Велікодныя вячоркі прайшлі ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН

Культура

 

У кожнай сям’і свята Вялікадня асаблівае. Нашы бабулі перадалі нам у спадчыну мноства пасхальных традыцый і звычаяў. Немагчыма не адчуць атмасферу радасці і весялосці, калі ўсе, ад малога да вялікага, збіраюцца на святочным набажэнстве, а затым паведамляюць адзін аднаму, што адбыўся вялікі цуд: “Хрыстос уваскрос!”. Пасля імшы кожная сям’я збіраецца за ўрачыстым сняданнем вакол па-святочнаму накрытага стала, аздобленага зялёнымі сцяблінкамі раслін, парасткамі пшаніцы, якія сімвалізуюць новае жыццё. Сняданне пачынаецца з малітвы і дзялення асвячоным яйкам…

Цёплая ад шчырых усмешак наведвальнікаў атмасфера панавала і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Паміж святамі двух канфесій – каталікоў і праваслаўных — яны сабраліся на велікодныя вячоркі. Разам з супрацоўнікамі аддзялення пажылыя людзі расказвалі аб традыцыях, якія шануюць у іх сем’ях.

Гаспадыні дзяліліся рэцэптамі велікодных пірагоў і іншых страў святочнага стала, сакрэтамі афарбоўкі пасхальных яек, расказвалі пра гульні ў біткі і валачобных традыцыях. Наведвальнікі аддзялення з радасцю выконвалі народныя песні, кружыліся ў карагодах, удзельнічалі ў пасхальных гульнях і забавах.

У Вялікдзень заўсёды светла і ясна ад усмешак родных, якія раздзяляюць святочную ўрачыстасць. Нездарма прысутным прыйшоўся даспадобы спектакль Дзіяны Купрыянюк «Бабка Праска і Анёл», які даў магчымасць задумацца аб сваім жыцці, аб адносінах з роднымі і блізкімі. Гучнымі апладысментамі сустракалі на імправізаванай сцэне Галіну Казакевіч (Бабка) і Людмілу Барабанаву (Анёл).

Пасля цудоўнага мерапрыемства наведвальнікі аддзялення сабраліся за сталом з гарачым чаем і велікоднымі прысмакамі ашмянскіх гаспадынь, каб раздзяліць вялікі цуд уваскрасення Езуса.

Кацярына РУДЗІК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *