Звязаныя спортам сёстры Капыш

Культура

Сёстры Груздзевы, Олсен, Арнтгольц – можна доўга пералічваць зорныя пары сясцёр, якія праявілі сябе ў музыцы, кінематографе, выяўленчым мастацтве. Іх тандэмы ўнікальныя, а самі зоркі выклікаюць павагу і захапленне. Тое, што складана зрабіць аднаму, лёгка адолець у пары. Кожная асоба ў такім дуэце дапаўняе і ўзбагачае другую.

Спорт – той накірунак, дзе асабліва патрэбна зладжанасць, згуртаванасць і адзінства. Камандныя віды патрабуюць поўнага даверу і ўпэўненасці ў тым, хто побач. Гэтую простую ісціну добра засвоілі сёстры Капыш, для якіх спорт – спосаб самавыяўлення.

З дзяцінства Алеся і Сняжана навучыліся сябраваць, дапамагаць адна адной у складаных сітуацыях, дзяліцца рэчамі, пры нагодзе звяртацца за парадай. Алеся – старэйшая сястра. На яе плечы заўсёды была ўскладзена адказнасць за малодшых дзяцей. У шматдзетнай сям’і безліч клопатаў і турбот. Аднак Алеся ніколі не баялася сваіх абавязкаў. Дзяўчыне падабалася клапаціцца аб малодшых: дапамагаць з урокамі, гатаваць ежу, хадзіць у краму. Менавіта гэта і прадвызначыла яе далейшы прафесійны шлях. Ужо ў адзінаццатым класе яна вырашыла паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Выпускніцу вабіла праца з маленькімі дзецьмі, таму выбар спыніўся на факультэце дашкольнай адукацыі. На дадзены момант Алеся Іванаўна працуе ў адным з садкоў горада.

Прыклад сястры захапіў і Сняжану, таму праз два гады яна выбрала тую ж навучальную ўстанову. Аднак, у адрозненне ад сястры, выпускніца абрала фізіка-матэматычны факультэт. Зараз яна вучыцца на чацвёртым курсе. Дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў жыцці факультэта, яе вабяць падарожжы, знаёмства з новым і невядомым.

У сясцёр агульнае кола сяброў. Дзяўчаты разам праводзяць вольны час, адпачываюць і выконваюць пэўныя абавязкі. Падчас вучобы ў школе яны пасябравалі са спортам і былі сталымі ўдзельніцамі ўсіх школьных спаборніцтваў. Асабліва іх заварожвалі камандныя гульні, таму  з  захапленнем і радасцю гулялі ў футбол, валейбол, баскетбол. Гэта сяброўства працягваецца і зараз. Алеся прымае ўдзел амаль ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах, якія праходзяць у раёне, а Сняжана – актыўная ўдзельніца ўніверсітэцкіх баталій.

Лета – час сумесных спаборніцтваў. Сясцёр захапляе балотны футбол. У 2019 годзе  каманда, у склад якой уваходзілі сёстры Капыш, атрымала перамогу ў вобласці. Плённым аказаўся і 2022 год, які падараваў першае месца ў раёне і ў вобласці. Аднак галоўнае для дзяўчат, бясспрэчна, не ўзнагароды і дыпломы, а незвычайная атмасфера і магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі.

Сёстры Груздзевы, Олсен, Арнтгольц… Магчыма, праз некаторы час гэты пералік папоўніцца яшчэ адным прозвішчам, бо для маладосці няма нічога немагчымага.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *