Мерапрыемства пра дзяцей вайны падрыхтавалі супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея

Общество

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адбылося мерапрыемства “Вайной зламанае дзяцінства”, на якое былі запрошаны наведвальнікі аздараўленчага летніка СШ №3.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Бусловіч расказала дзецям аб жудасных старонках ваеннай пары. Не абмінула вайна і дзяцей. Мала таго, што яны пазбавіліся дзяцінства, галадалі і часам жылі ў нечалавечых умовах, ім прыходзілася адчуваць на сабе здзекі фашысцкіх карнікаў.

Вайна хутка зрабіла дзяцей дарослымі. Некаторыя з іх ваявалі ў партызанскіх атрадах, дапамагалі дарослым каваць перамогу ў тыле, стаялі нараўне з бацькамі ля станкоў.

Многія з іх загінулі, многія памерлі жудаснай смерцю. На акупаванай тэрыторыі Беларусі было створана 260 лагераў смерці, 14 з іх былі дзіцячымі. Адно з такіх месцаў – лагер у Чырвоным Беразе, куды звозілі вязняў-дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Дакументальны фільм, у якім расказваецца, як у дзяцей бралі кроў і якія жудасныя ставілі на іх вопыты, школьнікі глядзелі не адрываючыся.

Падчас мерапрыемства вучні даведаліся пра гераічны подзвіг піянераў-герояў, якім пасмяротна было прысвоена званне “Герой Савецкага Саюза”. Валя Коцік, Зіна Партнова, Лёня Голікаў, Марат Казей – гэтыя прозвішчы добра знаёмы людзям старэйшага пакалення. Дзякуючы аповеду супрацоўнікаў музея пра юных герояў будзе ведаць і падрастаючае пакаленне.

Памяць пра тых, хто набліжаў перамогу і не вярнуўся з вайны, школьнікі ўшанавалі мінутай маўчання.

Мірнае неба над галавой – гэта самая вялікая каштоўнасць, якую мы павінны цаніць і берагчы. Такі вынік зрабілі школьнікі. У пацвярджэнне гучалі вершы, якія падрыхтавалі Цімафей Шыдлоўскі, Дар’я Брыш, Артур Паўленка, Арцём Жукоўскі, Сцяпан Мірановіч, Эвеліна Дэбесь, Ксенія Талочка, Маргарыта Бурава, Міхаіл Шунько, Ульяна Жукоўская.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *