У сяброўстве з “Навукай”

Образование

Штогод летні абласны аздараўленчы лагер “Навука” ў аграгарадку Парэчча збірае  адораных падлеткаў Гродзенскай вобласці: пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па розных вучэбных прадметах. Тут яны не толькі аздараўляюцца, але і з карысцю праводзяць свае летнія канікулы, бо абавязковай часткай распарадку дня лагеря з’яўляюцца вучэбныя заняткі, на якіх дзеці паглыбляюць свае веды і паляпшаюць навыкі ў пэўнай галіне навукі. А вучэбныя заняткі праводзяць «майстры» сваёй справы — высокакваліфікаваныя, кампетэнтныя і творчыя выкладчыкі з лепшых гродзенскіх ВНУ, якія маюць шматгадовы вопыт падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд. Таму і атрыманыя веды і ўменні становяцца больш каштоўнымі.

Я ўжо другі год запар прыязджаю ў лагер “Навука”, каб адправіцца ў цікавую і пазнавальную “навуковую экспедыцыю”. Захапляючыся беларускай мовай і літаратурай, я выбіраю атрад “Падарожнікі-знаўцы беларускай мовы”, каб удасканаліць свае тэарэтычныя і практычныя ўменні па мове, атрымаць карысныя і слушныя парады і рэкамендацыі па напісанні водгука на мастацкі твор і, канешне, знайсці аднадумцаў і сяброў.

Вынікам мэтанакіраванай, скрупулёзнай і штодзённай работы па паглыбленым вывучэнні роднай мовы і літаратуры на працягу года сталі для мяне, васьмікласніцы, перамогі ў сёлетняй алімпіядзе для вучняў 9 класаў: дыплом I ступені ў трэцім этапе і дыплом II ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. І немалаважную ролю ў гэтым адыграла і вучоба ў лагеры “Навука”.

Кожны падлетак, які апынуўся тут, становіцца больш смелым у дэманстрацыі сваіх здольнасцей і эрудыцыі, у праяўленні сваіх талентаў. І гэта невыпадкова, бо некаторыя законы лагера да гэтага заклікаюць: “Ні хвіліны без справы. Кожную справу выконваць творча”, “Кожную справу — з карысцю! Інакш навошта?”. Таму вольны час для падрастаючых “навукоўцаў” насычаны. На працягу другой паловы дня праходзяць квэст-гульні, разнастайныя іспыты, віктарыны, конкурсы, спаборніцтвы. На заключным вячэрнім мерапрыемстве ўсе атрады-“вандроўнікі” прэзентуюць сваю дзейнасць у форме творчых нумароў, відэафільмаў, дзеляцца сваімі напрацоўкамі і дасягненнямі, аб’ядноўваюцца для ўсеагульнага выканання гімна лагера. А традыцыйным завяршэннем насычанага дня з’яўляецца час рэлаксацыі, эмацыйнай разгрузкі, творчых зносін аднадумцаў — рэфлексія па крузе “Свечка”.

Шчыра прызнаюся: прыехаўшы ў лагер “Навука” першы раз, я цэлы год успамінала гэта дзіўнае месца і жадала сюда вярнуцца, каб яшчэ раз сустрэцца з ветлівым калектывам педагогаў і выхавальнікаў, пабачыць ужо набытых сяброў, пазнаёміцца з новымі і зноў акунуцца ў атмасферу ўтульнасці, радасці і добрага настрою. І мая мара спраўдзілася!

Елізавета ЛАБАЧЭЎСКАЯ, вучаніца СШ 3 г. Ашмяны.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *