“Жыццё пражыць – не поле перайсці!”. Аляксандр Міхайлавіч Шаховіч

Общество

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэтыя словы сталі сапраўдным жыццёвым крэда для Аляксандра Міхайлавіча Шаховіча, загадчыка Гальшанскай участковай ветэрынарнай лякарні. Сорак гадоў жыцця ветэрынар прысвяціў сваёй справе і ніколі не пашкадаваў аб зробленым прафесійным выбары.

Калісьці юнака вабіла мора, ён марыў стаць адважным мараком, шмат падарожнічаць і штодня адкрываць для сябе новае і нябачанае. Мядзельшчына, дзе ён нарадзіўся і вырас, садзейнічала гэтаму. Нарачанскія хвалі прыцягвалі, вабілі, зачароўвалі.

Аднак жыццё склалася па-іншаму. Скончыўшы Крывіцкую школу, малады чалавек накіраваў дакументы ў Смілавіцкае сельскагаспадарчае вучылішча. Прафесійнаму самавызначэнню паспрыяў і прыклад сястры, якая была звязана з сельскагаспадарчай сферай. З асаблівай цеплынёй Аляксандр Міхайлавіч прыгадвае гады вучобы, бо яны прынеслі не толькі прафесійныя веды, але і новыя знаёмствы. Менавіта ў той час адбылася сустрэча з будучай жонкай. Усмешлівая, шчырая, яна адразу пакарыла юнака, прымусіла часцей біцца сэрца. У хуткім часе ўтварылася новая і шчаслівая сям’я.

Аднак, скончыўшы навучанне, неабходна было вызначыцца з месцам працы. На дапамогу прыйшла цётка Аляксандра Міхайлавіча, яна параіла паехаць працаваць у Гальшаны. Маладыя людзі прыслухаліся да парады. Так пачалася новая старонка ў жыцці Шаховічаў. Для маладой сям’і была выдзелена асобная кватэра, створаны спрыяльныя ўмовы для далейшага станаўлення і развіцця. Доўгі час спецыяліст працаваў на свінагадоўчым комплексе, а паралельна атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Перфекцыянізм, імкненне да якаснага выканання абавязкаў, адказнасць – нязменныя спадарожнікі ў працы. У практыцы Аляксандра Міхайлавіча сустракаліся складаныя выпадкі, справа вымагала шмат сіл, ведаў і часу. Частыя начныя выклікі дысцыплінавалі, дапамагалі навучыцца мабільна рэагаваць у складаных сітуацыях.

Жонка заўсёды з разуменнем ставілася да нечаканых выклікаў, рэзкай змены планаў. Яна ведала, што сям’я і праца – галоўныя каштоўнасці ў жыцці мужа. Са з’яўленнем дачушак жыццё сям’і зайграла іншымі фарбамі. Большую частку вольнага часу мужчына аддаваў выхаванню дачок, часта браў іх з сабой на працу. З дзяцінства дзяўчаты спасцігалі ўсе тонкасці прафесіі ветэрынара. Абедзве дачкі скончылі школу з залатым медалём і сталі сапраўдным гонарам для бацькоў.

Адказнасць, здольнасць узяць цяжкасці на свае плечы, сумленнасць — гэтыя якасці мужчына пераняў ад бацькі Міхаіла Іванавіча, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. У баях Міхаіл Іванавіч страціў пальцы на руцэ, але ніколі не траціў агульначалавечых якасцяў і адпаведнае выхаванне даваў сваім дзецям. Увага і павага да бацькоў былі ў прыярытэце. У маладой сям’і Шаховічаў заўсёды з пашанай і клопатам ставіліся да старэйшага пакалення, гэтаму ж вучылі і дачок.

Больш за дзесяць гадоў Аляксандр Міхайлавіч Шаховіч з’яўляецца загадчыкам Гальшанскай участковай лякарні. Штат лякарні невялікі, але ўкамлектаваны сапраўднымі спецыялістамі. Мужчына марыць, каб таленавітая і адказная моладзь прыходзіла ў прафесію, бо жывёлы таксама патрабуюць увагі і дапамогі. У кватэры Шаховічаў амаль не змаўкае тэлефон. Суседзі, аднавяскоўцы, знаёмыя часта звяртаюцца за дапамогай або парадай і ніколі не атрымліваюць адмовы. Любоў да прыроды, жывёльнага свету і зараз не пакідаюць мужчыну. У вольны час ён майструе шпакоўні для птушак, а пасля прыладжвае на дрэвы, якія растуць вакол дома. Зімой Аляксандр Міхайлавіч разам з унучкай Евай рыхтуюць кармушкі для птушак. Дзядулеў альтруізм, любоў да прыроды пакрысе пераймае і ўнучка.

Чым яшчэ займаецца ўрач ветэрынарнай медыцыны ў вольны час? Адказ просты: жыве поўным жыццём. Ён сапраўдны аматар ціхага палявання. Пахадзіць па лесе спякотным днём — сапраўдная асалода. З запалам ён паказвае фотаздымкі лясных трафеяў: пузатых баравічкоў, стракатых лісічак, статных падасінавікаў. Лясныя вандроўкі даюць адчуванне спакою, гармоніі, дапамагаюць застацца сам-насам з прыродай, засяродзіцца.

Гасцей у доме Шаховічаў заўсёды сустракаюць духмянай гарбатай, нарыхтоўкай якой таксама займаецца сам гаспадар. Каля шматпавярхоўкі, у якой жыве сям’я, адчуваецца руплівая мужчынская рука. Змайстраваць агароджу, падпоры для кветак, дапамагчы жонцы на агародзе – Аляксандр Міхайлавіч з запалам бярэцца за любую справу і заўсёды завяршае яе. Летам сям’я вандруе па Беларусі. Залессе, Гродна, Мінск – гэта толькі некаторыя пунткы маршруту, запланаванага на летні час. Цёплымі вечарамі мужчына з задавальненнем сядае на веласіпед і атрымлівае асалоду ад прыгажосці мілага для сэрца мястэчка.

У жыцці Аляксандра Міхайлавіча былі розныя перыяды, поўныя радасцяў і складанасцей, падзенняў і ўзлётаў, мар і расчараванняў. Аднак пачуццё гумару і аптымізм дапамагалі выходзіць з самых складаных сітуацый. Дыпломы і граматы ўпрыгожваюць працоўнае месца Аляксандра Шаховіча, дзеці і ўнучка радуюць жыццёвымі поспехамі, а жонка заўсёды атуляе клопатам і дапамогай. “Жыццё пражыць – не поле перайсці!” – падсумоўвае Аляксандр Міхайлавіч, загортваючы сямейны альбом.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *