У Ашмянскай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча з паэткай Генуэфай Кеўрай

Культура

Ашмянская раённая бібліятэка заўсёды была цэнтрам прыцяжэння творчых людзей. Паэты, пісьменнікі, драматургі, перакладчыкі, кампазітары і мастакі — яны напаўняюць сцены храма кнігі сваімі фантазіямі і марамі, дзеляцца душэўнымі перажываннямі і сваім бачаннем навакольнага свету. З імі заўсёды ўтульна і лёгка. Нават тады, калі іх узрост і погляды не супадаюць з тваімі, ты адчуваеш іх тонкі ўнутраны свет і запыты іх душы.

Творчы клуб “Сустрэча” пры бібліятэцы за гады свайго існавання аб’яднаў вакол сябе сур’ёзнае кола сяброў, якія не прапускаюць ніводнага мерапрыемства, арганізаванага работнікамі бібліятэчнай установы. Вось і ў гэты раз на спатканне з мясцовай паэткай Генуэфай Кеўрай прыйшлі тыя, для каго паэзія – не пустое месца, а цэлы свет, які знаходзіць сваё выражэнне ў вершаваных радках.

Разам з удзельнікамі літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты на мерапрыемства пад назвай “І поўніцца паэзіяй душа” прыйшлі родныя, калегі і сябры Генуэфы Францаўны. Прыйшлі, каб падтрымаць яе і выказаць удзячнасць за яе паэтычны дар і згоду на сустрэчы.

Нялёгка далася гэта “смеласць” гераіні творчай імпрэзы. Справа ў тым, што вось ужо шэсць год, як жанчына амаль цалкам страціла зрок. З-за гэтага звыклыя штодзённыя клопаты сталі цяжкім іспытам. А разам з тым Генуэфа Францаўна пазбавілася магчымасці пісаць вершы. Спрабавала надыктоўваць іх мужу, але з гэтай задумкі нічога не выйшла. На жаль, так паэзія ў яе душы не нараджаецца.

Паэтычны свет адкрыўся Генуэфе Кеўры яшчэ ў дзяцінстве. Вершы вельмі любіў дэкламаваць бацька – просты вясковец, які меў за плячыма чатыры класы польскай школы. Як толькі Генуэфа навучылася чытаць, у яе жыццё прыйшлі Янка Купала і Якуб Колас, Ніл Гілевіч і Сяргей Грахоўскі, Эдуард Асадаў. А пасля і ўласныя душэўныя перажыванні пачалі прасіцца на паперу.

Паэтычная скарбонка Генуэфы Францаўны даволі важкая. Пэўна, няма той тэмы, якая б не кранула яе сэрца. Родны край, малая радзіма, беларуская прырода, блізкія сэрцу людзі, калегі і працоўныя будні, чалавечыя заганы, каханне, узаемаадносіны паміж людзьмі…

Падчас сустрэчы, арганізаванай работнікамі раённай бібліятэкі па ініцыятыве жыхаркі горада Галіны Даўгашэй, шмат гучала паэтычных прызнанняў. Вершы чытала сама гераіня сустрэчы, а таксама яе сябры, родныя, аднадумцы і калегі: Святлана Лемешава, Ядзвіга Макарская, Марыя Пазняк, Сабіна Матэйковіч.

Шмат цёплых слоў выказалі ў адрас Генуэфы Францаўны загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Алена Янкоўская, намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты, кіраўнік літаратурнага аб’яднання Аліна Санюк, ветэран педагагічнай працы Людміла Дзедзюль, мясцовыя паэткі Ядзвіга Чаплінская і Галіна Даўгашэй, а таксама калегі-медработнікі.

Яскравым дадаткам да творчага партрэту Генуэфы Францаўны стала фотапрэзентацыя, якая суправаджалася аповедам сястры Генуэфы Францаўны Ядзвігі. Значнае месца ў ёй занялі здымкі, на якіх адлюстравана працоўная дзейнасць нашай гераіні. Каля сарака год Генуэфа Кеўра аддала раённай бальніцы, дзе працавала медыцынскай сястрой дзіцячага і радзільнага аддзяленняў. Яе здымак быў занесены на раённую Дошку гонару. Аднак самай значнай ацэнкай сваёй працы жанчына лічыць падзякі ад шчаслівых пацыентаў – матуль немаўлят, якім яна дапамагла з’явіцца на свет.

Размова аб паэзіі ў гэты дзень прадоўжылася ля кніжнай выставы “У суквецці талентаў Ашмяншчыны”, дзе пачэснае месца займае захапленне жыхаркі нашага горада, а завяршылася падчас чаявання. У хатняй утульнай абстаноўцы, створанай бібліятэкарамі і чытачамі, кожны адчуваў сваё дачыненне да творчасці – той нішы, куды можна “схавацца” ад быту, расчараванняў і болю…

Жыццё такое маленькае. І калі ты можаш павялічыць яго за лік творчай дзейнасці ці хобі – яно становіцца бясконцым, і ўсе перашкоды знікаюць.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *