78 год пад мірным небам

Общество

3 ліпеня 1944 года стала для беларусаў памятнай датай. У гэты дзень быў узняты Чырвоны сцяг над Мінскам. Гэта дата прынесла шматпакутнаму беларускаму народу адчуванне свабоды, надзею на хуткае заканчэнне вайны і шчаслівае жыццё.

Імкліва прасоўваліся войскі Чырвонай Арміі, вызваляючы адзін за другім гарады і вёскі краіны. Ужо 4 ліпеня выбілі немцаў са Смаргоні, а праз тры дні — 7 ліпеня — вызвалілі Ашмяны. З 5 па 9 ліпеня 1944 года Ашмянскі раён быў цалкам вызвалены ад фашысцкай навалы.

Вырашальная бітва адбылася ля моста на дарозе Смаргонь — Ашмяны. Некалькі адважных аўтаматчыкаў на чале са старшым сяржантам Дзмітрыем Гарбуновым праніклі ў варожы тыл і захапілі мост праз раку Ашмянку паміж вёскамі Нарбуты і Зарэчча. Вярнуць страчаныя пазіцыі ў фашыстаў, нягледзячы на ўсе намаганні, не атрымалася. Гэта паспяховая аперацыя спрыяла хутчэйшаму вызваленню нашага раёна.

Помнік савецкім воінам у вёсцы Зарэчча

Як вядома, вызваленне Ашмянскага раёна адбывалася падчас наступальнай аперацыі «Баграціён», якая была праведзена  камандаваннем савецкіх войскаў летам 1944 года.

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў частка партызан брыгады імя Гастэлы была пакінута на вызваленай тэрыторыі для аднаўлення Савецкай улады, наладжвання работы народнай гаспадаркі, вырашэння сацыяльных праблем насельніцтва, аказання ўсебаковай дапамогі Чырвонай Арміі і краіне ў перамозе над ворагам.

Важная роля ў гэтым складаным працэсе адводзілася раённай газеце. Разумеючы гэта, Ашмянскі райкам КП(б)Б ужо на другі дзень пасля вызвалення раёна сваім рашэннем зацвердзіў на пасадзе рэдактара газеты «Знамя свабоды» (так тады называлася раёнка) Уладзіміра Бабарыкіна.

Былы франтавік, Уладзімір Аляксандравіч прайшоў шляхамі вайны, прымаў удзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1942 годзе па заданні камандавання разам з іншымі савецкімі байцамі быў перакінуты ў тыл ворага і актыўна ўдзельнічаў ў партызанскім руху, знаходзіўся ў брыгадзе імя Гастэлы. З 1941 года і да вызвалення Беларусі быў рэдактарам газеты «Знамя свабоды» — органа Ашмянскага падпольнага райкама партыі. Дарэчы, першы нумар падпольнай партызанскай газеты колькасцю 500 экзэмпляраў быў выпушчаны каля хутара Романа (Пастаўшчына) 25 кастрычніка 1943 года.

Зразумела, чаму пасля вызвалення абавязкі рэдактара былі ўскладзены на Уладзіміра Аляксандравіча — пад яго кіраўніцтвам газета нават у гады вайны была са  сваім чытачом.

Падрыхтавала Людміла ВЕРАС.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *