Літаратурны вечар “Паэтычныя галасы роднага краю” ў Гальшанах

Культура

Цішыня. Гадзіннік адбівае апошнія секунды перад пачаткам мерапрыемства. У чытальнай зале сабраліся аматары літаратуры, дзеці, моладзь. Самыя дапытлівыя знаёмяцца з выставай, вывучаюць біяграфіі, разглядаюць фотаздымкі землякоў, якія калісьці жылі і працавалі  на творчай ніве роднай зямлі.

Літаратурны вечар “Паэтычныя галасы роднага краю” пачаўся з уступнага слова Таццяны Уладзіміраўны Івановай, загадчыцы Гальшанскай сельскай бібліятэкі. Яна павітала прысутных і запрасіла адправіцца ў незвычайнае падарожжа па творчасці мясцовых аўтараў. Невялікі экскурс у мінулае дапамог акунуцца ў іншую эпоху, паглядзець вачыма тагачасных пісьменнікаў на жыццё.

Аліна Альбертаўна Грынчук дэталёва спынілася на асобе Андрэя Зязюлі, прывяла факты з яго біяграфіі, пазнаёміла з творчасцю. Закранулі і асобу Язэпа Германовіча, які за сваё жыццё напісаў шмат якасных твораў. Невялікая сцэна з яго п’есы ”Спрэчка пад касцёлам”, прадэманстраваная супрацоўнікамі, унесла нотку аптымізму і падаравала добры настрой.

Асобнае месца было адведзена постаці нашай зямлячкі Валянціны Гіруць-Русакевіч. На жаль, паэткі ўжо няма з намі, аднак яе вершы, шчырыя, цёплыя і кранальныя, да гэтага часу застаюцца актуальнымі. Паэтка, журналістка і проста прыгожая  жанчына, яна тонка адчувала гэты свет, імкнулася несці прыгажосць і дабрыню. Дзеці зачытвалі  вершы Валянціны Францаўны, а пасля абмяркоўвалі. Некалькі слоў пра паэтку сказала і Валянціна Лабуніна, якая мела з ёй цесныя зносіны. Асаблівую ўвагу звярнулі на вершы, прысвечаныя роднаму краю і вёсцы Міхайлоўшчыне.

Лёгкі сум, выкліканы стратай таленавітых людзей, змяніўся надзеяй на новае пакаленне паэтаў, якія будуць працягваць творчую справу сваіх папярэднікаў. Бібліятэкары прыгадалі новыя прозвішчы, магчыма, яшчэ невядомыя шырокаму колу чытачоў. З вершамі перад прысутнымі выступіла Марта Мацкевіч.

Паэзія – дзіўны і казачны свет, які заварожвае, абуджае, закалыхвае. Магутнай ракой яна ліецца ў кожнае сэрца, а яе хвалі ўзрушваюць душу і абуджаюць забытыя пачуцці.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *