Што на кніжнай паліцы філолага?

Культура

У нашай чытацкай рубрыцы ашмянцы розных узростаў і прафесій расказваюць пра свае літаратурныя густы.

Пра кнігі беларускіх аўтараў на роднай мове мы вырашылі пагутарыць з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вікторыяй Акінчай. Дзяўчына расказала нам пра свае любімыя выданні пра каханне, цікавую дзіцячую літаратуру, творы любімых аўтараў, паэзію, якая захапляе, і традыцыйна – пра кнігу, якая першай успамінаецца пры адказе на пытанне “Што пачытаць?”.

Любімая кніга пра каханне – рамантычная аповесць майго любімага аўтара Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. Галоўныя героі, вучоныя Севярын і Гражына, абодва родам з паўночна-заходняй Беларусі, але знаёмяцца ў далёкім Прыморскім краі. Асноўныя падзеі адбываюцца ў запаведніку Тыгравая падзь, куды героі адпраўляюцца ў экспедыцыю. Там расце дзівоснае дрэва чазенія, якое сімвалізуе каханне, што ўзнікла паміж маладымі людзьмі. Складваецца так, што ў канцы твора іх шляхі разыходзяцца. Але аўтар пакідае фінал адкрытым, дае магчымасць чытачу самому завяршыць гісторыю. І асабіста я гэтаму вельмі рада, бо лічу, што сапраўднае каханне можа перамагчы ўсё, як і прыгожае дрэва чазенія можа прарасці там, дзе нішто болей не расце.

Што тычыцца дзіцячай літаратуры, то тут я, на жаль, не спецыяліст, але пакрысе пачынаю цікавіцца гэтым пытаннем, бо хачу, каб мае дзеці чулі беларускую мову змалку. І вось не так даўно сутыкнулася з кнігай маладой аўтаркі Надзі Букі “Бася і Піглас”. Варта адзначыць тое, што Надзея не толькі напісала казку, але і стала ілюстратарам да ўласнай кнігі. Сучасным дзецям, у якіх добра развіта кліпавае мысленне, асабліва важна, каб кніга была з малюнкамі. Ды і дарослым гэта таксама падабаецца, бо ўсе мы ў душы – дзеці. А сама казка вучыць дзетак памятаць пра сямейныя каштоўнасці, умець бачыць цуды вакол сябе, у звычайных будзённых рэчах.

Як я ўжо адзначала вышэй, мой любімы аўтар – Уладзімір Караткевіч. А любімая кніга Уладзіміра Сямёнавіча – раман “Нельга забыць” (першапачатковая назва “Леаніды не вернуцца да Зямлі”). Падзеі, апісаныя ў ім, адбываюцца ў 1950-х гадах. На жаль, канцоўка ў гэтым рамане трагічная. Але чытач становіцца сведкам узнікнення вялікага кахання, якое павінна было нарадзіцца яшчэ 100 год назад. Дзвюм страчаным душам было наканавана сустрэцца – гэта як своеасаблівы генетычны код, схаваны ў чалавечым ДНК. Гэты раман пра тое, што каханне можа выратаваць чалавека, вярнуць яго да жыцця, умацаваць веру ў сябе.

Паэзія – аснова ўсёй літаратуры. Напэўна, многія з нас хоць раз у жыцці спрабавалі скласці некалькі рыфмаваных радкоў. У кагосьці атрымоўвалася добра, а ў кагосьці, як і ў мяне, — не. Таму я шчыра захапляюся людзьмі, якія могуць пісаць вершы. Але мне самой больш падабаецца вучыць іх на памяць. Не магу сказаць, што мне падабаюцца вершы на нейкую пэўную тэматыку. Не. Я люблю разнастайнасць. Тое ж самае і з аўтарамі. Так, ёсць аўтары, якім ты аддаеш перавагу, бо табе знаёмы іх стыль, ты згодны з іх поглядамі, але верш  у першую чаргу павінен крануць пэўныя фібры душы. У маёй душы назаўсёды застаўся верш Пімена Панчанкі “Той дзень прапаў і страчаны навекі…”. Можна сказаць – гэта мой дэвіз па жыцці. Побач з гэтым вершам  стаіць верш Уладзіміра Караткевіча “Дзе мой край?” — своеасаблівы гімн-клятва Беларусі, беларусам, беларускай мове. Яшчэ я вельмі люблю байкі Кандрата Крапівы. Напэўна, усе мы памятаем іх са школы. Не магу не адзначыць паэзію Максіма Багдановіча і яго адзіны зборнік “Вянок”, у якім кожны верш, бы песня. Дзякуючы паэту ў нашай літаратуры з’явілася вялікая колькасць відаў вершаў: трыялеты, санеты, актавы і інш. Багдановіч пісаў і пра каханне, і пра сяброўства, і пра мову, і пра паэзію, і пра прыроду, і пра міфічных істот, у якіх верылі нашы продкі.

Як вядома, паэты – заўсёды закаханыя людзі. Таму і інтымная лірыка шырока прадстаўлена ў творчасці многіх аўтараў. Асабіста мне падабаюцца вершы Аркадзя Куляшова “Бывай…”, Пятруся Броўкі “Пахне чабор”, Максіма Багдановіча “Вераніка”, “Зорка Венера”, Ніны Мацяш “Я не кахаю Вас, я Вас люблю…”, Рыгора Барадуліна “Світанняў я з табой не сустракаў…”. Паэзіяй апошняга я ўвогуле захапляюся і нізка схіляюся перад ім. Напэўна, многім знаёмыя яго вершы “Бацьку”, “Трэба дома бываць часцей” яшчэ са школы. Гэты паэт быў не толькі шчырым беларусам, але і адданым сынам. Сваёй маці ён прысвяціў вялікую колькасць вершаў. А таксама Рыгор Барадулін быў веруючым чалавекам. Ён склаў зборнік вершаў “Ксты”, за які пасля быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію.

Я лічу, пра беларускіх паэтаў можна гаварыць вельмі многа. Але лепш чытаць, а не гаварыць. Бо пакуль чытаюцца творы аўтара, ён застаецца жыць.

Што пачытаць?.. Аматарам жанру фэнтэзі магу параіць прачытаць раман Аляксея Шэйна “Сем камянёў”. Гэты твор пра прыгоды і цуды, пра каханне, вернасць і шчырасць. Галоўнаму герою неабходна прайсці праз вялікую колькасць перашкод, праявіць кемлівасць і дасціпнасць, каб перамагчы зло. Гэты твор са шчаслівым канцом настройвае на пазітыў і веру ў дабрыню. На маю думку, гэта кніга можа спадабацца як даросламу чытачу, так і падлетку. У дадатак можна будзе запомніць беларускія назвы каштоўных камянёў.

Інга ГІЗ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *