У Гальшанах прайшло пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сям’я”

Культура

 

У сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны прайшло пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сям’я” на тэму “Духоўныя традыцыі сям’і”. У чытальнай зале сабралася ажно чатыры пакаленні — чатырнаццаць прадстаўнікоў вялікай і дружнай сям’і Ласёнак. Супрацоўнікі бібліятэкі Таццяна Іванова і Аліна Грынчук, пробашч касцёла Святога Яна Хрысціцеля ксёндз Багуслаў і запрошаныя госці на працягу некалькіх гадзін разважалі аб духоўных традыцыях, якія з’яўляюцца падмуркам сям’і Ласёнак і  перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Гісторыі сямі сем’яў, якія прыйшлі на сустрэчу, аб’яднала цудоўная жанчына – маці, бабуля і прабабуля Крысціна Іосіфаўна Ласёнак. Гледзячы на яе дзяцей — Івана, Таццяну і Галіну, — нявестку Ганну, унука Дзмітрыя і яго жонку Марыну, унучак Святлану і Кацярыну і іх дзетак, з упэўненасцю можна сказаць, што ўсе яны ўжо ведаюць таямніцы сапраўднага сямейнага шчасця. Насамрэч таямніцы гэтыя простыя – у іх дамах валадарыць каханне, пануюць узаемаразуменне і падтрымка ў розных жыццёвых сітуацыях.

І бацькі, і дзеці расказалі аб тым, як па маленькай цаглінцы яны закладвалі падмурак сваёй сям’і, падзяліліся, як з кожным годам яго ўмацоўваюць, каб разам ісці па жыцці.

— Наша сям’я складаецца з пяцідзесяці сямі чалавек, — расказвае Крысціна Іосіфаўна. — Я шчаслівы чалавек, бо разумею, што мае дзеці і ўнукі выраслі сумленнымі і добрымі людзьмі, яны верна служаць Богу, паважаюць сваіх блізкіх. У нашай сям’і заўсёды прытрымліваюцца духоўных каталіцкіх традыцый, мы збіраемся разам на святы і не забываем адзін аднаго.

Цеплыні і любові Таццяне Мечыславаўне і яе дочкам Святлане і Кацярыне хапае не толькі на сваіх дзетак — яны падарылі цяпло тым хлопчыкам і дзяўчынкам, якія засталіся без бацькоўскай апекі. За пятнаццаць гадоў Таццяна Мечыславаўна і яе муж Іосіф Паўлавіч далі квіток у жыццё не толькі сваім дзецям, але і дваццаці тром прыёмным. У доме сямейнага тыпу традыцыі сям’і Міцкевіч працягвае малодшая дачка Кацярына, якая гадуе траіх родных і пяцёра прыёмных дзяцей, а у Гальшанах у сям’і дачкі Святланы ў спагадзе жывуць пяцёра дзетак – трое родных і двое прыёмных, якія таксама паспелі ўжо стаць блізкімі людзьмі.

— Нашай сям’і перадаліся традыцыі ад матулі, — дзеліцца Таццяна Мечыславаўна. – Мы заўсёды наведваем бацькоў і дапамагаем ім, збіраемся разам на свята Божага нараджэння і Вялікдзень, сустракаем Новы год, дружна адзначаем дні нараджэння. Не забываем маліцца за тых, каго няма побач з намі, ходзім у касцёл на імшу.

Перадаліся ад матулі не толькі моцныя традыцыі, але і рознабаковыя таленты. На сустрэчу прадстаўнікі сямей Ласёнак, Міцкевіч, Станевіч, Лакота прынеслі мноства цудоўных і незвычайных вырабаў: вышытых крыжыкам карцін, вязаных рэчаў, малюнкаў на паперы і шкле, вылепленых з пластыліну сувеніраў, вырабаў з паперы і бісеру, жаночых упрыгожванняў і іншых. У кожную рэч яны, несумненна, уклалі станоўчыя эмоцыі і душэўнае цяпло.

Да размовы аб духоўных традыцыях далучыліся Галіна Вярсоцкая, Іван і Ганна, Дзмітрый і Марына Ласёнак. Кожны расказаў аб сваіх сем’ях, аб тым, што іх натхняе на творчасць, і падзяліўся рэцэптам сямейнага шчасця.

Не раз на старонках раённай газеты друкаваліся артыкулы аб поспехах братоў Максіма і Данііла Ласёнак. Аб іх таленце кажуць не толькі дзясяткі ўзнагародаў і прэзідэнцкая стыпендыя, але і незвычайнай прыгажосці карціны, мастацкія вырабы і музычныя выступленні. Падчас сустрэчы Данііл іграў на баяне, падтрымаў яго і Арцём, сын Святланы, а Крысціна Іосіфаўна разам з дачкой Галінай і нявесткай Ганнай выканалі велікодную песню.

Ксёндз Багуслаў таксама далучыўся да размовы, падзякаваў сям’і Ласёнак за шчырасць і адкрытасць, а таксама за дапамогу і падтрымку касцёла. Цікава было паслухаць, як выконваліся хрысціянскія традыцыі і звычаі ў сям’і святара, як ён разам з бацькамі кожную нядзелю хадзіў за пяць кіламетраў у касцёл, як усёй сям’ёй удзельнічалі ў парафіяльным конкурсе, умовай якога было зрабіць самую доўгую вярбу на Вербную нядзелю…

З касцёла ў бібліятэку айцец Багуслаў перадаў батлейку, якую з падтрымкай старшыні КСУП “Гальшаны” Мікалая Праўко адрамантавалі і абнавілі. Першае яскравае прадстаўленне для ўсіх прысутных арганізавалі Аліна Грынчук, Таццяна Іванова і Вера Скадорава.

Акрамя таго, прадстаўнікі сям’і паглядзелі відэаролік аб новых традыцыях, адказалі на пытанні віктарыны і пазнаёміліся з кніжнай выставай, якую падрыхтавалі бібліятэкары. Госці яшчэ доўга не разыходзіліся, а іх радасныя твары і шчырыя ўсмешкі пераконвалі: менавіта так павінна выглядаць сям’я, шчасце якой у тым, што яны крочаць разам.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *