Мастацкі пленэр прайшоў ля сцен Гальшанскага замка

Культура

У Год гістарычнай памяці юных мастакоў і мастачак, а таксама настаўнікаў Ашмянскай дзіцячай школы масцатваў аб’яднаў V адкрыты мастацкі пленэр «Малюем гісторыю разам». Сёлета творчы конкурс прайшоў ля сцен вядомага Гальшанскага замка. Для майстроў пэндзля і фарбаў — гэта цудоўная мажлівасць адчуць подых даўніны, дакрануцца да гісторыі, паслухаць таямнічыя легенды краю і, канешне, адлюстраваць іх на паперы.

Папярэднічала пленэру сустрэча з вядомым мастаком, педагогам, членам Еўрапейскага мастацкага саюза Віктарам Данілавым. Дзеці і іх бацькі правялі некалькі гадзін на яго майстар-класе, дзе атрымалі новыя практычныя веды, паспрабавалі сябе ў розных мастацкіх тэхніках і ўвогуле атрымалі задавальненне ад творчага працэсу і проста выдатна правялі час.

Падчас майстар-класа Віктар Мікалаевіч расказаў аб сваіх творчых пошуках, прадэманстраваў будучым мастакам важкія альбомы са сваімі работамі. Асабліва запомнілася знаёмства з творцам удзельнікам адкрытага мастацкага конкурсу “АРТишок”, калектыў журы якога ён узначальваў.

У пленэры прымалі ўдзел тры дзясяткі вучняў школы мастацтваў. З мальбертамі і планшэтамі яны размясціліся ля руін замка Сапегаў і адноўленай прыгажуняй — паўночнай вежай, дзе на працягу некалькіх гадзін рабілі замалёўкі. Кожны выбраў найбольш зручную і цікавую, на яго погляд, пазіцыю. Пленэрны малюнак мастакі выконвалі ў розных тэхніках і стылях. Ніхто не абмяжоўваў іх ні ў выбары тэхнікі, ні матэрыялу. Да сваіх вучняў далучыліся і настаўнікі школы мастацтваў Наталля Буткевіч, Вольга Сакалоўская і Кацярына Юсціневіч.

Дзяўчынкам і хлопчыкам удалося не толькі папрактыкавацца ў майстэрстве, але і наведаць экскурсію па залах Гальшанскага замка, якую для іх правяла дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Анастасія Навіцкая. Трапны аповед канчаткова дапамог вучням школы мастацтваў вызначыцца з вобразамі і ракурсам.

Упэўнены рух пэндзля — і белы аркуш “ажываў”, напаўняўся новымі вобразамі і яркімі фарбамі. Гледзячы на замалёўкі і скончаныя работы, здзіўляешся, як па-рознаму дзеці змаглі адлюстраваць прыгажосць і веліч былой рэзідэнцыі Сапег, яе таямнічую атмасферу і хараство. Канешне, работы пленэраўцаў атрымаліся вельмі цікавымі, але адзінае, чаго ім не хапіла – гэта час, бо кожнаму з іх больш за ўсё хацелася, каб творчасць ніколі не спынялася.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *