Тыдзень пачатковых класаў прайшоў у Гальшанскай школе

Образование

 

Штогод значнай падзеяй для вучняў і настаўнікаў пачатковых класаў Гальшанскай сярэдняй школы з’яўляецца правядзенне тыдня пачатковай школы. У Год гістарычнай памяці быў рэалізаваны праект “Гістарычная памяць – светлая будучыня!”.

Адкрыла тыдзень пачатковай школы святочная лінейка і незвычайны флэшмоб “Ганаруся табой, Беларусь!”. У гэты ж дзень прайшла конкурсная праграма “Пішам па беларуску” і віктарына “Падарожжа па беларускіх казках”.

Падчас працы блока “Дзяцінства, апаленае вайной” навучэнцы пабывалі ў відэасалоне на дэманстрацыі фільмаў пра дзяцей вайны, а аб гераізме піянераў вучні даведаліся на ўроках пазакласнага чытання.

Сваю сілу і моц вучні 1 і 2 класа паказалі ў спартландыі “Калі мы адзіныя – мы не пераможныя!”, якую арганізавала настаўнік фізічнай культуры і здароўя Зоя Гусева. Калажы “Мы — за мір!” дэманстравалі вучні 3 і 4-х класаў напрыканцы гэтага дня.

Вельмі цікава і захапляльна прайшла інтэрактыўная гульня “Ці лёгка быць салдатам?”, якую правяла з вучнямі педагог-арганізатар Таццяна Траццяк. Спадабаўся хлопчыкам і дзяўчынкам конкурс па запуску папяровых самалёцікаў і конкурс малюнкаў “Наша армія – наш гонар!”.

У чацвёрты дзень тыдня першакласнікі адправіліся ў школьны музей, дзе іх чакаў аповед пра абутак нашых продкаў. А пасля загадчыца музея Яніна Іванаўна Корзун правяла інтэрактыўную гульню “Эх, лапці мае…”.

Вучні другога класа прынялі ўдзел ў конкурсе малюнкаў “Беларускае нацыянальнае адзенне”. А для вучняў 3-4-х класаў быў прапанаваны конкурс аплікацый “І тчэ забыўшыся рука…”

Зранку ў гэты дзень была арганізавана выстава “Бабуліна спадчына”. Вучні загадзя прыносілі ручнікі, посцілкі, сурвэткі і іншыя рэчы сваіх бабуль і прабабуль. Усіх уразілі тканыя посцілкі, якія прынесла вучаніца 3 класа Сафія Кулак – іх было больш за дваццаць. Гэта рэчы, якія атрымала ў пасаг яе бабуля, былая настаўніца нашай школы Яніна Адольфаўна Кулак. Палюбавацца прыгажосцю, майстэрствам і уменнем бабуль і прабабуль нашых пачаткоўцаў прыходзілі і старэйшыя вучні, і работнікі школы.

Апошнім мерапрыемствам у гэты дзень стаў конкурс чытальнікаў вершаў “Ганаруся табой, Беларусь!”. У заключны дзень вучні пазнаёміліся з беларускімі абрадамі і звычаямі.

Наш праект быў рэалізаваны дзякуючы творчасці, актыўнасці, крэатыўнасці не толькі пачаткоўцаў, іх бацькоў, але і педагогаў, надзейных памочнікаў і сяброў – Жанны Кавалёнак, Вольгі Рагінскай, Святланы Андрэевай і Людмілы Захаржэўскай.

Людміла ЗАХАРЖЭЎСКАЯ, кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання пачатковых класаў.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *