддаць даніну павагі свайму земляку, удзельнікі экскурсіі наведалі яго магілу ў Жупранах, дзе згаварылі малітву і запалілі лампаду.

Літаратурная паездка для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту стала сімвалічнай. Па-першае, яна адбылася напярэдадні Дня беларускага пісьменства, а па-другое – у Год гістарычнай памяці, і стала напамінам кожнаму з нас памятаць пра свае карані і шанаваць гісторыю, якую стваралі ў тым ліку паэты Багушэвіч і Купала.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *