Цікавую праграму прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам у летніку «Непаседы» Крэйванцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу

Образование

Летні адпачынак у самым разгары. Наперадзе ў дзятвы больш за два месяцы, якія можна патраціць на гульні, захапленні, добрыя справы і цікавосткі. Тым больш што годны старт быў дадзены падчас першай змены летнікаў — прышкольных з дзённым знаходжаннем і стацыянарных — з кругласутачным.

Цікавую праграму прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам у летніку «Непаседы» Крэйванцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Васямнаццаць дзён праляцелі як адно імгненне, бо ні хвіліны дзеці не сумавалі. Спартландыі і віктарыны, конкурсы і забаўляльныя праграмы, акцыі і сустрэчы — тут кожны змог праявіць свае здольнасці.

Асабліва запомніліся малечам экскурсіі, прымеркаваныя ў першую чаргу да Года гістарычнай памяці. Так, выхаванцаў ветліва сустракалі ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур, Ашмянскім раённым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Дзеці больш дэтальна пазнаёміліся з культурнымі традыцыямі беларусаў, рамёствамі і заняткамі продкаў.

У сядзібе «Літоўка», што ў Навагрудскім раёне, школьнікі даведаліся пра містычны турызм. Незапланаванай, але ад гэтага не менш карыснай, стала сустрэча з мясцовымі работнікамі таварыства выратавання на водах. У летні час асабліва важна напамінаць дзецям пра бяспеку. Гэтай тэме былі прысвечаны і гутаркі, якія прайшлі ў летніку, — з участковым інспектарам А. Дзятловічам і выхавацелямі.

Актыўную форму прафарыентацыйнай работы прапанавалі дзецям падчас экскурсіі ў ААТ «Белкава». Зрэшты, толькі так, праз уласныя ўражанні і асабісты ўнёсак, на практыцы, можна прывіць сапраўднае разуменне каштоўнасцей. З гэтай мэтай напярэдадні 22 чэрвеня  выхаванцы прынялі ўдзел у акцыі «Помнік». Разам з настаўнікамі дзеці навялі парадак ля помніка землякам, якія загінулі ў гады вайны. А ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа сталі ўдзельнікамі ўрачыстага мітынгу.

…Змена ў летніку хутка скончыцца, але ўражанні і ўспаміны застануцца назаўсёды.

Людміла ВЕРАС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *