Вучаніца СШ № 3 г. Ашмяны стала прызёрам рэспубліканскай алімпіяды

Образование

 

Вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 3 г. Ашмяны Елізавета Лабачэўская – сярод прызёраў  заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”

 З карысцю для сябе, школы, раёна і вобласці выкарыстала час вясновых канікул вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 3 г. Ашмяны Елізавета Лабачэўская. Гэты тыдзень яна правяла ў Мінску, дзе ўдзельнічала ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Ды не проста ўдзельнічала, а стала прызерам, атрымаўшы дыплом 2 ступені. Трэба дадаць, што дзяўчынка спаборнічала не са сваімі аднагодкамі, а выступала нараўне са старэйшымі вучнямі за 9 клас. Таму яе перамога атрымлівае яшчэ большую вагу.

Елізавета — паспяховая вучаніца, не першы год з’яўляецца ўдзельніцай раённых алімпіяд па розных прадметах. І гуманітарныя, і даклыдныя навукі даюцца ёй аднолькава. Але беларускую мову і літаратуру яна вылучыла для сябе яшчэ ў пятым класе, калі гэтыя прадметы стала выкладаць маладая настаўніца Вікторыя Іванаўна Акінча. Як часта бывае, спачатку зацікавіла асоба педагога, а пасля і прадмет. Дзякуючы Вікторыі Іванаўне дзяўчынка адчула прыгажосць роднай мовы, пачала глыбей цікавіцца творчасцю беларускіх пісьменнікаў, стала наведваць факультатыў па беларускай мове. А ў гэтым навучальным годзе займалася ў любую вольную хвіліну. Пасля перамогі ў абласным этапе алімпіяды і весткі, што яна ўвайшла ў каманду Гродзенскай вобласці і будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім этапе, Ліза атрымала магчымасць свабодна наведваць заняткі ў школе. Яна не стала злоўжываць гэтым, але некаторымі прадметамі, напрыклад, фізічнай культурай, ахвяравала, займаючыся ў гэты час любімай мовай.

Елізавета Лабачэўская і настаўніца Вікторыя Іванаўна Акінча

Дзяўчыне актыўна дапамагала ў падрыхтоўцы і Святлана Уладзіміраўна Лабачэўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, педагог-трэнер і мама. Яна падкрэслівае, што выбар на карысць беларускай мовы дзяўчына зрабіла самастойна. Дачку не трэба падштурхоўваць – яна сама зацікаўлена і заўзята займаецца. Адна з рыс характару дзяўчыны – настойлівасць у дасягненні мэты і жаданне да дробязей зразумець і разабрацца ў любым пытанні. Яна сама шукае інфармацыю, знаходзіць незразумелыя пытанні і звяртаецца да настаўнікаў за дапамогай. Вікторыя Іванаўна Акінча прызнаецца, што часам пытанні бываюць складанымі нават для яе, але зацікаўленасць вучаніцы надае і настаўніцы жадання рухацца ўперад.

Урокі літаратуры падабаюцца мне больш – на іх можна разважаць і выказваць сваё меркаванне. І калі умець яго абгрунтаваць, то кожнае – правільнае. Мова патрабуе большай засяроджанасці на вывучэнні правіл, у ёй менш прасторы для творчасці. Але і там сустракаюцца цікавыя выпадкі, якія патрабуюць грунтоўнага аналізу, — расказвае Елізавета.

На рэспубліканскім этапе алімпіяды дзяўчыне давялося спаборнічаць з 34 самымі моцнымі дзевяцікласнікамі краіны. Але пра тое, што гэта спаборніцтва, яна наогул не думала. Проста старалася максімальна выкарыстаць свае веды і паглыбіцца ў выкананне заданняў. На напісанне водгуку давалася чатыры гадзіны. Гэтага часу ледзь хапіла Елізавеце. І яна была ўдзячна лёсу, што для аналізу быў прапанаваны верш. Пісаць водгук на вершаваныя творы дзяўчыну вучыла настаўніца і паэтка Марта Іванаўна Багдановіч. Не выклікалі цяжкасцей ні комплексная работа па мове, ні творчае заданне, ні крыжаванка па творчасці Я. Коласа і Я. Купалы, ні пераклад. Нягледзячы на прызавое месца, Елізавета не самазаспакоілася. Калі камісія дала магчымасць прагледзець работы, яна ўважліва прааналізавала памылкі і ўжо ведае, над чым працаваць далей. Сваё прафесійнае жыццё Ліза хоча звязаць з беларускай мовай, і ўпэўнена, што ў яе атрымаецца.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *