Педагогі аграрна-эканамічнага каледжа сталі пераможцамі конкурсу на каравай-фэсце “Бацькава булка”

Культура

Прыемнай навінай падзялілася з раённай газетай старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа Святлана Лазоўская.

Работнікі калектыву прынялі ўдзел у першым у Беларусі фестывалі хлебапячэння, які прайшоў у Свіслачы пад гучнай назвай “Бацькава булка”. Падчас правядзення яркага і шырокамаштабнага каравай-фэсту адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства сярод устаноў адукацыі, што праводзяць навучанне па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”.

На конкурс было прадстаўлена 49 работ у чатырох намінацыях. Усе яны былі аб’яднаны тэмай павагі да хлеба і ўдзячнасці людзям, якія сваімі ўмелымі рукамі спрыяюць яго з’яўленню на нашым стале. Гледзячы на работы, можна было здзейсніць падарожжа па славутасцях нашага краю і пазнаёміцца з яго гісторыяй.

Сваё майстэрства ў кулінарна-кандытарскай справе прадэманстравалі педагогі, члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі: выхавацель інтэрната Тарэса Ціхановіч (удзельнічала ў намінацыі “Цукровыя ласункі”), майстры вытворчага навучання Ганна Лапейка і Алёна Каханоўская – у намінацыі «Пернікі 2D і 3D», Вольга Шчука — у намінацыі «Ласункі мучныя” і педагог дадатковага навучання Інэса Савіцкая – у намінацыі «Мастацкая работа з цеста». Краявіды Ашмяншчыны ў такім незвычайным афармленні глядзеліся надзвычай велічна і прыгожа. Хацелася “паспрабаваць на зуб” Гальшанскі замак, адкусіць кавалачак сінагогі, паласавацца цукровымі валошкамі і адчуць смак гранітнага пастамента, на якім стаіць бюст Багушэвіча.

— Канкурэнцыя была высокай, вядома ж, з’ехаліся спецыялісты са ўсёй Беларусі, — расказала Святлана Анатольеўна. – Усе нашы педагогі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў, а Інэса Савіцкая з работай з салёнага цеста “Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах” заняла першае месца ў сваёй намінацыі, Вольга Шчука з работай “Ашмянская сінагога” ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *