У Дзень беларускага пісьменства правялі апытанне сярод ашмянцаў

Общество

Дзень беларускага пісьменства — важная падзея, якая вяртае ў мінулае, да нашых каранёў. Кожны год свята адзначаецца ў пэўным беларускім горадзе. У гэтым годзе гасцей прымае Добруш. Горад вядомы кожнаму якаснай папяровай прадукцыяй, якой карыстаўся, напэўна, хоць раз у жыцці кожны беларус. Гэты год багаты на знакавыя падзеі. Сёлета адзначаецца 140 год з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтыя тытаны зрабілі беларускае слова прыгожым, мілагучным і непаўторным. Таму, бясспрэчна, яны таксама маюць непасрэднае дачыненне да нацыянальнага свята. Напярэдадні Дня пісьменствамы зрабілі невялікую апытанку.

Таццяна Іванова, загадчыца Гальшанскай бібліятэкі:

— Творы нашых класікаў кранальныя і прыгожыя. Кожны — своеасаблівы, са сваёй сэнсавай нагрузкай. Яшчэ са школьных гадоў я палюбіла рамантычныя паэмы Янкі Купалы. Незвычайныя героі, нетыповыя абставіны, праблема выбару — усё гэта выклікала ў мяне захапленне. Асабліва запомнілася паэма “Курган”, з якой мы пазнаёміліся ў школе. Вобраз мужнага таленавітага чалавека тады вельмі ўразіў кожнага з нас, прымусіў задумацца над важнымі жыццёвымі пытаннямі. Урывак з паэмы мы вучылі на памяць, яго я памятаю і зараз. З творчасці Якуба Коласа вельмі спадабалася трылогія “На ростанях”. Аўтар стварыў вобраз адданага сваёй справе настаўніка, які ўмеў знаходзіць падыход да кожнага вучня. Гэта моцна паўплывала на мой светапогляд. Зараз у нашай бібліятэцы праходзіць выстава, прысвечаная класікам-юбілярам. Чытачы маюць магчымасць прыгадаць біяграфію і творчасць гэтых пісьменнікаў, а пасля выбраць творы згодна са сваім густам.

Дзяніс Бацян, прараб КСУП “Гальшаны”:

— Са школьных гадоў я вельмі палюбіў “Новую зямлю” Якуба Коласа. Я нарадзіўся ў вёсцы, тут прайшло маё дзяцінства, юнацтва. Тут я застаўся жыць і працаваць. Тэма зямлі і вёскі стала вельмі блізкай, знаёмай і зразумелай. У творы паказваюцца людзі працы, іх сям’я, штодзённыя заняткі. На мой погляд, твор вельмі праўдзіва адлюстроўвае жыццё. Асабліва падабаецца частка “На рэчцы”. Творчасць Янкі Купалы таксама падабаецца. Люблю яго вершы, якія ў свой час былі пакладзены на музыку. Мне здаецца, атрымаліся цудоўныя лірычныя песні. Верш “Явар і каліна”, на мой погляд, самы прыгожы і кранальны.

Валерыя Мігановіч, студэнтка  філалагічнага факультэта БДУ:

— Мой любімы твор Якуба Коласа — трылогія “На ростанях”. Больш за ўсё ў рамане захапляе вобраз Лабановіча – сапраўднага беларускага настаўніка, які дае не толькі сваім вучням, але і нам, чытачам, урокі справядлівасці, шчырасці, дабрыні, павагі, высакароднасці, любові да Радзімы і да прыроды, а самае галоўнае – вучыць заставацца Чалавекам пры любых абставінах. Што датычыцца Янкі Купалы, то яшчэ са школы памятаю яго “Паўлінку” і “Раскіданае гняздо”. Аднак захапляе і натхняе мяне славуты пясняр, бясспрэчна, паэзіяй. Заўсёды трапныя, глыбокія і мудрыя, незвычайныя, чыстыя і праўдзівыя, па-сапраўднаму высокія вершы кранаюць да глыбіні душы. Мой любімы верш — “Вясна”. Падчас вучобы ў школе я штогод прымала ўдзел у конкурсе “Жывая класіка”. Даволі часта выбірала вершы менавіта Янкі Купалы ці Якуба Коласа.

Гутарыла Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *