Праект «Бацькаўшчына»: Ашмяншчына ўчора і сёння. Аўтобусны рух

Культура

Аб гісторыі ўзнікнення аўтобуснага руху на Ашмяншчыне расказваецца ў кніге “Памяць”. Менавіта дарожнае будаўніцтва стала адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці мясцовых улад пасля Першай сусветнай вайны. Літаральна за шэсць гадоў – з 1920 па 1926 год — у планавым парадку ў Ашмянскім павеце была створана сетка аўтадарог, што вырашыла пытанне “злучэння аўтобуснымі маршрутамі Ашмян з чыгуначнай станцыяй Ашмяны, Вільняй, некаторымі гміннымі цэнтрамі”.

Першапачаткова перавозкі пасажыраў былі нерэгулярнымі, а аўтобусы былі рознага тыпу і розных фірм, з мінімумам камфортных умоў, таму што належылі не адной арганізацыі – уласнікамі былі мясцовыя прадпрымальнікі ці дробныя віленскія суполкі.

Так, ужо ў 1929 годзе праз Ашмяны з Вільні праходзіў транспарт на Івянец, Вілейку, Смаргонь, Крэва, Радашковічы. Існавала і некалькі прамых аўтобусаў.  А ў 1931 годзе віленскі муніцыпалітэт падпісвае дамову з акцыянерным таварыствам “Арбон” з мэтай перадачы ўсіх аўтобусаў гэтай фірме. На рынак пасажырскіх перавозак прыходзіць са Швейцарыі сусветна вядомая заходнееўрапейская аўтамабільная кампанія “Заўрэр” з горада Арбон.

Паступова на вуліцах Ашмян гараджане пачынаюць заўважаць аўтобусы фірмы “Арбон” – гэты транспарт пачынае заваёўваць рынак перавозак. Кампанія “Арбон” функцыянавала да пачатку Другой сусветнай вайны, а ў пасляваенныя часы, калі рэгулярны рух аднавіўся, дарэчы, паняцце “арбон” пачалі прымяняць да аўтобусаў любой фірмы.

Інга ГІЗ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *