Любоў да архітэктуры праз творчасць. Валянціна Вербіловіч

Культура

Ашмяншчына славіцца сваёй незвычайнай і велічнай архітэктурай: замак, касцёлы, цэрквы, сядзібы – гэтыя жамчужыны ўпрыгожваюць горад, вёскі  і мястэчкі. Кожны помнік  – унікальны, незвычайны, адметны, варты быць увасобленым у мастацтве. Год гістарычнай памяці – гэта магчымасць паглыбіць веды пра гісторыю роднага краю, у тым ліку —  пра яго архітэктурнае багацце.

Мастак – гэта асоба, якая бачыць свет адрозна ад звычайнага чалавека. Зусім па-іншаму творчыя людзі ўспрымаюць наваколле. У кожнай травінцы і кветцы  бачыцца цэлы свет, напоўнены хараством і гармоніяй. Валянціна Вербіловіч, педагог дадатковай адукацыі Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, менавіта так успрымае навакольны свет. Асабліва прыцягальнымі для Валянціны з’яўляюцца помнікі архітэктуры. Калісьці, наведваючы вёску Баруны, мастачка зайшла ў мясцовы храм. Незвычайная асіметрыя, безліч барочных элементаў, велічнасць храма здзівілі і заваражылі яе. Праз некаторы час узнікла ідэя стварыць папяровы макет Барунскага касцёла. Праца заняла шмат часу —  безліч дробных дэталей патрабавалі павышанай увагі. Спачатку Валянціна рабіла падрабязныя матэматычныя разлікі, улічвала шматлікія акалічнасці. Аднак выраб атрымаўся ўдалым. Маленькая копія храма ўражвае дакладнасцю і дасканаласцю.

Гэта праца дапамагла паверыць у свае сілы, дала штуршок на далейшую дзейнасць. Пакрысе сталі з’яўляцца макеты іншых архітэктурных аб’ектаў. Найбольшай увагі патрабаваў макет Гальшанскага замка. Копія лесвіцы, якая вядзе на вежу, прымусіла мастачку ўкласці многа сіл і часу. Аднак з гэтай задачай педагогу дапамаглі справіцца яе вучні. Валянціна Станіславаўна зрабіла дакладныя разлікі, вызначыла алгарытм дзеянняў, а яе выхаванцы выконвалі заданні згодна з падрыхтаваным планам. Сумесная праца аказалася прадукцыйнай — макет быў прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс “АрхНавацыя”, дзе атрымаў першае месца.

Мастачку прыцягваюць незвычайныя формы, вялікая колькасць дробных элементаў. Гэта робіць працу ў яе вачах больш цікавай і значнай. Яна зазначае, што на першым этапе вельмі важна вызначыцца з маштабам і ажыццявіць патрэбныя разлікі,  памылкі ў якіх прыводзяць да страты прапорцый. Ствараць маленькую пабудову яна заўжды пачынае з цэнтральнай часткі, паступова далучаючы дадатковыя элементы і дах. Дробныя дэталі, акрамя вокнаў і дзвярэй, прымацоўваюцца ў самым канцы.

Павага і любоў да архітэктуры роднага краю знаходзіць адлюстраванне і ў выяўленчым мастацтве. Акварэльныя малюнкі Барунскага і Ашмянскага касцёлаў упрыгожваюць цэнтр творчасці. Нядаўна быў створаны велічны і рэалістычны малюнак Гальшанскага замка, які ўражвае кожнага гледача.

Разам з настаўніцай малююць і вучні. Валянціна Станіславаўна дапамагае правільна размясціць пабудову на аркушы, вызначыцца з вуглом падзення святла. Перад пачаткам стварэння малюнкаў  педагог расказвае вучням пра гісторыю той або іншай пабудовы, спыняецца на асаблівасцях стылю. Працы яе выхаванцаў удзельнічаюць у шматлікіх конкурсах і высока ацэньваюцца.

Выхаванне любові да роднага краю праз азнаямленне з архітэктурнымі пабудовамі ў прэцэсе творчасці дае магчымасць больш глыбока ацаніць пабудову, зразумець яе  важнасць і значнасць, а галоўнае – стаць на крок бліжэй да гісторыі роднага краю.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *