Шляхамі Енджэя Снядэцкага

Главное

Калі вы цікавіцеся жыццём Кальчунскай школы, то ўспомніце, што зусім нядаўна мы спатыкалі гасцей з Літвы, а напрыканцы мая ў госці да іх, у незабыўнае  падарожжа “Шляхамі Енджея Снядецкага” адправіліся мы, каб замацаваць супрацоўніцтва і аддаць даніну павагі свайму земляку Енджэю Снядецкаму.

Сустрэча была вельмі цёплай і незвычайнай. З трохпавярховага будынка школы, з кожнага акенца мы бачылі радасныя дзіцячыя твары, якія віталі нас не толькі усмешкамі, але і беларускімі сцяжкамі. У школе нас сустрэлі вучні ў беларускіх нацыянальных строях, што прыемна нас уразіла і здзівіла.

У першы дзень нас чакала экскурсія па школе. Кожны клас Яшунскай школы абсталяваны інтэрактыўнай дошкай, мультымедыйнай устаноўкай. Амаль паўсюдна новая мэбля, шмат камп’ютараў, незвычайны інтэр’ер. Вельмі прыемна было ўбачыць знаёмыя словы на беларускай мове ў афармленні актавай залы, а яшчэ больш ‑ пачуць з вуснаў літоўскіх вучняў прывітанне на нашай роднай мове.

На могілках, дзе пахаваны сваякі Енджэя Снядецкага, мы запалілі лампадкі. Запаленыя агеньчыкі нагадалі нам аб тым, што памяць жывая, вечная, і толькі ад нас залежыць, наколькі трывалай і доўгай яна будзе.

Для мяне, як экскурсавода школьнага музея Е.Снядецкага, гэта было нешта большае, чым проста экскурсія. Прыемна было хадзіць тымі сцяжынкамі, па якіх некалі хадзіў сам Енджэй Снядецкі.

Увечары нас чакала міжнародная дыскатэка з забаўляльнай конкурснай праграмай і сяброўскі стол са смачнымі літоўскімі стравамі. Нельга перадаць словамі ўсе эмоцыі, якія валодалі намі ў той час. І хоць мы не размаўлялі на літоўскай мове, але ў нашых адносінах было столькі дабрыні, шчырасці,  узаемаразумення!

Другі дзень быў запоўнены пазнавальным падарожжам і новымі, дагэтуль нязведанымі эмоцыямі. Стары горад ‑ сучасная Вільня – Тракай ‑ Кальчуны – такі маршрут чакаў нас.

Гледзячы ў акно аўтобуса, які вёз нас дамоў, я думала аб тым, што калі дабірацца напрасткі да Яшун з Кальчун, то будзе зусім блізка. І навошта людзі прыдумалі межы? Мы ж амаль родныя! У нас адзіная гісторыя і культура, ды і тэрыторыя была ў нас калісьці агульная. Вось добра было б вярнуць усё гэта назад…

Інга ГІЗ, вучаніца Кальчунскай СШ, слухач школы маладога журналіста



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *