Кропка на карце раёна. Вёска Бяцюны

Общество

Больш за іншыя месяцы года люблю канец жніўня. Час, калі зямля, аддаўшы людзям плён сваёй працы, ціха адпачывае пад промнямі ласкавага сонца. Наогул у прыродзе пачынаюць панаваць лагоднасць і спакой. Пасля наведвання вёскі Бяцюны Крайванцаўскага сельсавета і знаёмства з яго жыхарамі чамусьці нагадаўся менавіта  жнівень – жнівень чалавечага жыцця. Але аб усім па-парадку.

Чаму Бяцюны сталі наступнай кропкай на карце раёна? Мабыць, таму, што такіх вёсачак на Ашмяншчыне шмат – некалі вялікіх, а сёння з дзясяткам жыхароў, кожны з якіх цікавы сваёй незаўважнасцю і неадметнасцю. Людзі тут жылі, цяжка працавалі, гадавалі дзяцей, не патрабуючы для сябе  розных  выгод, умелі быць удзячнымі за тое, што мелі, вёскай святкавалі  нараджэнне дзяцей і вяселлі, разам развітваліся з тымі, хто знайшоў вечны спакой, адзін аднаму прыходзіліся калі не раднёй, дык кумамі ці сватамі.

“Я іх так люблю, – гаворыць пра жыхароў вёскі старшыня Крайванцаўскага сельвыканкама Валянціна Вінцаловіч, — за тое, што дружныя, адказныя і вясёлыя. Для іх няма нічога немагчымага. З імі можна перавярнуць горы”. Да Валянціны Іванаўны, як да чалавека, які лепш за ўсіх ведае населеныя пункты сельсавета, мы звярнуліся за дапамогай, калі вырашылі напісаць пра чарговую вёску. І яна, не вагаючыся, прапанавала Бяцюны. Валянціна Іванаўна  расказала, што у Крайванцаўскім сельскім Савеце сёння налічваецца 44 вёскі, і са шкадаваннем дадала, што ў 12-ці з іх ніхто не жыве. Бяцюны  таксама пакрысе пусцеюць: у 2002 годзе там налічвалася яшчэ 24 двары і 50 жыхароў. Сёння ў населеным пункце 7 жылых дамоў, у якіх жыве 11 чалавек: дзве сям’і працаздольнага ўзросту, астатнія – пенсіянеры,  дзяцей і моладзі няма.

У адзін з ліпеньскіх дзён мы накіраваліся ў вёску. Пакінуўшы збоку Крайванцы, рухаемся далей — на Анжадава. Праз некалькі кіламетраў на скрыжаванні паварочваем направа. Яшчэ невялікі адрэзак дарогі – і мы ў Бяцюнах. Крыж на ўездзе, драўляныя дамы паабапал вуліцы, асфальтаваная дарога праз вёску, калонкі ў дварах. Хаты стаяць бліжэй да вуліцы, за імі – гаспадарчыя пабудовы і агароды аж да кукурузнага поля, якое падступае да вёскі з усіх бакоў. Дарога паўз вёску бяжыць далей — на  Буняны. Хаты ціснуцца адна да адной: адны дагледжаныя, іншыя, відаць па ўсім, нежылыя. Але вёска не пакідае ўражання закінутасці. Вуліца і тэрыторыя ля дамоў абкошана, кветкі пазіраюць з-пад хатаў. На выездзе на Буняны, адразу за апошняй хатай – дагледжаныя могілкі.

Сустрэў нас у цэнтры ля сваёй сядзібы стараста Антон Францавіч Тарасевіч, які жыве тут з 1965 года. Некалі прыйшоў “у прымы” ў дом бацькоў жонкі, якая не захацела пакідаць роднае гняздо, ды так і застаўся там гаспадаром. Антону Францавічу восемдзесят адзін год, родам ён з невялікай літоўскай вёсачкі непадалёку ад мяжы, яшчэ ў маленстве пераехаў з бацькамі ў Кібы Крайванцаўскага сельсавета. Усё жыццё працаваў у калгасе “Чырвонае знамя” (у 1978 годзе далучаны да калгаса імя Ільіча): трыццаць год быў вадзіцелем малакавоза, пасля яшчэ пятнаццаць працаваў на камбайне СК-4. Але не цяжкія працоўныя будні ўспамінае Антон Францавіч, а тое, як удзельнічаў у рабоце  аматарскага тэатральнага гуртка ды быў Саўкам у “Паўлінцы”.

Выгадавалі яны з жонкай Стафаніяй траіх дзяцей, двое жывуць у Маслаўшчыне, адна дачка – у Вільнюсе. Сын Іван – гонар бацькі — на працягу шэрагу гадоў працаваў кіраўніком КСУП “Крайванцы”.

Калі з’явілася паселішча, сёння дакладна ўжо ніхто з жыхароў не ведае. Антон Францавіч выказвае меркаванне:  з пачатку 1900-х гадоў ці раней, таму што яго цесць жыў у Бяцюнах са свайго нараджэння. А нарадзіўся ён у 1907 годзе. Гэтае меркаванне знайшло пацвярджэнне ў кнізе “Памяць” Ашмянскага раёна, дзе адшукала звесткі пра тое, што ў 1904 годзе ў Бяцюнах было 89 жыхароў і ўваходзіла вёска ў Граўжышкаўскую воласць.

Антон Францавіч – стараста вёскі з таго моманту, як з’явілася гэта грамадская пасада. Расказвае, што жыхары дружныя, працалюбівыя,  і ніколі не прыйшлося яму чырванець за сваіх суседзяў. Калі трэба, самі дружна бяруцца за работу. А старшыня сельсавета ўспамінае, як шукала рабочых  разраўняць пясок для падсыпкі дарогі. Калі рабочыя былі знойдзены і дастаўлены ў вёску, аказалася, што рабіць ім ужо няма чаго, – жыхары самі, не чакаючы нікога, усё зрабілі. Парадак на могілках яны таксама падрымліваюць самі.

Пакуль размаўлялі з Антонам Францавічам, сталі падыходзіць іншыя месцічы. Ядзвіга Міхайлаўна Вінцаловіч 29 ліпеня адзначыла восемдзесят год. У вёсцы жыве з дзяцінства, яе выгадавала сястра таты. Дзе склалі галовы бацькі, яна і цяпер дакладна не ведае – саракавыя гады былі трывожнымі, шмат лёсаў паламаў той час, раскідаўшы людзей па свеце. Жанчына ўспамінае, што ў вёсцы была пачатковая школа, у якой яна сама вучылася, нават памятае імя сваёй першай настаўніцы – Валянціна Андрэеўна Лукашок. З чацвёртага па сёмы клас вучылася ў сямігодцы ў Піктушы. У школу бегалі  напрасткі праз лес — кіламетры тры. У гады яе дзяцінства ў вёсцы быў магазін — не проста ў вёсцы, а ў доме яе бабулі, якая жыла ў кухні, а магазін быў на чыстай палове хаты. Цяпер у вёску тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка.

Успамінае Ядзвіга Міхайлаўна і працу ў калгасе. І сёння ў сельскай гаспадарцы нялёгка, а ў 60-ыя гады наогул ні пра якія механізаваныя працэсы гутаркі не ішло. Усё рабілі ўручную, нават гной на поле выносілі і растрасалі кашамі. Бульбу садзілі і капалі коньмі.

Аднак жыццё ішло – трох сыноў выгадавала  Ядзвіга Міхайлаўна. Двое жывуць у Літве, адзін – у Смаргоні. За яго найбольш баліць матчына сэрца – ён прайшоў афганскую вайну. А яна заўсёды была разам – нават у Ашхабад да сына ў войска з’ездзіла. Пасля вяртання з Афганістана сын доўга вяртаўся да мірнага жыцця – не адпускалі ўспаміны. Ён не расказваў, але маці адчувала, як яму цяжка.  Ядзвіга Міхайлаўна шмат перамагла ў сваім жыцці, але не страціла пачуцця гумару і з аптымізмам сустракае кожны новы дзень.

Яшчэ адна жыхарка вёскі Ганна Каспераўна Вінцаловіч, 1940 года нараджэння, жыла да замужжа ў вёсцы Мурыны за Кібамі. З будучым мужам пазнаёмілася на вяселлі ў Бунянах, дзе яны былі дружкамі. Неўзабаве адгулялі і сваё вяселле – вось тады і пераехала Ганна ў Бяцюны. Выгадавалі з мужам шасцярых дзяцей, якія жывуць хто ў Ашмянах, хто ў Смаргоні, хто ў Вільнюсе, адной дачкі ўжо няма.

Ганна Каспераўна працавала цялятніцай на ферме ў Бунянах. Успамінае, як уручную пераносілі 40-літровыя бідоны з малаком і пойлам для цялят, як даглядалі па 60-80 галоў, кармілі з бутэлечкі. Сёння жанчына і сама здзіўляецца, як змагла вытрымаць такую працу, як адна некалі накладала воз саломы. А трымалі ж яшчэ і сваю гаспадарку.

Каля хаты Ганны Каспераўны шмат кветак і ніводнай травінкі, за хатай – агарод. Усё даглядае сама. Ад вялікай некалі гаспадаркі засталіся толькі куры і сабачка. У доме ў жанчыны – чысціня. Чыстая, пабеленая руская печ на кухні, абкладзеная бліскучай кафляй печка ў чыстай палове хаты, нядаўна паклееныя дочкамі новыя шпалеры.

Жыхары Бяцюн расказваюць, што раней жылі весялей и дружней: разам адзначалі маёўкі і спявалі песні, святкавалі рэлігійныя святы. Цяпер, як збяруцца дзеці з унукамі, —  чалавек пятнаццаць-дваццаць, у кожнай сям’і – сваё свята.

Цішынёй і спакоем вее ад вёскі. Яе жыхары, аддаўшы маладыя і сталыя гады працы, выгадаваўшы дзяцей, жывуць хатнімі клопатамі, садзяць агароды і кветнікі. Не трэба спяшацца на работу, даглядаць хатнюю гаспадарку. Не трэба – дый ужо і не атрымліваецца: не так хутка ходзяць ногі, не так спрытна працуюць рукі. Нават у капліцу ў Піктушу па нядзелях пешшу не дайсці – трэба дапамога дзяцей, ці Антон Францавіч на сваіх жыгулях падвязе.

Час быццам запаволіў у Бяцюнах свой бег, даючы нарэшце яе жыхарам магчымасць атрымаць асалоду ад жыцця. Тут жывуць мудрыя і адкрытыя людзі, якія аднолькава радуюцца і сонцу, і дажджу, радуюцца кожнай новай раніцы і дзякуюць за кожны пражыты дзень. Тут пануе жнівень – жнівень чалавечага жыцця…

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *