Вытокі беларускай песні. Віялета Мікліс

Культура

Беларуская народная песня – невычэрпная крыніца, а яе вытокі – людзі, якія яе захоўваюць і сваім талентам даюць ёй новае жыццё. У музычных класах Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў ў Мураванай Ашмянцы адораныя дзеці спасцігаюць чароўнае на працягу двух дзесяцігоддзяў. Хлопчыкі і дзяўчынкі пасля ўрокаў у сярэдняй школе спяшаюцца на заняткі да вопытных педагогаў Вольгі і Віктара Чаплінскіх, якія займаюцца захаваннем і адраджэннем беларускай народнай песні.

З удзячнасцю і цеплынёй аб творчым шляху, які пачаўся ў музычных класах, успамінае выпусніца школы мастацтваў, а цяпер студэнтка Лідскага музычнага каледжа Віялета Мікліс. Падчас сустрэчы з будучымі музыкамі яна расказала пра вучобу ў каледжы, парадавала сваім майстэрствам ігры на фартэпіяна, выканала вакальны твор a cappella і падзялілася планамі на будучае. Дзеці з цікавасцю паглядзелі відэазапісы выступленняў народнага ансамбля «Вербіца», салісткай якога з’яўляецца іх зямлячка. Шмат шчырых слоў падзякі дзяўчына выказала настаўнікам, якія заўсёды падтрымлівалі і натхнялі.

За плячыма вучаніцы Віктара Чаплінскага атрыманне прэміі раённага выканаўчага камітэта “Надзеі Ашмяншчыны”, дзясяткі конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню. Запомніліся Віялеце і міжнародныя спаборніцтвы “Паруса мечты”, “Новыя вяршыні” і “Львёнак”. Галоўнай узнагародай за гады навучання не толькі асабіста для Віялеты, але і для ўсёй школы мастацтваў стаў Гран-пры міжнароднага конкурсу “Планета дружбы”. Моцны голас Віялеты Мікліс гучаў і на тэлебачанні – у праграме “Наперад у мінулае”.

Кожнае выступленне дзяўчыны было яркім, эмацыйным і запамінальным, немагчыма было не замілавацца яе артыстызмам, выканальніцкім майстэрствам і адметнымі сцэнічнымі вобразамі. Так, на адным з конкурсаў выдатніцу школы мастацтваў заўважылі выкладчыкі каледжа і запрасілі на вучобу. Падчас уступных іспытаў Віялета скарыла педагогаў каледжа не толькі сваім голасам, але і аўтэнтычным вобразам.

Цяпер выпускніца музычных класаў працягвае навучанне на другім курсе спецыяльнасці “Дырыжыраванне” (народны хор), выступае ў народным ансамблі «Вербіца», выконвае беларускую песню на мерапрыемствах і канцэртах, якія праходзяць у сценах каледжа. У вольны час, якога катастрафічна не хапае пасля заняткаў, Віялета іграе на барабанах, асвойвае скрыпку і эксперыментуе ў студэнцкай музычнай групе. Аб планах дзяўчына гаварыць не спяшаецца, але ўжо ведае, што працягне навучанне ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў.

Упэўненыя крокі ў музыцы робіць і малодшая сястра Віялеты — Васіліса. Нягледзячы на ўзрост, у творчым арсенале другакласніцы школы мастацтваў Васілісы больш дзесяці дыпломаў лаўрэата міжнароднага і рэспубліканскага гатунку, выступленне на радыёканале “Культура”. Са сцэны гучаць мілагучныя кампазіцыі, што калісьці выконвала Віялета. Але кожную песню выдатніца школы мастацтваў Васіліса выконвае па-свойму, робіць яе гучанне адметным, пранікнёным і запамінальным.

Пасля выступленняў на вялікай сцэне ўпэўненая вакалістка тэлефануе Віялеце і дзеліцца сваімі поспехамі, а дома, калі старэйшая сястра прыязджае ў госці, яны разам у чатыры рукі іграюць на фартэпіяна і спяваюць песні на роднай мове. Падтрымліваюць творчыя пачынанні дзяўчынак і матуля, і малодшы брат Ілья, для якога свет музыкі пакуль абмяжоўваецца ціхімі мелодыямі калыханкі.

Падчас сустрэчы ў музычных класах Мураванай Ашмянкі Віялета Мікліс выконвала твор на беларускай мове. Слухаючы, як гучыць яе голас, як разліваецца песня, аздобленая вялікай і таямнічай гісторыяй, як яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, разумееш, што повязь сучаснага з мінулым ніколі не парвецца. Разам са сваімі вучнямі і выпускнікамі, нібы крышталь, народную спадчыну зберагаюць і настаўнікі – Вольга і Віктар Чаплінскія.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Вытокі беларускай песні. Віялета Мікліс

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *