Сэнс жыцця – у працы. Леанарда Цімашок

Культура

 

Пра чалавека могуць расказаць не толькі ён сам і людзі, з якімі ён жыве, працуе, сустракаецца штодня…Трапна яго ахарактарызуюць звычкі і жэсты, прадметы побыту, рабочае месца і дом, у якім ён жыве. Нават яго маўчанне, засяроджанае і зацятае, глыбокія і праніклівыя вочы і натруджаныя рукі раскажуць куды больш, чым бясконцы аповед пра жыццёвыя пуцявіны і скрыжаванні лёсу.

Жыхарцы Ашмян Леанардзе Віктараўне Цімашок — дзевяноста два гады, але гэта па пашпарце! Па энергічных рухах жвавай нявялічкай жанчыны з вялікім сэрцам ніколі і не скажаш, што ўзрост яе падбіраецца пад салідны рубеж!

У яе ўтульным двары, што на вуліцы Кальцавой, чысціня і парадак. Тут усё на сваім месцы: падмецена, падгрэбена, падфарбавана. Нават невялічкая клумба ля веранды ўжо падварушана, а цяпліца гатова да высадкі расады, якая радуе гаспадыню дружнымі ўсходамі на падваконні.

— У мінулым годзе столькі памідораў нарасло, што не ведала куды падзець, — расказвае клапатлівая гаспадыня і ўсміхаецца куточкамі светлых вачэй, апярэджваючы наша пытанне пра зялёныя расліны ў скрынках.

Думаецца, што многім, і не аднойчы, хацелася запытацца ў яе: “Навошта табе ўсё гэта — у тваім узросце? Ці не пражывеш ты без цяпліцы ці сотак ля хаты? Усё ж гэта трэба абрабляць, палоць, даглядаць, а ты ж адна?!” Але калі ўсё гэта ў нашай гераіні забраць, то жыццё страціць сэнс, бо толькі праца дае ёй адчуванне ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Як бы ні дзіўна гэта гучала, але работа замяняе ёй лекі, дорыць станоўчыя эмоцыі і адганяе дрэнныя думкі.

За плячыма ў Леанарды Віктараўны цяжкое жыццё, пры ўспамінах аб якім вочы адразу засцілаюць слёзы. Дзяўчынцы яшчэ не было і дванаццаці, калі пачалася вайна. Ваенннае ліхалецце забрала бацьку і пазбавіла сям’ю жылля, а дзяцей — дзяцінства. З Замасцян маці з трыма малымі — Лёдзяй, Чаславам і Ядзвігай, — са скарбам, які можна было ўзяць у рукі, накіравалася разам з аднавяскоўцамі на хутар, што быў за тры кіламетры ад вёскі, амаль у лесе. Так было бяспечней, аднак балела матчына сэрца, калі пакідала гаспадарку: карову і курэй, нажытую гадамі сціплую маёмасць. Ежа за некалькі дзён скончылася, а ў гумне, дзе размясціліся ўцекачы, было зімна. Як ні спрабавала маці “захутаць” дзяцей у сена, холад прабіраў да касцей. Зімой гаспадар хутара пускаў малых пагрэцца ў хату, але гэта было нячаста. За такую праяву міласэрнасці трэба было адрабіць, гэтак жа, як і за кусок хлеба ці кубак малака, якое перападала жабракам і лічылася найвялікшым ласункам.

Толькі пасля вызвалення ў 1944 годзе войскамі Чырвонай Арміі нашага раёна людзі змаглі вярнуцца ў сваё жытло. На жаль, многія хаты і хлявы былі знішчаны і разрабаваны. Па ўспамінах Леанарды Віктараўны, у Замасцянах згарэлі чатыры хаты і некалькі хлявоў.

Пасляваеннае мірнае жыццё было не менш складаным, чым ваеннае. Зямля, занядбаная за некалькі год, прасіла гаспадарскай рукі. Мужчын у вёсцы амаль не было, і ўся работа клалася на жаночыя і дзіцячыя плечы. Адзінаццацігадовы Чэсь Дзінгілевіч, брат Лёдзі, запрагаўся ў барану, але сіл не хапала. Калі маці прыносіла сыну полудзень у поле, магла застаць яго заснуўшым на баране. На тое, што хлопчык спіць, яна ніколі не крычала, вядома ж – дзіця!

Летам мясцовым жыхарам дапамагаў лес. Яго дары — грыбы і ягады — збіралі ўсёй сям’ёй. Адну частку пакідалі сабе, а другую неслі мясцоваму яўрэю ў Жупраны: абменьвалі лясныя дары на прадукты ці прадметы побыту альбо разлічваліся за тое, што ён на жорнах малоў вяскоўцам зерне на муку.

— Яўрэй той быў неблагі, — успамінае Леанарда Віктараўна. — На Вялікдзень ён частаваў малых ласункамі, а таксама прасіў, каб мы прынеслі торбачкі і насыпаў мукі ці якіх-небудзь круп. Для нас, голых і босых вясковых дзяцей, гэта было тады найвялікшай шчодрасцю.

Пасля вайны ў Жупранах аднавіла сваю работу школа, аднак многія дзеці не пайшлі вучыцца – не было чаго апрануць і абуць. Зімой малыя вымушаны былі сядзець на печы. За шчасце было атрымаць грубыя драўляныя чаравікі — абшытыя тканінай з шыняля выдзеўбленыя падэшвы.

Летам дзеці разам з бацькамі ішлі працаваць у калгас, а таксама рабілі ўсю работу па гаспадарцы дома. Каб атрымаць ільняную кашульку, лён трэба было спачатку вырасціць, вырваць, прасушыць, страпаць і змяць, расчасаць, спрасці. Пасля чаго аснаваць кросны і саткаць палатно. Гледзячы на сваіх бацькоў, дзеці з маленства ўмелі спраўляцца з любой такой работай.

Ва ўсім магла замяніць маці і старэйшая ў сям’і Леанарда. Не цуралася яна і мужчынскай работы, бо не было на чые плечы перакласці гэты груз. Аднаго разу, калі яна накіравалася ў горад здаваць у арганізацыю па нарыхтоўцы жывёлы (“Заготскот”) хатняга кабанчыка, сустрэлася там з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Міхаілам Рыгоравічам Цімашком.

Сёлета ў красавіку Міхаілу Рыгоравічу споўнілася б сто год. Ва ўзаемнай павазе пражылі яны сваё ціхае сямейнае жыццё, цанілі і любілі адно аднаго, клапаціліся і бераглі.

Міхаіл Рыгоравіч працаваў спачатку фінагентам, затым галоўным бухгалтарам у нарыхтоўчай арганізацыі ў Міхалконях, на мясакамбінаце, у Ашмянскай раённнай бальніцы. А Леанарда Віктараўна сваё працоўнае жыццё аддала мясакамбінату, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Яе стаж складае больш за 40 гадоў.

На працу яе прымала тады яшчэ майстар каўбаснага цэха Тамара Філіповіч, якая, паглядзеўшы на Леанарду, адразу ж сказала: “Гэта жанчына працаваць будзе”. За змену яна жылавала больш за тону мяса, ставіла пяцідзесяцікілаграмовы чан на вагі, перамешвала спецыяльным вяслом мяса, раскладвала яго ў васемнаццацікілаграмовыя блокі і падымала іх на вышыню — каб была цыркуляцыя паветра. А затым трэба было нанасіць вады і ўсю гэту тару вымыць, прыбраць бытавыя памяшканні. Пасля далучэння Ашмянскага мясакамбіната да Лідскага Леанарда Віктараўна перайшла працаваць работнікам бытавых памяшканняў. У гэты час былі пабудаваны вялікія цяпліцы, дзе Цімашок вырошчвала агуркі і памідоры, а паралельна збірала і насіла ў пральню ў вялікіх валізах спецвопратку, цыравала яе і падшывала. Калі на мясакамбінат прыязджалі праверкі, Леанарда Віктараўна тут жа праяўляла ініцыятыву і старанна шыла розныя фіраначкі на вокны ў цахах. Калі трэба было выступаць з канцэртам заводскаму хору, усе сцэнічныя касцюмы былі падагнаны Леанардай Віктараўнай па фігуры артыстаў.

Нават калі ўся работа была пароблена, яна не магла ўседзець на месцы: па сваёй ініцыятыве разбівала на тэрыторыі завода клумбы, садзіла кветкі. А яшчэ яна паспявала зварыць работнікам абед у сталоўцы, выйсці разам з калектывам на добраўпарадкаванне горада (паміж арганізацыямі ў свой час на пастаяннай аснове размяркоўвалі ўчасткі), а пасля яшчэ і дома давесці ўсё да бляску, дапамагчы мужу ў пчалярскай справе: рабіла з вашчыны рамкі.

Пасля таго, як старанная і адказная Цімашок пайшла на пенсію, хто б ні прыходзіў на яе месца, з такімі “аб’ёмамі” нават і блізка не мог справіцца.

Сваю энергію заслужаная пенсіянерка не страціла з гадамі: усё гэтак жа актыўна завіхаецца ў цяпліцы і на градах, дзеліцца з пляменнікам сакрэтамі пчалярства, трымае дом у ідэальным парадку і заўсёды з удзячнасцю ўспамінае былых калег і завод, які стаў для яе родным. Сваіх дзяцей у жанчыны няма, толькі пляменнікі, таму з радасцю падтрымлівае ўзаемаадносіны з калегамі, з якімі разам дбалі пра дабрабыт мясакамбіната.

Нядаўна ў жанчыны паваліўся ад ветру плот і ўпаў казырок веранды, ды так, што нельга было зачыніць уваходныя дзверы. Перасіліўшы сябе, Цімашок патэлефанавала Тамары Уладзіміраўне Філіповіч, былому свайму дырэктару і дарадцу, бо, разгубіўшыся, нават не ведала, куды звярнуцца: разам з сацыяльным работнікам яна спрабавала падняць агароджу, але нічога не атрымалася. Ужо праз некалькі гадзін па распараджэнні маладога дырэктара Юрыя Драмлюка да жанчыны прыехалі майстар рамонтна-будаўнічай брыгады Станіслаў Вішнеўскі і сталяр Віктар Шукяловіч. Расказваючы аб гэтым, пенсіянерка плакала і не знаходзіла неабходных слоў, каб выказаць сваю ўдзячнасць усім добрым і спагадлівым людзям, якія трапляюцца ёй на жыццёвым шляху.

— Напярэдадні светлага свята Вялікадня хачу пажадаць дырэктару завода Юрыю Аляксандравічу Драмлюку і ўсім маім памочнікам разам з Тамарай Уладзіміраўнай Філіповіч дабрыні і шчасця. Няхай Бог аберагае іх ад бяды і нягод і на нашай планеце ніколі не будзе вайны.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва Леанарды Цімашок.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *