Астравецкая пісьменніца Ніна Рыбік сустрэлася з пагранічнікамі на Ашмянскай зямлі

Культура

Сумесны праект Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Саюза пісьменнікаў Беларусі пачаў рэалізоўвацца некалькі гадоў назад. Дзякуючы такой ініцыятыве ў воінскіх часцях органаў пагранслужбы сталі ладзіцца сустрэчы вайскоўцаў з літаратарамі: моладзь атрымала магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх аўтараў, а разам з тым узбагаціцца духоўна і разнастаіць “суровыя армейскія будні”.

Для сябра Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Рыбік такія мерапрыемствы – не ў навіну. Яна любіць сустракацца з людзьмі. Найперш, у сілу сваёй журналісцкай прафесіі, якая дорыць незабыўныя спатканні, “застаўляе задумацца над адвечнымі пытаннямі, прымушае часам усміхнуцца, а калі і паплакаць…”. Дарэчы, менавіта з такіх вось сустрэч “нарадзілася” кніга публіцыстыкі Ніны Аляксееўны “Кожны стрэчны нам – настаўнік”.

— У ёй сабраны лепшыя, на мой аўтарскі погляд, газетныя публікацыі за доўгія гады працы. Жыццё маіх герояў, іх урокі, думкі, перакананні дапамагаюць мне, калі ўзнікае такая патрэба, знайсці адказ на няпростыя жыццёвыя пытанні. Спадзяюся, што дапамогуць і некаму з маіх чытачоў, — адзначыла пісьменніца.

У межах вышэйзгаданага праекта Ніна Рыбік ужо сустракалася з хлопцамі-прагранічнікамі, якія выконваюць воінскі абавязак перад Радзімай на ўчастку дзяржаўнай мяжы ў Астравецкім раёне. А цяпер вось яна атрымала запрашэнне наведаць і Ашмяншчыну.

Кожная сустрэча традыцыйна пачыналася са знаёмства. Бібліятэкар Смаргонскай пагранічнай групы Алена Бакштай не шкадавала трапных эпітэтаў, характарызуючы шаноўную госцю, узгадвала яе заслугі як у журналісцкай і літаратурнай дзейнасці, так і ў грамадскіх справах. Нягледзячы на прафесіўную загружанасць – Ніна Аляксееўна на працягу 26 год была рэдактарам раённай газеты “Астравецкая праўда”, – яна часта ва ўрон асабістаму жыццю займалася работай у грамадскіх аб’яднаннях. Не абмінула яе і дэпутацкая дзейнасць, якая таксама вымагала шмат часу. Вялікае ўсеабдымнае сэрца Ніны Аляксееўны заўсёды прыходзіць на дапамогу людзям. І не важна, знаёмы гэта, калега, сусед, сябар ці практычна чужы чалавек. А яшчэ яна не прапусціла ніводнай гульні астравецкага інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?”. Сярод захапленняў Ніны Аляксееўны – самадзейны тэатр. Па апавяданні “Калядны вечар”, якое ўвайшло ў яе кнігу “Скрыжаванні”, створаны спектакль з аднайменнай назвай, дзе аўтар сыграла адну з галоўных роляў. Самадзейныя астравецкія артысты з гэтай пастаноўкай аб’ездзілі палову Беларусі, паказалі яе патрабавальнаму сталічнаму гледачу і пабывалі ў Расіі.

Шлях у літаратуру для Ніны Рыбік пачаўся з апавядання “Эвакуацыя”. Гэты творчы дэбют, падтрыманы паэтам Міколам Мятліцкім, дарэчы, земляком Ніны Аляксееўны, распачаў цыкл яе чарнобыльскай прозы. Прататыпамі яе герояў сталі аднавяскоўцы, жыхары невялікай вёскі Уласы, што ў Хойніцкім раёне на Гомельшчыне. На жаль, пасля Чарнобыльскай трагедыі гэта вёска трапіла ў зону адсялення. Лёс раскідаў яе землякоў па ўсім свеце. Аўтар “сабрала” іх у двух сваіх зборніках прозы – “Права на адсяленне” і “Свае і Чужыя”. З яркім псіхалагізмам у іх паказваюцца супярэчлівыя характары і лёсы людзей, што апынуліся ў няпростых жыццёвых сітуацыях.

Гэта складаная тэма, прапушчаная праз сэрца аўтара, прынесла ёй дзве вялікія перамогі за межамі краіны. За нарыс “Чарнобыль без міфаў” рэдактар «Астравецкай праўды» названа лепшай журналісткай краін Усходняй Еўропы і Расійскай Федэрацыі. З нямецкага Штутгарта яна прывезла дыплом з прэміяй, а з пушкінскага Болдзіна – ордэн са срэбра ручной работы.

Маладыя хлопцы, якім пра ўсё гэта расказвала Ніна Рыбік, нарадзіліся праз шмат год пасля Чарнобыльскай катастрофы, аднак з цікавасцю слухалі аповед пісьменніцы, задавалі ёй пытанні. Прыемна было бачыць іх прасветленыя твары. Творчая сустрэча перарасла ў зацікаўленую размову: пра літаратуру, любімыя кнігі, вайсковыя будні. Ніна Аляксееўна знайшла нават сваіх землякоў з Гомельшчыны, праз якіх перадала прывітанне роднай зямлі і сваім аднавяскоўцам.

— А напішыце кнігу пра пагранічнікаў, — нечакана папрасілі суразмоўцы на заставе “Каменны Лог”. І калі пісьменніца сказала, што для гэтага трэба будзе як мінімум “трапіць у скуру вайскоўца” і пажыць на заставе, хлопцы пагадзіліся. Нагода пачаць знаёмства з салдацкай службай знайшлася ту жа – пагранічнікі запрасілі госцю на абед у салдацкую сталоўку.

Для больш поўнага ўяўлення пра сваю літаратурную дзейнасць Ніна Рыбік пачытала вайскоўцам замалёўкі з кнігі “Кожны стрэчны нам – настаўнік”, рукапіс якой стаў пераможцам трэцяга абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі.

У ролі не толькі журналіста, але і паэткі прыйшлося выступіць і мне. Вершы пра каханне і адвечныя жыццёвыя пытанні прыйшліся маладой аўдыторыі да месца.

Нягледзячы на жнівеньскую спёку стомы зусім не адчувалася. Узаемная пазітыўная энергетыка дадавала сіл і ўпэўненасці ў тым, якая цудоўная сучасная моладзь – дапытлівая, неабыякавая і творчая.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *